Ян Пятроўскі ў Дзярэчыне прапаведаваў ня толькі Хрыстовавае вучэньне. Ён шукаў падпішчыкаў на беларускія пэрыёдыкі, стварыў у мястэчку суполку Таварыства Беларускае Школы…
Прапаведніку ад Бога, энцыклапэдысту паводле абсягу ведаў, паліглёгу Яну Пятроўскаму бракавала ў мястэчку суразмоўцы, зь якім можна было б пагутарыць на разнастайныя тэмы. Часам ён выбіраўся ў Слонім да Гальяша Леўчыка. Яны плавалі ў чоўне па Шчары, аглядалі гістарычныя камяніцы старога горада, вялі бясконцыя размовы пра беларушчыну…”.
Сапраўды, Ян Пятроўскі шчыра сябраваў з беларускім паэтам, музыкантам, мастаком і калекцыянерам са Слоніма Гальяшом Леўчыкам (Ільёй Міхайлавічам Ляўковічам). Даследуючы творчасць свайго земляка Гальяша Леўчыка, я аднойчы напісаў пісьмо Яну Пятроўскаму у ЗША, каб ён прыслаў успаміны пра вядомага слонімца. Спадар Пятроўскі вельмі ўзрадаваўся майму пісьму са Слоніма. Менавіта Гальяш Леўчык і стаў прычынаю нашага шматгадовага сяброўства. Мы перапісваліся. А ў 1992 годзе Ян Пятроўскі запрасіў мяне да сябе ў госці ў горад Гэйнсвіл штат Фларыда. Тады амерыканская амбасада была яшчэ ў Маскве. І калі я паехаў у белакаменную па візу, супрацоўніца амерыканскага пасольства сказала, што я — патанцыйны эмігрант і візы не адкрыла. Не дапамагло нават тое, што Пятроўскі мне купіў білеты туды і назад, і я іх ужо трымаў у руках.
Ян Пятроўскі ніяк не мог зразумець, чаму амерыканцы не пусцілі мяне ў ЗША. Тады ён пазваніў, а пасля неяк напісаў, каб я ў Слоніме наглядзеў добры дом, які можна было б купіць. Ён хацеў у горадзе над Шчарай адкрыць сваю бібліятэку і архіў, перадаўшы з Амерыкі ўвесь свой літаратурны скарб, а таксама трымаць і фінансаваць невялічкі штат супрацоўнікаў. І каб гэтай бібліятэкаю бясплатна карысталіся ўсе беларусы. Мне такі будынак удалося знайсці, але ажыццявіць планы спадара Пятроўскага не ўдалося. Па-першае, здароўе нашага суайчынніка з кожным днём пагаршалася, тым больш, што ён вельмі перажываў за раптоўную смерць і страту свайго 50-гадовага сына, а таксама любай жонкі Аліцыі. Па-другое, нехта з беларускага пасольства ў ЗША пачаў часта неведваць Пятроўскага і кантраляваць нашу перапіску, таму што многія лісты адзін да аднаго мы ўжо не атрымлівалі.
Цяпер вернемся да Гальяша Леўчыка з якім шчыра сябраваў Ян Пятроўскі. Ян Дзям’янавіч прыслаў мне шмат цікавых, раней невядомых звестак пра майго земляка. Усе пісьмы Яна Пятроўскага захоўваюцца ў маім хатнім архіве. У адным з іх ад 15 кастрычніка 1993 года ён піша: “ У часе мае першае сустрэчы з Гальяшом Леўчыкам, ён пяяў мне пад гітару жартаўлівую песеньку, з якое засталася ў памяці маёй адна страфа, у якой Язэпка расказвае пра сябе:
Цікавыя ўспаміны пра Гальяша Леўчыка пакінуў Ян Пятроўскі ў першым томе сваіх трохтомных “Мэмуараў” (Гэйнсвіл, ЗША, 1988-1996 г.г.). Ёсць там і каштоўныя ўспаміны пра “Дзярэчын — малы Версаль”. Наогул, “Мэмуары” Яна Пятроўскага ахопліваюць усё ХХ стагоддзе, дзе аўтар апісвае і ўспамінае даваенныя Слуцк, Вільню, Варшаву, распавядае пра Антона Луцкевіча, пра беларускае жыццё на эміграцыі, пра гісторыю касцёла метадыстаў, а таксама пра Беларускі Харытатыўна-адукацыйны фонд, які стварылі Ян і Аліцыя Пятроўскія. Гэты фонд шмат зрабіў для развіцця беларускай культуры ў свеце.