Выбрать главу
2001

ВОСЬ I ЯШЧЭ АДНО ІМЯ

Міхасю Казлоўскаму

Вось і яшчэ адно імя... Апошняе? О, не! Вяртанню іх канца няма У нашай старане.
За час няволі чужакі Іх сцёрлі сотні сот, Каб безыменным праз вякі Стаў наш увесь народ.
Калі папраўдзе мы сыны Скарынавай зямлі – Мы ўсё адробім, каб яны Павек між нас былі.
Мы вернем, мужна і без слёз, Іх душы з небыцця. Якой цаной? Як судзіць лёс – Дык і цаной жыцця!
2000-2002

НЯСМЕРТНЫ ДУХ СЛОВА

Ці гляну навокал, ці памяць крану – I чую і бачу: па гуку, на слову Стараюцца гэрцы пакласці ў труну Маю беларускую мову.
Стараюцца! Сотні ўжо гэтак гадоў – Па гуку, па слову, па выразу цэлым — І душаць, і душаць, і зноўку, і зноў, - Каб стаўся наш край анямелым.
Ад злосці пры гэтым шалеюць ажно. Аж кожны з іх зекры на лоб вырачае: «Якая жывучасць! Дзе ўсмерцяць адно — Там сем узамен вырастае!»
I лезе, і лезе — куды ні паглянь — То гукам, то словам, то цэлай прымоўкай, Як лезе стаквецце на ўлоннях палян Ці ў пойме, цяплынню прамоклай.
I гэрцам ужо нехапае разваг: Што здумаць-прыдумаць, каб справіцца з ёю? Ну хоць ты суцэльны будуй саркафаг Над гэтай праклятай зямлёю!
Не цямяць чужынцы, не кемяць свае, Што тут не паможа і покрыў бетонны. Любыя прыдумы ўзарве і сарве Нясмертны дух слова бунтоўны!
2001-2002

СУСТРЭЧНЫ

Годзе, скептык, д'яблу ў лад Цвердзіць марна, Што вярнуца ў весні сад Не рэальна.
А калі ў прыродзе ёсць Цудадзейны Міг вяртання ў маладосць Неспадзеўны?
Светлы міг, каб уталіць, Нібы смагу, Боль, што ўсё яшчэ баліць - Сціха, змалу.
Той, з якім і адыду, Той, якому Рысу я не падвяду Аж да скону.
Як і кожны ў Бога госць, Рад табе я, Міг вяртання ў маладосць, Міг-надзея!
Адлюбіў, недалюбіў – Век не вечны. Цудам, міг, цябе зрабіў Боль сустрэчны.
2001-2002

ПАМЯЦІ ЯЎГЕНА КУЛІКА

Па заснежана-белай, Журботна знямелай Кальварыі На плячах у сяброў Адплывае у вечнасць душа. Беларуская... Непераможаная I няскораная жандарамі, Адгарапашнічала, Адпакутавала, Адспадзявалася I - адышла.
З горніх высяў Цяпер ужо будзе Наш брат услухоўвацца, Ці імчыцца ў пагоні Той вершнік ягоны Па роднай зямлі, З кім ён побач, нябачны, Ляцеў і ляцеў, І не мог супакоіцца: «Мы зваюем! Зваюем! I вернем усё, Што чужынцы ўзялі!..»
Так, цяпер ён ужо Будзе бачыць адтуль, Як у слёзках канваліяў Ці ў слязах васількоў і рамонкаў Замрэ перад бурай Зямля... Над заснежана-белай, Журботна-знямелай Кальварыяй - Непрагледзіста-хмарная высь. Векавечны спакой. Цішыня.