Што б там ні было, Паўлаўская рэспубліка дажыла да 1824 году, калі ў Пецярбургу запатрабаваліканчаткова выкараніць крамолу.Карацей, мелі сваю Андору, ды не зьбераглі.
А калі ўявіць, што Паўлаўская рэспубліка праіснавала б да 1994-га? Як бы ёй жылося ў Рэспубліцы Беларусь? Ці выкопвалі б памежныя слупы, ці адбываліся б газавыя ды малочныя войны? Ці шпурлялі б паўлаўцы бутэлькі з «кактэйлямі Молатава» ў амбасаду братняй краіны?
Ад Скарыны да Свабоды
Ня раз чуў, нібыта гісторыя культурных і нават палітычных сувязяў Беларусі з Чэхіяй налічвае шмат вякоў. Ну так, Скарына выдаваў там, у Празе, нашыя першыя кнігі, а потым — дзякаваць Богу, і па-беларуску — адтуль пачало вяшчаць Радыё Свабода. А што істотнае адбывалася паміж дзьвюма гэтымі падзеямі?
Юры Атрахімовіч
Пачну ад часоў, у якія на сьвеце не было яшчэ ні радыё, ні Францішка Скарыны. Праз тры гады пасьля Грунвальду, калі Вялікае Княства Літоўскае здабыло сапраўды вялікую вагу ў эўрапейскім сьвеце, на беларускія землі накіраваўся найбліжэйшы паплечнік Яна Гуса магістар Геранім Праскі. Ён прапаведаваў у Вільні, Віцебску (паводле некаторых зьвестак, і ў Полацку) і выклікаў, як сьведчаць гістарычныя крыніцы, «невядомае раней у гэтым краі хваляваньне сярод сьвятароў і вернікаў» .
Калі ў Чэхіі пачаліся нацыянальна-вызвольныя і ўвадначас рэфармацыйныя гусіцкія войны, Вітаўт атрымаў ад чэхаў прапанову стаць іхным каралём. Пэрспэктыва непазьбежнага ў такім разе вострагаканфлікту з каталіцкім сьветам нашаму манархуне падабалася. Але ён паслаў на дапамогу гусітам5-тысячнае ліцьвінскае войска на чале з пляменьнікам Жыгімонтам Карыбутавічам. Той у 1424 годзена вачах у пражанаў прыняў прычасьце паводлегусіцкага абраду і быў абраны каралём.
Беларусы-ліцьвіны поплеч з чэхамі ваявалі больш за дзесяць гадоў і разграмілі чатыры нямецкія крыжовыя паходы. Нашыя продкі разам з братамі па зброі сьвяткавалі ў 1426 годзе бліскучую перамогу над немцамі пад Усьцем, гінулі праз восем гадоў у трагічнай для гусітаў бітве на Ліпанскім полі... У чэскіх энцыкляпэдыях гэтаму баявому пабрацімству прысьвечаныя цэлыя старонкі, у «Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі» — роўна два радкі.
Напэўна, Прага гасьцінна прыняла Скарыну яшчэ й таму, што памятала, як некалі ліцьвіны працягнулі чэхам руку дапамогі. Будзеце ў чэскай сталіцы — не забудзьцеся наведацца на Градчанах да помніка гуманісту і першадрукару. Калі казаць пра ХХ стагодзьдзе, дык тут імёнаў, падзеяў, дакумэнтаў набярэцца на некалькі манаграфіяў. У Прагу ў 1923-м пераехаў урад Беларускай Народнай Рэспублікі. На тамтэйшых Альшанскіх могілках спачывае прах старшыняў Рады БНР Пётры Крачэўскага (сярод ягонай спадчыны ёсьць, дарэчы, і эсэ «Скарына і незалежнасьць» ) і Васіля Захаркі.
Тамсама пахаваны наш усясьветна вядомы тэнар, доўгія гады саліст праскага Нацыянальнага тэатру Міхал Забэйда-Суміцкі.
У тагачаснай Чэхаславакіі атрымлівалі стыпэндыі й адукацыю сотні заходніх беларусаў. Філязофскі факультэт Карлавага ўнівэрсытэту, да прыкладу, скончыў Вінцэнт Жук-Грышкевіч, будучы старшыня Рады БНР. У кавярнях Старамескай плошчы бываў студэнт філялягічнага аддзяленьня згаданага факультэту Ўладзімер Жылка. У Праскай вышэйшай тэхнічнай школе вучыўся былы камісар Грозаўскага палка слуцкіх паўстанцаў, фундатар выдаванага ў чэскай сталіцы часопісу «Іскры Скарыны» Васіль Русак…
Сярод беларускіх студэнтаў быў Янка Геніюш, муж славутай паэткі. У Празе Геніюшы пражылі потым свае найлепшыя гады. Там, ужо ня ў лепшым 1943-м, выйшла першая кніга спадарыні Ларысы «Ад родных ніў» , дзе не было ні слова пра «вялікага вызваліцеля Эўропы Адольфа Гітлера» .
Жывучы ў Празе, лідэр беларускіх эсэраў, былы народны сакратар земляробства ў першым урадзе БНР Тамаш Грыб пісаў: «Я або прыеду ў Менск як вольны грамадзянін, або застануся на ўсё жыцьцё сваё эмігрантам» . Выпала апошняе. Гэта толькі самае істотнае й вядомае. А колькі за ім хаваецца іншых сюжэтаў і дэталяў — чульлівых, мілых, вусьцішных...
Малады беларускі пісьменьнік зь Дзьвінску-Даўгаўпілсу Віктар Вальтар, стаўшы праскім студэнтам, даведваецца, што хворы на невылечныя тады сухоты. Ён вяртаецца на радзіму і піша раман «Народжаныя пад Сатурнам» , героі якога ходзяць па вуліцах Прагі.
У 1943-м хаваюць Васіля Захарку. Гестапа забараняе выступаць над магілай. Захаркаў пераемнік на пасадзе старшыні Рады БНР, таксама колішні праскі студэнт Мікола Абрамчык насуперак загаду кажа разьвітальнае слова. Прадстаўнік акупацыйных уладаў усчынае скандал. У гэты момант Ларыса Геніюш (якую Захарка нядаўна прызначыў Генэральным сакратаром БНР) траціць прытомнасьць. На руках спадарыню Ларысу выносяць з могілак Васіль Русак і закаханы ў яе Міхал Забэйда-Суміцкі.