Выбрать главу

Я запытаўся б уладыку, чаму яму так недаспадобы, што беларускія дзеці будуць ведаць гэтыя факты. Можа, таму, што расейскае праваслаўе заўсёды было прыдаткам дзяржаўнай машыны і сэрвільна падтрымлівала яе захопніцкую палітыку? Падчас згаданага вышэй «крывавага патопу» патрыярх Нікан, да прыкладу, склаў з царом Аляксеем Міхайлавічам велічны (і пасьпяхова перавыкананы) плян перасяленьня ў Масковію 300 тысяч беларусаў.

У выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай мара сьвецкіх і царкоўных расейскіх валадароў зьдзейсьнілася: Беларусь была інкарпараваная й ператвораная ў калёнію. Але тут пачынаецца ўжо іншаягісторыя.

Краіна, дзе асьветай кіраваўТарашкевіч

Мы семдзесят гадоў жылі ў БССР і шмат пра гэта можам парасказаць. Цяпер сёе-тое ведаем ужо і пра БНР. У падручніках быў, памятаецца, нейкі падразьдзельчык пра ЛітБел (Літоўска-Беларускую ССР). А пра Сярэднюю Літву падручнікі — ні гу-гу. Чаму тую старонку гісторыі засакрэцілі?

А. Катвіцкі

Папярэджваю, што гэта будзе ня самая смачная частка гістарычнага пірага. Але яе варта пакаштаваць хаця б з тае прычыны, што бальшыня грамадзянаў Беларусі і не падазравае, што на пачатку ХХ стагодзьдзя на беларускіх этнічных землях існавала дзяржава, пра якую ў школьных ды ўнівэрсытэцкіх падручніках за савецкім часам ня згадвалі, каб «не падаграваць незалежніцкіх настрояў» .

Гаворка пойдзе пра тое, як лёс беларусаў суседзі — хіба ўпершыню! — вырашалі без нас саміх. Калі вы ўжо згадалі ЛітБел, варта адзначыць, што ў той, створанай бальшавікамі дзеля палітычных гульняў «дзяржаве» анічога нацыянальна беларускага не было — ні дзяржаўнай мовы, ні пэрыядычных выданьняў, ні прадстаўніцтва ў кіраўнічых органах. Падручнікі сарамліва маўчалі, што ўрад ЛітБелу ня меў у сваім складзе ніводнага беларуса. Усё беларускае, пачынаючы з мовы, лічылася там контрарэвалюцыйным. Але гісторыя марыянэткавага ўтварэньня хутка й бясслаўна скончылася.

Мала вядома, што пазьней Ленін, напалоханы наступальным парывам палякаў, прапаноўваў Пілсудзкаму ўсю тэрыторыю былога ЛітБелу ўзамен на мір. «Начальнік» адроджанай Польскай дзяржавы пайшоў на маўклівае пагадненьне і не падтрымаў наступу Дзянікіна на Маскву. Ён ратаваў бальшавікоў, каб потым падзяліць зь імі Беларусь і Ўкраіну.

Палітычны пасьянс імкліва мяняўся, і неўзабаве ўжо сувэрэнная Літва-Летува зрабілася хаўрусьніцай крамлёўскіх уладароў у змаганьні з палякамі. Прызнаўшы яе незалежнасьць, Масква пагадзілася з прэтэнзіямі літоўцаў на Віленскі край разам з Горадняй, Шчучынам, Лідай, Ашмянамі, Смаргоньню й Браславам. Літоўскаму ўраду была перададзеная захопленая Чырвонай арміяй Вільня. Антанта націснула на Польшчу, і тая ўвосень 1920 году падпісала дамову пра пераход Віленшчыны Літве. Юзаф Пілсудзкі (дарэчы, у маладосьці ў некаторых дакумэнтах ён запісваўся беларусам) ня мог пагадзіцца на страту «малой радзімы» . Варшаўскія дзеячы вырашылі разыграць «беларускую карту» .

Стаўка рабілася на так званыя літоўска-беларускія дывізіі Польскага войска. Яны складаліся пераважна зь беларусаў заходняй часткі краю, дзе захоўваліся моцныя традыцыі ліцьвінскага патрыятызму. Назаўтра ж пасьля падпісаньня польска-літоўскай дамовы супроць яе «ўзбунтавалася» 1-я літоўска-беларуская дывізія. Віленскі, Гарадзенскі, Менскі і Сувалкаўскі палкі адмовіліся падпарадкоўвацца Варшаве. Пілсудзкі так «разгубіўся» , што перадаў «мяцежнікам» яшчэ два палкі — Лідзкі й Ковенскі. На чале «бунту» стаў народжаны ў Ашмянах генэрал Люцыян Жалігоўскі — асоба, бясспрэчна, неардынарная і харызматычная, пра што сьведчаць ужо нават ягоныя здымкі.

Захапіўшы Вільню, генэрал павёў жаўнераў далей, на Коўну. Пры пасярэдніцтве Лігі Нацыяў бакі падпісалі замірэньне, і 12 кастрычніка 1920 году Віленшчына была абвешчаная незалежнай дзяржаваю пад назовам Сярэдняя Літва. У яе склад увайшлі дзевяць паветаў з тэрыторыяй блізу 10 000 км2 і паўмільённым жыхарствам. Паводлеафіцыйных зьвестак, беларусаў тут было 40 %, аленасамрэч — ледзь не ўдвая болей.

Фактычным кіраўніком дзяржавы стаў Жалігоўскі. Ён прыхільна ставіўся да беларусаў (даводзілася сустракаць зьвесткі, што нават папісваў беларускія вершыкі). Гэта забясьпечыла яму падтрымку Рады БНР і адлюстравалася ўва ўладных структурах Сярэдняй Літвы. Беларускім сэктарам дэпартамэнту асьветы загадваў Браніслаў Тарашкевіч, а не апошнюю пасаду «дырэктара аправізацыі» (адказнага за харчовае забесьпячэньне краіны) заняў яшчэ адзін выбітны беларускі дзеяч Вацлаў Іваноўскі.