Выбрать главу

На трэці дзень гэтак званага «вызваленчага па-ходу» часткі Чырвонай арміі ўвайшлі ў колішнюю сталіцу Вялікага Княства. У зводцы савецкага Генштабу за 19 верасьня паведамлялася: «На поўначы — у Заходняй Беларусі — пасьля дзьвюхгадзіннага бою нашы войскі занялі Вільню» .

Цэнтральныя менскія газэты выйшлі пад лёзунгамі: «Вільня — зноў беларуская!» . У савецкіх выданьнях, прычым ня толькі ў БССР, друкавалі артыкулы, дзе даводзіліся гістарычныя правы Беларусі на Вільню і тлумачылася, што Вялікае Княства Літоўскае адвеку было беларускай дзяржавай. 24 верасьня ў актавай зале Віленскай беларускай гімназіі адбылася афіцыйная ўрачыстасьць з нагоды далучэньня Вільні да Беларусі «на векі вякоў» . Пра гэта казалі ў сваіх выступах і Іван Клімаў, які ўзначальваў савецкую адміністрацыю Заходняй Беларусі, і былы прэм’ер ураду БНР Антон Луцкевіч.

Ужо была створаная Віленская вобласьць, і па-чала выходзіць беларускамоўная газэта «Віленская праўда» . На віленскім Лукіскім пляцы адбыўся самы грандыёзны ўва ўсёй Заходняй Беларусі мітынг, дзе прысутнічала 75 тысяч гараджанаў — траціна ўсяго насельніцтва. У рэзалюцыі мітынгу, на якім таксама выступіў Антон Луцкевіч, у духу часу гаварылася, што «працоўныя Вільні галасуюць за ўваходжаньне ў склад БССР» . Поўным ходам ішла падрыхтоўка да выбараў у Народны сход. Энтузіязм віленскіх беларусаў нарадзіў нават чуткі пра перанясеньне зь Менску ў Вільню сталіцы БССР.

Аднак 28 верасьня Масква й Бэрлін удакладнілінамеры, выкладзеныя ў пакце Молатава — Рыбэнтропа, новым сакрэтным пратаколам. Літва,а таксама Вільня зь Віленшчынай перадаваліся

ў сфэру інтарэсаў СССР.За падзеямі ўважліва сачылі ў пакуль незалежнай Літве.

Як доказна піша сучасны амэрыканскі гісторык Тымаці Снайдэр, літоўскі ўрад «разьлічваў, што ў кароткатэрміновай пэрспэктыве нямецкая ўлада будзе горшая за савецкую, у сярэднетэрміновай — што СССР выйдзе пераможцам у будучай вайне зь Нямеччынай, а ў доўгатэрміновай — што калі за Вільню давядзецца заплаціць незалежнасьцю, то лепей мець гэткае пагадненьне з Савецкім Саюзам» .

10 кастрычніка СССР і Літва падпісалі дамову, згодна зь якой Віленшчына пераходзіла Літве. Апошняй былі перададзеныя 7120 квадратных кілямэтраў і 457 тысяч жыхароў. За сваё «дабрадзейства» Масква атрымала права разьмясьціць у Літве савецкія вайсковыя базы.

Віленскі край стаў першай тэрытарыяльнай стратаю Беларусі ў Другой сусьветнай вайне. Калі 28 кастрычніка на вуліцах Вільні зьявіліся літоўскія вайскоўцы з корпусу генэрала Вінцаса Віткаўскаса, яны перажылі сапраўдны шок. Іх ніхто не разумеў. Выхаваныя ў адпаведным духу літоўцы, як занатаваў у дзёньніку адзін зь іхніх афіцэраў, «замест казачнай князёўны ўбачылі вуліцы чужога гораду, дзе размаўлялі на чужой мове» .

Назаўтра, пасьля цырымоніі ўзьняцьця літоўскага сьцяга, Віткаўскас (які пазьней, дарэчы, зрабіў пасьпяховую кар’еру пры савецкай уладзе) прамаўляў у гарадзкім садзе. Ён казаў пра «радасьць літоўскага народу ў сувязі з далучэньнем Вільні» . Літоўскі народ, відавочна, сапраўды радаваўся, а вось сабраная ў садзе нешматлікая публіка напружана ўслухоўвалася ў гукі чужой мовы. Генэрала разумелі толькі ягоныя падначаленыя ды ўведзеная ў горад літоўская паліцыя. Адзін зь відавочцаў-беларусаў потым напіша, што ўсё гэта нагадвала «нейкую апэрэтку» .

Тым ня менш пачыналася новая гісторыіВільні…

Адраджэнец Рудольф Абіхт

Нядаўна вы выступалі на Менскім беларуска-нямецкім форуме. Напэўна, там ішла гаворка і пра ўзаемныя культурныя ўплывы двух народаў. Цікава, ці ведае гісторыя прыклады, калі прадстаўнікі Нямеччыны рабіліся славутымі дзеячамі беларускай культуры, і наадварот?

Вільгельм, беларускі немец, ці, калі хочаце, нямецкі беларус

Некалькі такіх прыкладаў магу падаць, не зазіраючы ў энцыкляпэдыі. Народжаны ў Санкт-Андрэасбэргу Ян Давід Голянд у 1780 годзе зьявіўся ў Нясьвіжы й заняў пасаду капэльмайстра і кампазытара пры двары Караля Станіслава Радзівіла, вядомага як Пане Каханку. Атабарыўшыся ў «маленькім Парыжы» , Голянд з посьпехам заняўся стварэньнем палянэзаў, кантатаў, а там і опэраў. Самую вядомую зь іх — «Агатку, або Прыезд пана» на лібрэта яшчэ аднаго Радзівіла, Мацея, паставілі ў 1784-м, прымеркаваўшы да прыезду ў Нясьвіж нашага апошняга манарха Станіслава Аўгуста Панятоўскага (зь якога, дарэчы, Пане Каханку ў сваім радавым кубле ўволю пазьдзекаваўся).

Празь дзьвесьце гадоў «Агатка» была ўзноўленая на Беларускім радыё. Ня менш доўгае жыцьцё чакала і вадэвіль Голянда «Чужое багацьце нікому ня служыць» , пастаўлены ў 2009-м на сцэне Нацыянальнага опэрнага тэатру.