Натуральна, усё больш вабіць і прамінулае стагодзьдзе. Паэт Алесь Дудар, гартаючы мае «Імёны Свабоды» , слушна пытаецца, чаму ў прысьвечанай яму эсэйцы няма згадкі пра тое, як ён кіраваў полацкай акруговай філіяй «Маладняка» . Можа, якраз у той час у яго нараджаліся надоўга схаваныя ў спэцсховішчы радкі:
Ня сьмеем нават гаварыць
І думаць без крамлёўскай візы...
На гэтай пасадзе Дудара зьмяніла асоба таксама пасіянарная і зь ня менш трагічным лёсам — краязнавец Валяр’ян Сянкевіч. У 1925 годзе ён наладзіў у Полацку такое маштабнае сьвяткаваньне 400-годзьдзя беларускага друку, што менскім беларусафобам пачалі сьніцца кашмары, а «Савецкая Беларусь» і «Зьвязда» зь нечай каманды надрукавалі ананімны ліст-данос «белорусса-полочанина» .
Вось невялікая цытата: «Белорусизаторы, составив грамматики, хрестоматии, учебники, словари, за два года своей деятельности приобрели капитал, выстроили новые домишки, а бедное забитое население за это время еще более стало малограмотным. Белорусский язык не имеет литературы (ведь нельзя же считать большими литераторами таких письменников как Купала и Колас)…»
Ці не таму заплянаванае на вясну 1926 году адкрыцьцё ў Полацку помніка Францішку Скарынуадтэрмінавалася амаль на паўстагодзьдзя? Дзякуючы дасьледніцы Натальлі Сергіенцы ў мае рукі нядаўна патрапілі матэрыялы пра крыжовы шлях расстраляных у 1930-я полацкага ксяндза Адольфа Філіпа і арганіста Адольфа Кохана…
Такім чынам, працяг «Таямніцаў» пакрысе набывае рэальныя абрысы. Калі Бог падаруе час, можа, нават зьявіцца другі том.
А тым, хто спрабуе натхніць мяне на «Таямніцы» наваградзкай, віцебскай, гомельскай ці яшчэ якой гісторыі, хачу сказаць: такія кнігі мусяць пісаць людзі, што бегалі па той зямлі босенькія.
Закаменаваньне сьвятогаСтэфана
Вы ня раз згадвалі трагічны лёс полацкага сабору Сьвятога Стэфана, зруйнаванага ў 1964 годзе. Хацелася б ведаць дэталі. Ці захаваліся дакумэнты пра рабаваньне храму і яго «ліквідацыю»? Радзіма мусіць ведаць сваіх«герояў».
Сяргей Царык
Полацак пабагацеў на гэты выдатны помнік дойлідзтва ў 1745 годзе. Пабудаваны айцамі-езуітамі ў стылі позьняга барока, храм узьнёс вежы параднага фасаду на 60 мэтраў і запанаваў над старажытным местам. Разам з адноўленай празь пяць гадоў Сафіяй, што была ўзарваная салдатамі Пятра І, сабор Сьвятога Стэфана зрабіўся дамінантай гарадзкога архітэктурнага ляндшафту. Нягледзячы на агромністыя памеры, храм нібыта плаваў над горадам дзівосным каменным галіёнам. Адна зь вежаў мела гадзіньнік з боем, твор віленскага майстра Густава Мудні. Вернікаў уражвалі тры абразы, маляваныя ў Вэроне славутым Сальваторам Розам, асабліва алтарнае «Закаменаваньне першапакутніка Стэфана» .
Пасьля таго як у першай траціне ХІХ стагодзьдзя каляніяльныя расейскія ўлады выгналі з гораду спачатку езуітаў, якія збудавалі храм, а потым і іхніх спадкаемцаў піяраў, у саборы зьявіліся новыя гаспадары — праваслаўныя. Першым чынам яго перайменавалі ў Мікалаеўскі. Акадэмікі імпэратарскай акадэміі мастацтва Якаўлеў і Васільеў атрымалі выгадную замову на 12 тысяч рублёў — маляваць «истинно православные иконы» . Шкодныя каталіцкія пачалі блуканьні па пакутах.
Разьбіраць саборныя арганы ўлады камандзіравалі не абы-каго, а важнага спэцыяліста — кансэрватара заалягічнага кабінэту Віленскай акадэміі магістра Брунэра. (Міжволі згадваецца савецкая показка пра тое, як Васіль Іванавіч марыў пасьля перамогі над «белымі» панабудаваць кансэрваторыяў, каб у пралетарыяў не было праблемаў з кансэрвамі.)
Перахрышчаны сабор спачатку належаў кадэцкаму корпусу, быў гарадзкім катэдральным, а затым зазнаў зьдзекі бальшавіцкіх барбараў. «Па просьбах працоўных палачанаў» яго зачынілі і абезгалосілі — скінулі і адправілі на пераплаўку званы. Гэта была толькі першая дзея. У сярэдзіне 1930-х сьвятыня займела заклятага ворага ў асобе Леніна — маленькага помніка на высачэзным п’едэстале.
Але саборныя вежы ўсё адно заставаліся вышэйшыя за правадыра, з чым бальшавікі зьмірыццане маглі. Нарадзілася пастанова падкараціцьхрам, разабраўшы верхнія ярусы званіцаў. Тадыж зьнішчылі і ўнікальны гадзіньнік, які адбіваўбуржуйскі час.
Адразу па вайне сабор і прылеглыя старадаўніябудынкі давалі прытулак ці ня ўсім полацкім установам і больш чым сотні сем’яўУлады адплацілі сьвятыні чорнай няўдзячнасьцю.