Адзначым, што тыя землі ў складзе Масковіі ніколі не былі. А паколькі і быць там аніякай ахвоты ня мелі, усходні сусед распачаў зь Літвой-Беларусьсю першую вайну, якая доўжылася з 1492 да 1494 году. Потым была другая (1500—1503),трэцяя (1507—1508), чацьвертая (1512—1522), пятая(1534—1537)...
Пра тое, як адбывалася «абарона беларусаў-адзінаверцаў ад прыгнёту» , апавядаюць летапісы і хронікі ды безьліч іншых дакумэнтаў. Маскоўскія ваяводы радасна пісалі Васілю ІІІ: «Землю воевали мало не до Вильны, везде огонь пускали, и шкоды чинили и полону на колько десять тысяч взяли» .
А вось паведамленьне летапісца пра подзьвігі князя Андрэя Курбскага пад Віцебскам: «Острог взяли и пожгли, и посады у города все пожгли и наряд в остроге поимали и людей в остроге многих побили и села, и деревни около Витебска пожгли и повоевали» .
Апрача некалькіх касьцёлаў, князь з сваімі галаварэзамі спаліў 24 праваслаўныя храмы і люта расправіўся зь беларускім палонам. Дарэчы, празь некалькі гадоў, зьбегшы ад Івана Жахлівага, ён напіша былому гаспадару, што той «затворил землю русскую, аки в адовой твердыне» . У гэтую «твердыню» крамлёўскія валадары хацелі зачыніць і іншыя землі — дакуль дацягнуцца. Якога вызваленьня можна было чакаць ад такіх суседзяў?
Не выпадкова айчынныя летапісцы, якія таксама належалі да царквы грэцкага абраду, называлі Васіля ІІІ і ягоных спадкаемцаў «ворагамі і супастатамі веры хрысьціянскае, праваслаўнае» . Я нагадаў бы ўладыку, што за «братнюю дапамогу» продкі шчодра аддзячылі ў 1514 годзе пад Воршай, разграміўшы амаль утрая большую за нашыя збройныя сілы 80-тысячную маскоўскую арду. Перамогу над захопнікамі сьвяткавала войска, дзе пераважную бальшыню складалі менавіта праваслаўныя беларусы-ліцьвіны. Гэта было сьведчаньнем іхняга дзяржаўнага патрыятызму.
Ён яскрава выявіўся і тады, калі з захопленага Смаленску ў Вялікае Княства ўцякло 50 баярскіх і шмат мяшчанскіх праваслаўных родаў. Хрэстаматыйныя прыклады «вызваленьня» беларусаў дала чарговая вайна 1558—1582 гадоў, вядомая як Інфлянцкая, а ў расейскай гістарыяграфіі — Лівонская.
Авалодаўшы ў 1563 годзе Полацкам, «государь-батюшка» Іван IV спачатку загадаў выразаць або ўтапіць усіх нешматлікіх жыхароў-каталікоў і юдэяў, а затым узяўся за праваслаўных. Іх абвясьцілі палоннымі і большую частку пагналі зімовымі дарогамі на ўсход. У «Хроніцы Эўрапейскай Сарматыі» , выдадзенай Аляксандрам Гваніні, які быў віцебскім камэндантам, паведамляецца, што маскоўцы вывелі з Полацку 50-тысячны палон. Гісторык і сьведка падзеяў Мацей Стрыйкоўскі, які служыў у войску Княства выведнікам, у сваёй «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» дадае, што праваслаўных палачанаў, у тым ліку жанчын і дзяцей, вялі не па-хрысьціянску, а гналі зімовымі дарогамі, «як юдэяў да Бабілёну» , — злыганых вяроўкамі, абы-як апранутых, і амаль не кармілі. Людзі тысячамі гінулі ў сумётах, і на радзіму амаль ніхто ўжо не вярнуўся.
А потым была самая жудасная ў нашай гісторыі вайна. Не з фашысцкімі акупантамі, як, магчыма, нехта падумаў, а з расейскімі захопнікамі. У сярэдзіне XVII стагодзьдзя тыя спалілі й ператварылі ў руіны дзясяткі гарадоў і мястэчак, амаль цалкам выразалі Амсьціслаў. Заняўшы Вільню, без разбору гвалцілі і каталіцкіх, і праваслаўных манашак. Палонных прадавалі маскоўскім памешчыкам за 3—5 рублёў за чалавека, а таксама адпраўлялі ў Астрахань, дзе беларусаў скуплялі гандляры рабамі з Асманскай імпэрыі. «Навошта столькі крыўды, крадзяжоў і забойстваў, за што ў кожным месцы чуецца плач і ліюцца сьлёзы?» — у роспачы пісаў да царскіх ваяводаў праваслаўны, заўважым, япіскап полацкі і віцебскі Каліст.
Адказам на зьверствы стаў масавы партызанскірух. Найбольш дзейсны адпор ад самага пачаткувайны акупанты атрымлівалі на Смаленшчыне,а таксама ў Прыдзьвіньні і на Магілеўшчыне,дзе партызаны ня раз уступалі ў адкрытыя баіз расейскімі войскамі. 1 лютага 1661 году жыхарыМагілева, ня вытрымаўшы гвалту й бясконцагарабаваньня, сказалі свой дзякуй, выразаўшы ўвесь7-тысячны царскі гарнізон.
У вайне 1654—1667 гадоў Беларусь страціла больш за 50 % насельніцтва, пра што цяпер можна прачытаць ужо ня толькі ў сэнсацыйнай для свайго часу кнізе Генадзя Сагановіча «Невядомая вайна» або ў кнігах Арлова ці Анатоля Тараса, але і ў падручніках гісторыі. Якраз у той дэмаграфічнай, эканамічнай, культурнай катастрофе палягаюць прычыны шмат якіх нашых сучасных праблемаў і няшчасьцяў.