Мы разам глядзелі знакамітую п’есу Ёзэфа Топала «Салавей на вячэру» , тую самую, дзе зграя інтэлігентаў зьела завабленага да сябе госьця. Потым у тэатры была адкрытая дыскусія Гавэла зь ягонымі даўнімі сябрамі і калегамі-драматургамі Артурам Мілерам і Томам Стопардам — «Not OnlyAbouttheTheatre» — «Ня толькі пра тэатар» .
Я даў волю фантазіі і намогся ўявіць на гэтайсцэне заместа чэскага прэзыдэнта — свайго. Фантазіі не хапіла.
Вандроўка на радзіму пльзэнскага піва завяршылася дэгустацыяй слыннага напою ў тамтэйшайпіўніцы, дзе і ўдалося некалькі хвілінаў пагаварыцьз прэзыдэнтам.
Пакінуўшы ахоўніка за сваім сталом, ён падсаджваўсяз кухлем у руцэ да іншых. Сказаў ня толькінейкія абавязковыя, дакладней, зусім неабавязковыя ветлівыя словы, але задаў пару пытаньняў, якіясьведчылі, што Беларусь для Гавэла — ня простаназоў на мапе.
Праміне колькі гадоў, і чэскі прэзыдэнт будзе клапаціцца пра побыт у Празе Васіля Быкава. Гавэл, дарэчы, неаднаразова падкрэсьліваў, што ганарыцца знаёмствам з выдатным беларускім пісьменьнікам. Тым часам адзін мясцовы аматар прыгожага пісьменства абмежаваўся паведамленьнем, што «выхоўваўся на быкаўскіх вершах» .
Выпала сустракацца і з прэзыдэнтам Літвы Валдасам Адамкусам.
Міністэрства замежных спараваў нашае суседкі штогод ладзіць так званыя сустрэчы інтэлектуалаў з краінаў, што зьявіліся на абшары былога СССР. У часе ягонага прэзыдэнцтва Адамкус заўсёды ўганароўваў гэтыя імпрэзы сваёй прысутнасьцю. На адной з такіх сустрэчаў прэзыдэнт Літвы надаў падкрэсьленую ўвагу тром гасьцям зь Беларусі.
Ад той размовы засталося ўражаньне Адамкусавай дэмакратычнасьці і неўдаванай цікавасьці дабеларускіх справаў. Ён агучыў сьпіч пра агульнуюгісторыю і выказаў спадзяваньне, што ў хуткім часебеларусы і літоўцы будуць езьдзіць адзін да аднагобязь візаў, бо сустрэнуцца ў Эўразьвязе. Здарыўся і крыху анэкдатычны выпадак. Даведаўшыся ад тагачаснага старшыні нашага Саюзу пісьменьнікаў Алеся Пашкевіча пра сантымэнты да Вільні ўва Ўладзімера Дубоўкі, Адамкус адразу запытаўся, ці можна запрасіць паэта ў цяперашнюю літоўскую сталіцу.
Апошняе па часе маё спатканьне з прэзыдэнтам надарылася таксама ў Вільні. Літаратурная імпрэза ў гонар 600-годзьдзя Грунвальдзкай перамогі супала з днём пахаваньня першага прэзыдэнта незалежнай Літвы Альгірдаса Бразаўскаса. Ідучы па віленскай Замкавай вуліцы, я зьнячэўку пачуў гучныя воплескі і прывітальныя воклічы. Яны, зразумела, адрасаваліся ня мне. За нейкіх пяць крокаў у бок пляцу Гедзіміна кіраваўся ў суправаджэньні трох ахоўнікаў Міхаіл Саакашвілі, што прыехаў на жалобныя ўрачыстасьці. Літоўцы і польскія турысты працягвалі яму пляскаць. Саа кашвілі ціснуў рукі, усьміхаўся, падхапіў і пранёс малога хлопчыка.
Я вырашыў крыху прайсьці побач, каб адчуць аўру чалавека, якога расейскія палітыкі называюць кіраўніком «злачыннага рэжыму» . Побач з Саакашвілі было камфортна. Калі б я таксама працаваў прэзыдэнтам, магчыма, сказаў бы яму, напрыклад, што маю сантымэнт да сухога мукузані, а вось шанаванае Сталіным паўсалодкае кіндзмарэулі пакідае мяне абыякавым. Аднак прэзыдэнтам я не працаваў, а двухмэтровы ахоўнік пазіраў на мяне ўсё больш падазрона…
Наогул, сустрэчы з прэзыдэнтамі мне падабаюцца. Цешу сябе надзеяй, што некалі спаткаюся і з прэзыдэнтам Беларусі.
Але гэта будзе іншы прэзыдэнт.
Прывітаньне ад прыдзьвінскайведзьмы
Займаючыся гісторыяй, ці не даводзілася вам сутыкацца зь нечым невытлумачальным і загадкавым, як, напрыклад, эгіптолягам з «помстаю фараонаў»? Ці былі такія выпадкі ў вашым жыцьці?
Будучы слуга Кліё
Хочаце — верце, хочаце — не, але былі. Існуе безьліч азначэньняў гісторыі. Мне найбольш даспадобы афарызм францускага гісторыка-рамантыка ХІХ стагодзьдзя Жуля Мішле: «Гісторыя — гэта ўваскрашэньне» .
Сапраўды, і навуковец і літаратар, якія твораць пад пільным позіркам музы Кліё, спрабуюць зноў надаць жыцьцё асобам даўно прамінулых дзён. Тут, вядома, можна згадаць яшчэ і суайчыньніка Мішле, гісторыка і філёзафа Алексіса Таквіля, які назваў гісторыю «карціннай галерэяй, дзе мала арыгіналаў і мноства копіяў» . І ўсё ж меў рацыю Штэфан Цвайг, які заўважыў, што гістарычны чын завяршаецца не тады, калі зьдзейсьніўся, а тады, калі зрабіўся здабыткам нашчадкаў.