Выбрать главу

Старабеларуская была таксама моваю летапісаў і хронік, шматлікіх мастацкіх твораў. Напэўна, вам будзе цікава даведацца, як гучала тая мова ў літаратурным варыянце. Падкрэсьліваючы яе значнасьць як дзяржаўнай, вялікі канцлер Леў Сапега з гонарам пісаў: «А еслі катораму народу ўстыд праў сваіх ня ўмеці, пагатоў нам, каторыя ня обчым якім языком, але сваім уласным правы сьпісаныя маем і кождага часу, чаго нам патрэба ку адпору ўсякае крыўды, ведаці можам» . Дарэчы, у Польскім каралеўстве ўсе ўстановы — як сьвецкія, так і духоўныя — вялі ў той пэрыяд справаводзтва на не зразумелай простым людзям лаціне.

Па-беларуску складзеная велізарная колькасьцьразнастайных матэрыялаў гэтак званай ЛітоўскайМэтрыкі (архіву вялікакняскай канцылярыі), якаяналічвае болей за 600 тамоў. Пераважная іх большасьць у ХІХ стагодзьдзі была вывезеная ў Расею.

Калі ў 1920-м бальшавіцкі ўрад падпісаў мірнуюдамову зь незалежнай Літвой, тая, прэтэндуючына гістарычную спадчыну Вялікага Княства,запатрабавала вярнуць Мэтрыку. Адзін з запрошаных экспэртаў, беларускі гісторык МітрафанДоўнар-Запольскі, прапанаваў перадаць літоўцамусе дакумэнты на іхняй мове. Такіх у сотнях тамоўМэтрыкі не знайшлося ніводнага.

У гэтай самай справе літоўцы зьвярталіся па дапамогу і да старшыні эміграцыйнага ўраду БНР Вацлава Ластоўскага. Той даручыў падрыхтаваць праект пагадненьня, дзе згаджаўся на перадачу Літве дакумэнтаў, складзеных на мове гэтай дзяржавы. У сваю чаргу, просьбіты мусілі назаўсёды адмовіцца ад дакумэнтаў, напісаных па-беларуску. Літоўскі ўрадовец узрадавана падпісаў пагадненьне і, як сьведчаць відавочцы, спрабаваў апэраваць ім у Маскве «на вялікі канфуз свайго начальства» .

Бальшыня сучасных літоўскіх гістарыёграфаў, на жаль, яшчэ не сасьпела для таго, каб прызнаць старабеларускую дзяржаўнай моваю Вялікага Княства. Ня маючы ніякіх падставаў назваць яе літоўскаю, яны насуперак відавочным фактам упарта вынаходзяць іншыя назовы — напрыклад, «афіцыйная славянская» ці нават проста «канцылярская» . Мо і ня варта зь імі спрачацца. Галоўнае — ведаць самім. Як казаў легендарны кітайскі мысьляр Лао Цзы, найбольш зацята спрачаецца той, хто альбо ня ведае, альбо прагне схаваць ісьціну.

Сьцягі Грунвальду

Нядаўна падарожнічалі зь сябрамі па Літве. Віленскі экскурсавод шмат казаў пра Грунвальдзкую перамогу, бо адзначалася яе 600-годзьдзе. Мы пачулі, што вырашальную ролю ў бітве адыграла літоўскае войска Вітаўта. Давялося заўважыць, што гэта было ўсё ж не літоўскае войска, а войска Вялікага Княства Літоўскага, і запытацца: колькі там было літоўскіх, а колькі беларускіх палкоў? Разгарэлася спрэчка, але, шчыра кажучы, аргумэнтаў нам не хапіла. Ці не маглі б вы ўнесьці яснасьць?

Уладзімер, выкладчык фізыкі

Можна спрачацца пра агульную колькасьць ваяроў, што бралі ўдзел у бітве з боку Тэўтонскага ордэну і ад Вялікага Княства Літоўскага і Польскай Кароны. «Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі» , да прыкладу, паведамляе, што крыжакі страцілі 40 тысяч забітымі ды 15 тысяч палоннымі, хоць большасьць сучасных дасьледнікаў мяркуе, што ўся выстаўленая Ордэнам армія наўрад ці магла складаць болей за 30 тысяч.

Можна дыскутаваць, хто меў лепшае ўзбраеньне. Можна весьці палеміку на тэму: хто кіраваў злучанымі сіламі Літвы (у гістарычным разуменьні гэтага назову) і Польшчы? Ягайла, як традыцыйна лічылася, ці Вітаўт, на карысьць чаго таксама існуюць важкія доказы? Можна іранізаваць над некаторымі татарскімі аўтарамі, якія сьцьвярджаюць, што кавалерыя хана Джэлал-ад-Дзіна не ўваходзіла ў склад Вітаўтавага войска, а, налічваючы 15 тысяч ваяроў (лічба абсалютна казачная), была самастойнай арміяй.

Асобныя гісторыкі наогул ставяць пад сумнеў гістарычную значнасьць разгрому тэўтонцаў. Але ёсьць факты, якія цяжка аспрэчыць. Крыніцы згадваюць ня проста «літоўскае войска» , а канкрэтныя палкі-харугвы, якія прывёў на Грунвальдзкую (ці Дубровенскую, як называлі яе нашыя летапісы) бітву Вітаўт. Дарэчы, трыццаць зь іх мелі на сьцягах «Пагоню» , а дзесяць — «Калюмны» , іншы дзяржаўны сымбаль Вялікага Княства.

Польскі храніст ХV стагодзьдзя Ян Длугаш піша, што пазыцыі на полі бітвы занялі харугвы: берасьцейская, ваўкавыская, віленская, віцебская, гарадзенская, дарагічынская, кіеўская, ковенская, крамянецкая, лідзкая, медніцкая, мельніцкая, наваградзкая, пінская, полацкая, смаленская, старадубская, троцкая ды іншыя. Кіеўская і крамянецкая прыйшлі з украінскага абшару.