Названыя вышэй кнігі і можна назваць тагачаснымі бэстсэлерамі. «Александрыю» і «Трою» згадвае ў адной з сваіх прадмоваў да біблійных кніг Скарына. Ягоную Біблію не рызыкну далучаць да бэстсэлераў, бо гэта будзе патыхаць блюзьнерствам.
Устойлівы попыт у вузкіх колах мела літаратура, якую можна назваць спэцыяльнай. Зьвездары-астролягі, напрыклад, штудыявалі «Шасьцікрыл» , трактаты «О седми звездах великих яже ся наричаются планеты» і «Двенадцать звезд, что владеют ко двенадцати частям человеческим» . Будучыню спрабавалі расчытаць і рознымі іншымі мэтадамі, у тым ліку з дапамогаю авечай лапаткі. Настаўленьнем тут служыла кніга «Лапатачнік» , што цалкам называлася «Книга от Петра египтянина, иже научаются ведати неисходимого плеча овец» .
Ува ўсе часы адукаванага чалавека вабіла літаратура забароненая, якая тады (хоць інквізыцыя і праіснавала ў нас усяго некалькі дзесяцігодзьдзяў) патыхала дымком. Уначы, завесіўшы вокны ды замкнуўшы дзьверы на засаўкі, полацкі ці віленскі месьціч зь лёгкай вусьцішшу браў у рукі крамольную «Арыстотэлеву Браму» , адкуль даведваўся «о премудростях особных и таиниц хованых, и о каменех дорогих, о премудрости порсунной, о белости, о власех, о бровех, о ноздрех, о челе, о устех, о лице, о ушию, о гласе, о шии, о чреве и о персех, о плечех и хребте» . Не выключаю, што нехта з тых чытачоў разважаў, ці будуць — калі, зразумела, ня здарыцца канца сьвету, — чытаць кнігі ў ХХІ стагодзьдзі.
Мы — чытаем. Будуць займацца гэтым і празь пяцьвякоў. Можа, яшчэ й нашыя сёньняшніябэстсэлерыперавыдадуць.
Выйшаў жа колькі гадоў таму беларускі «Трышчан» , да якога прыклаў руку (і грошы) былы польскі амбасадар у Беларусі Марыюш Машкевіч. У сакавіку 2006-га ён сядзеў у турме на Акрэсьціна ў суседняй камэры з маім сынам Багданам, дык я заадно занес пару перадачак і Марыюшу. Як бачым, недарэмна.
А на заканчэньне яшчэ адна цытата з Канэці: «Чытаць, пакуль вейкі ціхенька не зазьвіняць ад стомы» .
Ня трэба сьпісваць!
А як выглядаюць у роднай беларускай літаратуры справы з такой адвечнаю«творчаю» праблемай, як плягіят? Ці адбываліся нейкія гучныя скандалы, выкрыцьці, суды прафэсійнага гонару?
Марыя Сьмірнова, палачанка
Для пачатку нагадаю, што слова «плягіят» паходзіць ад лацінскага plagio , што значыць «выкрадаю» . Плягіят — гэта наўмыснае прысваеньне аўтарства чужога твору літаратуры, навукі ці мастацтва. За такі від крадзяжу, між іншым, прадугледжаная адказнасьць паводле артыкулу 201 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.
Але нягледзячы на пэрспэктыву маральнага, ато і крымінальнага асуджэньня, праблема, як выслушна заўважылі, сапраўды адвечная. Калі казаць пра даўняе мінулае, дык у нашай гісторыі самы вядомы прыклад плягіяту зьвязаны з імёнамі Аляксандра Гваніні ды ягонага сучасьніка Мацея Стрыйкоўскага.
Першы нарадзіўся ў Вэроне, але зь юнацтва служыў у войску Вялікага Княства Літоўскага. Зрабіў кар’еру і ў гады Інфлянцкай вайны займаў пасаду віцебскага камэнданта. Мацей Стрыйкоўскі, якога потым назавуць ліцьвінскім Гамэрам, таксама ваяваў тады з маскоўскімі захопнікамі, прычым якраз пад камандаваньнем колішняга вэронца.
Мацей быў выведнікам, альбо, як тады казалі,рыскуном. А ў вольны час складаў вершы і рабіўзанатоўкі з гісторыі.
І вось аднойчы, выпраўляючы падначаленага на чарговае заданьне ў бок маскоўскай мяжы, камэндант папрасіў у Мацея пачытаць тое, што ён вечарамі панапісваў. Вершы Гваніні пагартаў без асаблівай увагі, а гістарычныя нататкі Стрыйкоўскага настолькі прыйшліся італійцу даспадобы, што ён іх хуценька перапісаў. А потым і выдаў пад назовам «Хроніка Эўрапейскай Сарматыі» , пазначыўшы аўтарства ўласным імем.
Некаторыя сёньняшнія гісторыкі бяруць увішнага вэронца пад абарону. Але будзьма памятаць, што сам Мацей Стрыйкоўскі на старонках сваёй славутай «Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» зноў і зноў нагадваў былому начальніку, што сьпісваць — ня добра.
Перанясемся з ХVІ у ХХ стагодзьдзе і пераканаемся, што маральнага прагрэсу, відаць, усё жсапраўды не існуе.
Неяк на хвалях «Свабоды» патрыярх нашае літаратуры Мікола Аўрамчык згадваў, як калісьці паэт З. спрытна пераклаў на беларускую вершы расейскага паэта Льва Ашаніна і надрукаваў іх у часопісе «Маладосць» .
А вось празаік Ш. сьпісаў у аднаго расейскага калегі цэлую дзіцячую кніжку. Пікантнасьць сытуацыі палягае ў тым, што спасылка на артыкул пра «творчы подзьвіг» Ш. —ціто празь недагляд, ціто наадварот праз прынцыповасьць укладальнікаў — трапіла ў шасьцітомны біябібліяграфічны слоўнік «Беларускія пісьменьнікі» . Можна сказаць, што яна аздобіла сабою прысьвечаны гэтаму літаратару разьдзел. Артыкул немудрагеліста называецца «Копію зьняў Іван Ш.» , і, маючы ахвоту, публікацыю можна знайсьці ў падшыўцы газэты «Літаратура і мастацтва» за 1968 год (вядома, калі празаік Ш. не прачытаў нумар ад 19 сакавіка, папярэдне ўзброіўшыся лязом).