Выбрать главу

Віленскі музэй генацыду ў былым будынку КГБ Літоўскай ССР з камэрамі й расстрэльнымі сутарэньнямі.

Колішняя савецкая турма ў латыскай Ліепаі, дзе наведнікі могуць на нейкі час ператварыцца ў вязьняў. Сьціплыя мэмарыяльныя знакі побач зь неспарахнелымі баракамі й калючым дротам былых астравоў архіпэлягу ГУЛАГу.

Хіба ўсё гэта — ня помнікі Савецкаму Саюзу?

Ёсьць і помнікі іншага кшталту. Вы ўбачыце іх у менскім мэтро і тралейбусе, у краме і на лавачцы ў парку, у кабінэтах самых розных узроўняў. Гэтыя помнікі ня проста жывыя, але — асабліва ў нашай атмасфэры — надзіва жывучыя й маюць неблагія ўмовы для размнажэньня.

Ня так даўно мяне запрасілі на прэзэнтацыю кнігі «Імёны Свабоды» ў Салігорск. Была арандаваная заля ў Доме культуры. Калі ўжо былі заплачаныя належныя грошы за арэнду, дама, якая загадвае ДК, адправіла арганізатараў да ідэалягічнага начальства. Там ім паведамілі, што сустрэчы ня будзе ні пры якіх умовах, а мне вынесьлі страшны прысуд: «антысаветчык» .

Думаю, што вы, хоць і даўно жывяце за акіянам, маеце ўяўленьне пра такі від тутэйшага насельніцтва, як homo sovieticus. Прапаноўваю, дарэчы, разампадумаць, якім мог бы стаць помнік згаданамуhomo, калі від нарэшце канчаткова вымра і будзепрызнаны тупіковай галіной эвалюцыі.

А пакуль што нам, беларусам, велізарным і, навялікі жаль, жывым помнікам Савецкаму Саюзувельмі часта здаецца краіна, у якой мы жывем.Разумею, што з адлегласьці некаторыя нашы падзеі і зьявы могуць успрымацца нечым кшталту фата-марганы, але вы, пэўна ж, ведаеце, што насамрэч можа чакаць таго, хто ня згодны зь цяперашнім рэжымам.

А ці чулі вы там, у Манрэалі, што ў сёньняшняй Беларусі ставяцца помнікі Сталіну? Адзін, зьняты з п’едэсталу ў 1960-я, праз сорак гадоў вярнуўся на ранейшае месца ў гарадку Сьвіслач на мяжы з Польшчай. Другі помнік «найвялікшаму палкаводцу» нядаўна зьявіўся недалёка ад Менску, дзе збудавалі псэўдагістарычны мэмарыял — «лінію Сталіна» , што ў 1941 годзе не адыграла ў адпоры гітлераўцам практычна аніякае ролі.

«Лінію Сталіна» дыктатар намагаецца стварыць і ў галовах сваіх падданых...

Што да настальгіі, то яна, ведама ж, ёсьць.Аднак краіна, па якой я сапраўды ўсё часьцейнастальгую, называецца не СССР. Яна называеццаДзяцінства. Гэта краіна, дзе ня толькі я сам, алеі бацькі былі бесьсьмяротныя. Дзе ў старэйшайгрупе дзіцячага садка я прыдумаў, што дзяўчынка,якая мне падабаецца, на выходныя ператвараеццаў матылька, і да таемных сьлёз баяўся, што нехтазловіць яе для калекцыі ў свой сачок і ў панядзелакпа абедзе на суседнім ложачку пакладуцьспаць іншую дзяўчынку. Дзе, ледзь навучыўшысялітары ператвараць у словы, мы зь сябрам напісаліна парэнчах моста церазь Дзьвіну: Вова + Вася =дружба да гроба...

Перапрашаю за гэты прыступ настальгіі.

А вось краіна юнацтва ўжо называлася Савецкім Саюзам. Там са мною, студэнтам гістарычнага факультэту і маладым літаратарам, праводзіў «прафіляктычныя гутаркі» літаратуразнаўца ў званьні маёра, які клапатліва папярэджваў, што калі не пагаджуся ім дапамагаць, сашлюць у салдаты куды - небудзь пад Магадан, і ў мамы, зь якой мы толькі што пахавалі тату, ня вытрымае хворае сэрца.

Пазьней была спроба міліцыі — безумоўна, на загад зь іншага ведамства — прышыць нам з жонкаю крымінальную справу. За тым «праектам» стаялі людзі з фантазіяй. Нас спрабавалі абвінаваціць не ў захоўваньні і пашырэньні самвыдату або ў тым, што ў нас праходзяць падазроныя сходкі. Сьледчы агаломшыў паведамленьнем, што, паводле іхніх зьвестак, у нашай кватэры... робяцца падпольныя аборты. На пытаньне пра доказы нам прачыталі паказаньні суседзяў-алькаголікаў: «Ведут нелюдимый образ жизни, разговаривают на белорусском языке» . Зразумела, што ад беларускай мовы да падпольных абортаў заставаўся адзін крок...

Хіба можна настальгаваць па немагчымасьцівыехаць за мяжу нават у Беласток ці Варшаву? (Някажучы ўжо пра Манрэаль, да якога было далей,чым да Юпітэру.)

Па цэнзуры, пэрлюстрацыі, русіфікацыі? Пагатоў усё гэта вярнулася. Як і праслухоўваньне тэлефонных размоваў. Хіба што тэхналёгіі больш сучасныя, дый мову «суседзі» трохі падвучылі.

Памятаю, як пры канцы 1980-х гаварылі зь Сяргеем Навумчыкам па міжгорадзе, а на дроце разам з намі былі двое хлопцаў з «органаў» . Адзін пытаецца: «Слышь, Витя, а красавик, это который месяц? Март или апрель?» А Витя: «Ну всё, ребята, зае.али своей мовой!» І — кароткія гудкі.

Што праўда, жыве ў маёй душы і настальгіяпа адной цалкам рэальнай краіне, абрысы якой ядаволі ўпэўнена правяду на контурнай мапе. Назоў той краіны — Вялікае Княства Літоўскае. Дытут я зусім не арыгінальны. Згадаем, да прыкладу,Чэслава Мілаша.