Тым ня менш, забарона не была поўная. Вялікі князь і гетман маглі даць адпаведны дазвол, калі на тое будуць «прычыны вялікія і важныя» . Прычыны знаходзіліся.
У 1581-м Сьцяпан Батура атрымаў абразьлівы ліст ад Івана Жахлівага. Наш манарх адказаў выклікам на двубой: «Вазьмі зброю, сядзь на каня, сыдзіся са мной у абраны час, пакажы, які ты муж і як давяраеш праўдзе сваёй. Рассудзім спрэчку мячом, каб меней крыві хрысьціянскай лілося» . Крамлёўскі тыран праўдзе сваёй, відаць, зусім не давяраў, бо не знайшоў мужнасьці даць на выклік хаця б пісьмовы адказ.
Варты гаспадара быў і маскоўскі ваявода Шуйскі, якому ў тым самым годзе ў часе аблогі нашымі войскамі Пскова ўручылі абгрунтаваны выклік на паядынак ад кароннага гетмана Яна Замойскага. На прызначанае месца дуэлі масковец, парушыўшыслова гонару, не зьявіўся.
Ды, нягледзячы на veto, двубоі сярод шляхецкага стану рабіліся ўсё больш пашыраныя. На шаблях альбо пісталетах біліся дэпутаты соймаў і соймікаў. Хапала і тых, для каго бясконцыя дуэлі ператвараліся ў спосаб жыцьця. Сярод іх, напрыклад, князь Багуслаў Радзівіл, які ў маладосьці вандраваў па Эўропе, адзначыўшыся ў некалькіх краінах дзясяткамі двубояў.
Гарадзенскі сойм Рэчы Паспалітай у 1678 годзепрыняў яшчэ адну пастанову пра забарону дуэляў. Ды на яе мала зважалі — пагатоў, увайшлі ў моду паядынкі, прычынамі якіх былі красуні ліцьвінкі ды полькі. Паколькі іхняя прыгажосьць з кожнымвекам адно расьцьвітала, колькасьць дуэляў таксама расла. Ужо ў крыху пазьнейшыя часы прадстаўнікі знакамітых магнацкіх родаў Людвік МіхалПац і Адам Юры Чартарыйскі двойчы выходзілі дабар’еру, каб высьветліць, хто мацней кахае ГаннуСапяжанку.
Наш суайчыньнік расейскі пісьменьнік Фадзей (Тадэвуш) Булгарын, што паходзіў з-пад Узды, пісаў пра тыя часы: «І на вайне, і ў мірныя гады мы шукалі небясьпекі, каб сьцьвердзіць сьмеласьць і зухаватасьць. Баляваць, біцца на шаблях, буяніць — усё гэта было зьместам вайсковага жыцьця. Буянства падлягала пакараньню, але ня пляміла афіцэрскага гонару... Страляліся рэдка, але секліся за любую драбніцу. А пасьля зазвычай было замірэньне, а потым балюшкі й сяброўства» .
Найноўшая гісторыя Беларусі сьведчыць: шматвяковая традыцыя продкаў не зусім канула ў Лету. Гуляе паданьне, што ў сярэдзіне 1980-х пісьменьнік Уладзімер Дамашэвіч, вядомы выступамі ў абарону беларускай мовы, выклікаў на дуэль калегу па літаратурным цэху Івана Чыгрынава.
А мне, паглядзеўшы тутэйшыя тэлеканалы, часам хочацца паслаць выклік цэламу тузіну асобаў, у якіх даўно атрафавалася чалавечая якасьць, што называецца сумленьнем.
«Хрысьціянскі Гарацый» вярнуўся дадому
У гаворцы пра «эўрапейскасьць» Беларусі некаторыя вашы аргумэнты атрымаліся «кульгавымі». Ну і што з таго, што нехта зь беларускіх земляў вучыўся ў заходніх унівэрсытэтах? Сваіх не было, дык і ехалі туды, калі ў бацькі грошы вадзіліся…
Скептык
Сьпярша, спадар скептык, пра тых, каго вы назвалі «некім зь беларускіх земляў» . Калі вам здаецца, што гаворка ідзе пра адзінкавыя выпадкі ці, скажам, пра некалькі дзясяткаў маладзёнаў, дык, перапрашаю, «кульгаць» пачынае ўжо ваша пазыцыя.
Па навуку ўсьлед за сонцам ехалі сотні й тысячыюнакоў-ліцьвінаў. Сярод іх былі арыстакраты, аднак пераважную большасьць складалі дзеці мяшчанаў і шляхты.
Ужо ў часы Альгерда й Вітаўта нашая моладзь здабывала асьвету ўва ўнівэрсытэтах Прагі й Кракава. Мэтрычныя кнігі Карлавай alma mater толькі за ХV — першую палову ХVІ стагодзьдзя захавалі імёны 33 студэнтаў зь Вялікага Княства Літоўскага. Ад 1364 году адлічвае сваю гісторыю Кракаўскі ўнівэрсытэт, які пасьля праведзенай Ягайлам рэформы стаў навучальнай установаю як Польшчы-Кароны, так і Княства. Для «ліцьвінаў» і «русінаў» у Ягелёнскай alma mater дзеяла адмысловая студэнцкая бурса. На працягу Х V —Х V І стагодзьдзяў там вучыліся блізу 500 выхадцаў з нашых земляў, прычым прыкладна палова выпускнікоў атрымала ступень бакаляўра.
Вядома, што адначасова з Францішкам Скарынам у Кракаве авалодвалі навукамі Ян і Павал з Горадні, Станіслаў з Клецку, Вінцэсь з Слуцку, Мікола з Ашмяны, Марка зь Нямігі. Крыху пазьней туды паступіў Георгі з Забалоцьця. (Жлукцячы піва ў тамтэйшых корчмах, ён яшчэ не здагадваўся, што стане аўтарам жамойцкага «Катэхізісу» , які потым Праспэр Мэрымэ згадае ў навэлі «Локіс» , якую ўважліва прачытае, працуючы над фільмам «Масакра» ў вынайдзеным ім жанры бульба-хорар, рэжысэр Андрэй Кудзіненка.)
Магнатэрыя нярэдка пасылала сыноў у старажытныя прэстыжныя ўнівэрсытэты. Перавага аддавалася Італіі, асабліва Балёньні ды Падуі, што былі цэнтрамі рэнэсанснай думкі. Пазьней, у сувязі з пашырэньнем рэфармацыйных ідэяў, большую папулярнасьць набыло навучаньне ў пратэстанцкіх краінах.