Выбрать главу

Незалежна ад свайго набытку шляхта мела надзвычай шырокія вольнасьці, у тым ліку асабістую недатыкальнасьць і магчымасьць вольнага выезду за мяжу. Судзіць шляхціча мог выключна шляхецкі суд. Празь мясцовыя соймікі і агульнадзяржаўны вальны Сойм шляхта ўдзельнічала ў самакіраваньні ў паветах і ваяводзтвах, а таксама ў вызначэньні палітыкі ўсёй краіны. Менавіта шляхта выбірала вялікага князя і судзьдзяў усіх роўняў да найвышэйшага — Трыбуналу Вялікага Княства Літоўскага. Гэта ўрэшце прывяло да стварэньня своеасаблівай шляхецкай рэспублікі.

Шматлікасьць і велізарная роля шляхты ў дзяржаўным жыцьці далі гісторыкам падставы называць яе «палітычным народам» . Гэты народ, жыцьцёвым крэда якога былісловы «Славу — Айчыне, гонар — нікому!» , вызначаў шлях Літвы-Беларусі цягам некалькіх стагодзьдзяў.

Вядома, шляхецкую дэмакратыю ня трэба ідэалізаваць: яна мела і адваротны бок — анархію. Карыстаючыся правам «liberum veto» (вольная забарона), у адпаведнасьці зь якім соймавыя пастановы прымаліся толькі ў выпадку аднадушнага галасаваньня, які-небудзь шляхціч-дэпутат гарлаў: «Veto !» , і рашэньне не праходзіла. Разгляд пытаньняў нярэдка заканчваўся шабельным звонам. Каб дасягнуць патрэбнага аднагалосься, зьбітых апазыцыянэраў выкідалі ў дзьверы, але «Veto!» гучала з вокнаў, а адзін полацкі шляхціч прымудрыўся вярнуцца ў залю паседжаньняў ваяводзкага сойму праз камінны дымаход.

Некаторыя аўтары (а ня толькі «народнае ўяўленьне» ) называюць шляхту былога Вялікага Княства Літоўскага польскай. Гэтаму заўсёды спрыяла ў сваіх мэтах каляніяльная расейская адміністрацыя, а потым яе ідэалягічныя спадкаемцы, што дажылі дасёньня.

Напраўду нашая шляхта, хоць і карысталася ў ХІХ стагодзьдзі польскай мовай, была мясцовага паходжаньня. Яна ніколі не захоплівала гэтай зямлі, а, наадварот, бараніла яе ад ворагаў, паўставала супроць акупантаў, добра ведала беларускую мову і традыцыйную народную культуру. Літва-Беларусь не была тут выняткам. Адыход панавальнага стану ад сваіх каранёў адбываўся і ў іншых краінах. Вярхі нарвэскага грамадзтва засвоілі дацкую культуру, чэскага — нямецкую, а расейскага — францускую. Але, калі насьпелі новыя гістарычныя ўмовы, пачалося вяртаньне эліты да нацыянальных каштоўнасьцяў. Нягледзячы на намаганьні палянізатараў і русіфікатараў наш край усё ж ня стаў ні польскім, ні расейскім.

Паводле звестак перапісу насельніцтва, праведзенагаў Расейскай імпэрыі ў 1897 годзе, 65 тысяч,або каля 50 % дваранаў у беларускіх губэрнях (дзешмат было тады і наежджых) назвалі роднай мовайбеларускую.

А зь якога стану, скажыце, паходзілі Канстанцін Каліноўскі ды астатнія кіраўнікі паўстаньня1863 году?

А нашыя першыя клясыкі й стваральнікі новай беларускай літаратуры Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і Францішак Багушэвіч? А «бацькі» нацыянальнага Адраджэньня й Беларускай Народнай Рэспублікі браты Луцкевічы?..

Каб ня шляхта, мы жылі б у іншай дзяржаве.

Ратуй нас ад сябе самога,«трэці Рым»!

Днямі былі ўсёй сям’ёй у бібліятэцы на сустрэчы з адным зь беларускіх праваслаўных ярархаў. На маё пытаньне, як уладыка ставіцца да вашых кніг, ён сказаў, што не хацеў бы, каб іх чыталі дзеці. Маўляў, дзеці ня могуць крытычна ставіцца да сьцьверджаньняў Арлова пра адвечную варожасьць Расеі да Беларусі. У сапраўднасьці ж, маўляў, расейцы заўсёды прыходзілі на дапамогу братняму народу, баронячы праваслаўных беларусаў-адзінаверцаў ад нацыянальнага і рэлігійнага прыгнёту. Што б вы, хай сабе і завочна, адказалі царкоўнаму апанэнту?

Яраслаў і Вера

Прапанаваў бы ўладыку замест ідэалягічных догмаў зьвярнуцца да гісторыі. Мікалай Карамзін лічыў, што тая «мусіць быць злапомнаю» . Напэўна, расейскі гісторык і пісьменьнік меў на ўвазе ня пошук падставаў для прэтэнзіяў, канфліктаў і войнаў (няхай нават «газавых» ), а хацеў падкрэсьліць важнасьць памяці для вызначэньня, кажучы сучаснай моваю, каардынатаў быцьця народу ў гістарычным часе.

Аднак дачыненьні Масковіі, а затым Расеізь Вялікім Княствам Літоўскім і, пазьней, РэччуПаспалітай цягам стагодзьдзяў вызначаліся якразвойнамі.

Яны пачаліся, ледзьве ўсходнія суседзі пасьпелі вызваліцца ад мангола-татарскага прыгнёту. Масковія ўспадчыла дзяржаўную будову Арды і, па сутнасьці, зрабілася яе адлюстраваньнем. Пра гэта сьведчылі жорсткае адзінаўладзьдзе, сьляпая падначаленасьць «холопов государевых» , чынгісханаўская ідэя панаваньня над усім сьветам. У татараў пазычылі і арганізацыю войска, і тактыку выпаленай зямлі, і нялюдзкія расправы з насельніцтвам сумежных дзяржаваў, што было прадэманстравана ўжо пры зьнішчэньні Ноўгарадзкай рэспублікі. Пасьля захопу туркамі ў 1453 годзе Канстантынопалю Масква заявіла пра свае прэтэнзіі на ролю «трэцяга Рыму» . Іван ІІІ абвясьціў сябе абаронцам праваслаўных Усходняй Эўропы і запатрабаваў ад нашага вялікага князя Казімера Ягайлавіча «Полоцка, Витебска, Смоленска ды иных земель русских» .