У кастрычніку 1963 году зьявілася падпісанае старшынёй выканкаму Полацкага гарсавету Н. Кляпацкай рашэньне № 328 «О мероприятиях по сносу церкви и правого крыла бывшего кадетского корпуса» .
Апошнія хвіліны існаваньня сабору назаўсёды ўрэзаліся ў маю памяць. Ішлі зімовыя школьныя вакацыі, і мы глядзелі стужку пра «нашых» і «немцаў» у кінатэатры «Радзіма» . Раптам запалілася сьвятло, і чалавек з ордэнскімі калодачкамі строгім голасам сказаў: «Дети, не бойтесь. Сейчас будем рвать церковь» .
Пасьля фільму мы ўбачылі заместа храму цыкляпічную закураную крушню. Ужо значна пазьней прыйшло разуменьне, што плошча страціласуладнасьць архітэктурнага ансамблю, а горад— свой гістарычны сылюэт. А тады ў дзіцячых душах проста жыло адчуваньне нечага вусьцішнагаі непапраўнага.
Праз шмат гадоў у мэмуарах савецкага дысыдэнта генэрала Грыгарэнкі я прачытаў, што на полацкім саборы Сьвятога Стэфана і на віцебскай царкве Зьвеставаньня ХІІ стагодзьдзя «испытывалась новая передовая технология сноса культовых зданий» . Чамусьці ў расейскіх гарадах яе тады не выпрабоўвалі...
Улады выдаткавалі «на разборку развалин и вывоз мусора» 30 тысяч рублёў. Ганаровая грамадзянка гораду Н. Кляпацкая апраўдвалася ў друку, што зьнішчыць сабор яе прымусіла рэспубліканскае начальства. Пэўна, так і было. Дакумэнты сьведчаць, што апошнюю камісію, якая вырашала лёс сьвятыні, узначальваў намесьнік старшыні Савету Міністраў БССР Ул. Каменскі, а ў яе складзе быў старшыня Дзяржбуду рэспублікі, заслужаны будаўнік Беларусі, а неўзабаве народны архітэктар СССР Ул. Кароль.
Але хто змушаў гарсавет узнагароджваць герояўзьнішчэньня сабору таварышаў Карагодзіна іДаўгашэя ганаровымі граматамі, а капітану Шульжэнкуаб’яўляць падзяку?
На месцы храму савецкія дойліды паставілі вусьцішны дзевяціпавярховік, вядомы ў Полацку як «дом з вушамі» ...
Аднак ужо існуе праект аднаўленьня старадаўняй сьвятыні. Калі ён будзе ўрэчаісьнены, яканчаткова паверу, што ў ХХІ стагодзьдзі Полацакбудзе нашай сталіцай.
Кастусь або Вікенці?
Апошнім часам зьявілася шмат публікацыяў, дзе сьцьвярджаецца, што нашага нацыянальнага героя Каліноўскага ў сапраўднасьці звалі не Канстанцінам і, пагатоў, не Кастусём, а — Вікенціем. Дзе тут праўда?
Андрэй Белы
Будучы кіраўнік нацыянальна-вызвольнагапаўстаньня ў Літве-Беларусі зявіўся на сьвет 2 лютага 1838 году ў вёсцы Мастаўляны Гарадзенскагапавету, якая цяпер у Польшчы. Праз чатыры дніхрысьцільная кніга Ялаўскага касьцёлу папоўніласязапісам пра Вікенція Каліноўскага, а 4 красавіканованароджанага зарэгістравалі ўжо пад двумаімёнамі — Вікенці Канстанцін.
Шляхецкія сем’і мелі даўнюю традыцыю частадаваць дзецям некалькі імёнаў. Да прыкладу, старэйшы брат Каліноўскага быў ахрышчаны як Віктар Отан. Іншага нашага знакамітага суайчыньніка і паўстанцкага правадыра Касьцюшку афіцыйна звалі Андрэй Тадэвуш Банавэнтура. Мала хто ведае, што клясык новай беларускай літаратуры (дарэчы, у маладосьці — таксама інсургент) Францішак Багушэвіч меў яшчэ адно імя — Бенядыкт. Дэпутат расейскай Дзяржаўнай думы ад Менскай губэрні, а затым кіраўнік створанага ў 1917 годзе Беларускага нацыянальнага камітэту Раман Скірмунт у афіцыйных паперах менаваўся Раманам Мар’янам. Аднак і Касьцюшка, і Багушэвіч, і Скірмунт для заўсёднага карыстаньня абралі, па сутнасьці, адно імя — пэўна ж тое, якое найбольш упадабалі. Пад гэтымі імёнамі мы іх сёньня і ведаем.
Аналягічны выбар зрабіў для сябе і Каліноўскі.
Гэтаму ёсьць мноства сьведчаньняў. Пераканацца ў тым, як называў сябе сам наш герой, вы можаце, узяўшы ў рукі том дакумэнтаў і матэрыялаў «Восстание в Литве и Белоруссии 1863—1864 гг.» (М., 1965) і разгарнуўшы яго на старонках 82, 84—88, 159, 160, 167, 271—272 і г. д.
У Гістарычным архіве Літвы захоўваецца сьпіс навучэнцаў Сьвіслацкай гімназіі, дзе фігуруе «Каліноўскі Канстанцін» . Шмат разоў згадвае яго пад гэтым імем і ўдзельнік, а пазьней гісторык паўстаньня Аскар Авэйдэ, добра знаёмы з камандзірам беларускіх інсургентаў ад студэнцкіх гадоў. Ува ўспамінах
Авэйдэ некалькі разоў піша: «Мой таварыш па ўнівэрсытэце Канстанцін Каліноўскі…» Што да імя Кастусь, то бацькі, сваякі і бліжэйшыя сябры, мяркую, маглі называць Каліноўскага менавіта так. Ну, хіба што зь нейкімі мадыфікацыямі. Ці, можа, нехта думае, што «Марыська чарнаброва» , нарачоная паўстанцкага важака Марыя Ямант клікала яго Вікенціем Канстанцінам? Вядома, пад казённымі паперамі чалавек абавязаны быў падпісвацца тым імем, якое зафіксаванае ў мэтрыках. Таму ў шэрагу дакумэнтаў сапраўды сустракаецца імя Вікенці. «Дваранінам Вікенціем Каліноўскім» назвалі правадыра паўстанцаў царскія каты падчас абвяшчэньня яму сьмяротнага прысуду на віленскім Лукіскім пляцы. Дык што, будзем браць зь іх прыклад і мяняць імя, якое даўно замацаванае і ў энцыкляпэдыях, і ў народнай памяці?