Выбрать главу

На ролю Афрадыты-Вэнэры прэтэндуе багіня каханьня Лада. Побач зь ёю звычайна дзейнічала вясёлая спрытная троіца: апекуны закаханых Лель і Палель, а зь імі Любіч, заданьнем якога было давесьці маладых каханкаў да шлюбу. Цёплыя пачуцьці да згаданых багоў вякамі захоўваліся ў продкаў і пасьля прыняцьця хрысьціянства. Нават у ХVІІ стагодзьдзі праваслаўныя багасловы з абурэньнем пісалі: «Шануюць старых бажкоў Леля і Палеля і агідныя Богу іхнія імёны крычаць на ігрышчах.

Славяць на вясельлях і матку іх Ладу… І нячысьціка Купалу славяць, забыўшыся на імя Госпада нашага. І агонь раскладаюць на тым д’яблавым ігрышчы, і скачуць церазь яго…» Тое, што пачыналася потым, тагачасныя змагары за высокую маральнасьць называлі «отрокам — осквернение, девам — растление» .

Больш складана выглядае справа з Нэптунам-Пасэйдонам. Адсутнасьць мора зьменшыла імаштаб божышча, адказнага за водную стыхію. У беларусаў гэтая роля належыць Вадзяніку, якога называлі яшчэ Вадзяным дзедам альбо Вірнікам. Затое вадзянікоў у нас — процьма, у кожнага возераці ракі — свой. Як вядома, толькі азёраў у Беларусі11 тысячаў. А рэкі, рэчкі, рачулкі… Уяўляеце гэтую армію вадзянікоў?

Варта дадаць, што жонкі вадзянікоў, русалкі, вядуць даволі вольнае жыцьцё. Але таму, хто адважыцца на блізкае знаёмства з русалкаю, трэба мець на ўвазе, што вадзянік — асоба раўнівая, агрэсіўная і помсьлівая, асабліва на Купальле і на Ільлю. Цяпер што датычыць адпаведнікаў Бахуса-Вакха. Быў у продкаў такі бажок — гарэза і рагатун Пераплут, які падносіў чалавеку чару з хмельным мёдам і дарыў весялосьць. Аднак з-за яго плячэй вызіраў нячысьцік Апівень. Ён цягаўся па ўсіх бяседах, падпойваў застольнікаў і скідваў іх долу, ператвараючы, так бы мовіць, у падстольнікаў. Пабачыць Апіўня можна было толькі пад добрайчаркай, а перапіць нячысьціка ніхто ня мог.

Колькі гадоў таму выйшла кніжка «Чароўны сьвет. Зь беларускіх мітаў, паданьняў і казак» . Аформіў яе знакаміты мастак Валеры Славук, наш галоўны знаўца аблічча ўсіх паганскіх багоў і нячысьцікаў. (У мяне такое ўражаньне, што ён безьліч разоў з усімі імі сустракаўся і наступнага разу можа завітаць на гасьціны ў кампаніі зь якім-небудзь Пахвістам ці Падвеем.) У аповедзе, прысьвечаным Апіўню, Славук, натуральна, намаляваў застоліцу. Але ня простую, а з сакрэтам.

Чаркі падымаюць пэрсанажы, надзіва падобныя да некаторых беларускіх мастакоў і нават кіраўнікоў іхняга творчага саюзу.

Трэба аддаць творцам належнае: ніхто зь іх паддавацца Апіўню (прынамсі, на малюнку) незьбіраецца.

А вось адгадаць, хто на ім ёсьць хто, магу прапанаваць у якасьці хатняга заданьня. Тым больш, што ў кнігарнях зьявілася новае выданьне «Чароўнага сьвету» .

Такім чынам, сядаючы за стол, выбірайце, хто будзе вашым апекуном: Пераплут ці Апівень. А таксама памятайце, што сёмую чарку продкі лічылі «богагнявіцельнай» .

На якой мове спрачаліся Вітаўт зь Ягайлам

Паважаны спадар Арлоў, ці можна адназначна сьцьвярджаць, што беларуская мова была ў Вялікім Княстве Літоўскім дзяржаўнай? На якой мове, напрыклад, размаўлялі нашыя князі?

Эдуард, Стоўпцы

Будучы людзьмі цывілізаванымі ды кіраўнікаміполіэтнічнай дзяржавы, вялікія князі Гедзімін і Вітаўт, як і іхнія папярэднікі і бліжэйшыя наступнікі,ведалі некалькі моваў, у тым ліку маглі паразумеццаі з сваімі падданымі-балтамі. (Паводле некаторыхзьвестак, апошнім князем, які ведаў іхнюю мову,быў Казімер Ягайлавіч.) Аднак у палітычным,эканамічным і культурным жыцьці Княства дамінавалі беларускія землі. Цалкам заканамерна моваіх насельніцтва ў другой палове XIV стагодзьдзязрабілася ў краіне дзяржаўнай і захоўвала гэтыстатус да 1696 году.

На старабеларускай мове тады гаварыў увесь віленскі вялікакняскі двор. На ёй працавала дзяржаўная канцылярыя. Захаваліся сьведчаньні, што Альгерд цудоўна валодаў нямецкай мовай, але з пасламі Тэўтонскага ордэну заўсёды размаўляў празь перакладчыка — «па-русінску» , іншымі словамі — на тагачаснай беларускай мове. Нямецкі пасол запісаў у дзёньніку, што «па-русінску» гаварылі Вітаўт і ўсе прыдворныя. Выдатны прыклад для некаторых цяперашніх палітыкаў.

Наша мова — адна з найдаўнейшых дзяржаўныхнацыянальных моваў у Эўропе. Ангельская сталасяафіцыйнай у 1362 годзе, француская — у 1400-м.

Па-старабеларуску ствараліся і выдаваліся ўсезборы законаў дзяржавы, сярод якіх і самы дасканалы ў Эўропе Статут 1588 году. На мове нашыхпродкаў пісалі соймавыя пастановы. Яна актыўнавыкарыстоўвалася ў дыпляматычным ліставаньні зМасковіяй ды іншымі суседнімі краінамі. Не існуеніводнага дзяржаўнага дакумэнту Вялікага Княства, які быў бы напісаны па-літоўску (у сучаснымразуменьні гэтага слова). Яно й ня дзіва, бо мова,на якой размаўлялі продкі сёньняшніх літоўцаў —жамойты, да XVI стагодзьдзя яшчэ ня мела пісьменства. З гістарычных крыніцаў вядома і тое, што,выпраўляючыся ў які-небудзь населены жамойтамікуток дзяржавы, віленскія вялікакняскія службоўцы бралі з сабою перакладчыкаў на беларускуюі зь беларускай.