ці можа проста захацелі
тут
пераканацца
што за Рубіконам?
нічога?
Вечнасьць?
некалькі сэкунд
для разьвітальнае размовы
з Конам?
на бераг выкідаюцца
кіты
чаго ім не хапае
грацыёзным
у іх стыхіі?
некалі і ты
зрабіўшыся героем
адыёзным
свайго спэктаклю
выкінесься ў мора
цябе
насуплена сустрэне хтось
ля вузкай брамы
іншае прасторы
ён ведае
адкуль зьявіўся госьць
зьняможаны за доўгія вякі
спытаецца з усьмешкай
каматознай
зірнуўшы у бязьмежжа
з-пад рукі
чаго вам не хапае
адыёзным
у той стыхіі?
волі?
пекнаты?
запасу вастрыні
сталёвых лёзаў?
Дзень герояў будзе выхадны
Спадар Уладзімер, вось мы і адзначылі 90-годзьдзе Слуцкага збройнага чыну. Як вы лічыце, ці не перабольшваецца значнасьць гэтага паўстаньня для незалежнасьці Беларусі? Ці сказана ўжо пра яго ўся праўда? Магчыма, застаюцца яшчэ нейкія цікавыя факты?
Сьвятлана, Любань
Месяц узброенага змаганьня дзесяці тысяч случакоў пад сьцягамі БНР супроць рэгулярных частак Чырвонай арміі — з шэрагу наймацнейшых контраргумэнтаў у спрэчцы з тымі, хто зь ледзьве не паталягічнай упартасьцю паўтарае, што пры канцы ХХ стагодзьдзя незалежнасьць звалілася беларусам аднекуль зь неба. Што беларусы за яе не змагаліся, не пакутавалі, а таму нібыта дагэтуль ня ведаюць, што зь ёю рабіць. (Адзін зь нядаўніх прыкладаў такой «упартасьці» , якая грунтуецца ў найлепшым разе на няведаньні гісторыі — звонку эфэктны, але насамрэч, дыпляматычна кажучы, недарэчны выступ на адкрыцьці Менскага беларуска-нямецкага форуму аднаго нашага быццам бы дэмакратычнага палітыка. У кагосьці ён выклікаў неразуменьне, у кагосьці — абурэньне, а нехта задаволена пераглянуўся з суседам. Маўляў, а што я табе казаў: самі прызнаюцца, што іхняя незалежнасьць — ня больш чым казус.)
Па-свойму «ацаніла» значнасьць Слуцкага паўстаньня савецкая ўлада. Амаль усе ягоныя ўдзельнікі, да якіх удалося дацягнуцца крывавым рукам ОГПУ — НКВД, былі фізычна зьнішчаныя. На загад з Масквы партызаны працягвалі ліквідацыю случакоў і тых, хто быў пад іхнім уплывам, і ў гады нямецкай акупацыі.
«Народныя мсьціўцы» з 2-й менскай брыгады (камандзір С. Іваноў) у красавіку 1943 году гераічна расстралялі ў ваколіцах Рудзенску беларускага настаўніка Нічыпара Мяцельскага. Яго абвінавацілі ў сувязях зь лістападаўцамі — удзельнікамі падпольнай антыбальшавіцкай арганізацыі, створанай у 1920-я гады Юркам Лістападам. Жыцьцё самога колішняга паўстанца Лістапада куля ката з чырвонай зоркай на фуражцы абарвала ў 1938 годзе ў сібірскім БАМлагу.
Праўда пра Слуцкі чын, па сутнасьці, толькі цяпер вяртаецца празь дзесяцігодзьдзі замоўчваньня. Сапраўдныя факты ў сьвядомасьці нашых грамадзянаў (нават тых, хто захапляецца мужнасьцю случакоў) па-ранейшаму суіснуюць зь мітамі.
Даводзілася сустракацца, скажам, з думкаю,што случакоў падтрымлівала Польшча. Насамрэчяе войскі адышлі далёка ад тагачаснай мяжы, кабдаць бальшавікам магчымасьць душыць збройнаезмаганьне беларускіх незалежнікаў і на падуладнымпалякам абшары.
Яшчэ пара прыкладаў памылковых уяўленьняўпра паўстанцаў.
У некаторых публікацыях да герояў барацьбы з бальшавікамі залічваюць першага камандзіра 1-га Слуцкага палка капітана Паўла Чайку. Між тым засталіся сьведчаньні, што ён спрабаваў перадаць на савецкі бок пакет з сакрэтнымі дакумэнтамі, за што быў арыштаваны, але здолеў уцячы ўва ўжо заняты саветамі Слуцак.
Кароткае жыцьцё Чайкі хавае ў сабе нейкую таямніцу, бо празь месяц «тройка» асобага аддзелу 16-й арміі прысудзіла капітана да сьмерці ўжо за здраду савецкай уладзе.
Сярод удзельнікаў паўстаньня энцыкляпэдыі называюць старшага афіцэра Беларускай вайсковай камісіі Макара Краўцова. Аднак гісторыкі высьветлілі, што аўтара гімну «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» ў шэрагах інсургентаў не было з прычынаў, так бы мовіць, асабістых. (Праўда, і іншых заслугаў Краўцова хапіла для таго, каб у 1939-м савецкія «вызваліцелі» закатавалі яго на допытах у Беластоцкай турме.)
Наогул — калі казаць пра чалавечыя лёсы — утакіх сытуацыях і ў такія часы ўзьнёслае заўсёдымяжуе зь зямным і нізкім, гераізм пульсуе побачз здрадаю, а трагічнае ператвараецца ў камічнае інаадварот.
Тым, хто мае намер грунтоўна ўнікнуць у гісторыю тых падзеяў, хачу найперш параіць кнігу «Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах» (2-е дапоўненае выданьне; Мінск, 2006), укладзеную Ўладзімерам Ляхоўскім, Уладзімерам Міхнюком і Аляксандрай Гесь. А таксама — бліскучае дасьледаваньне Ніны Стужынскай «Беларусь мяцежная: З гісторыі ўзброенага антысавецкага супраціву. 20-я гады ХХ стагодзьдзя» . У 2011 годзе нарэшце зьявілася новае выданьне, а першае Беларускі ПЭН-цэнтар адзначыў дзесяць гадоў таму прэміяй імя Францішка Багушэвіча.