Выбрать главу
Знаю: Воля не зломлена, Дух ваякоў не расслаблены. I аднак жа, Абводзячы вокам Глухую навокал Зіму, - Зноў і зноў Выдыхаю пытанне Губамі азяблымі: «Колькі нас, Каму гэтак баліць Беларусь, Як балела яму?..»
2002, студзень

ЛЮБІЎ БЫ ЦЯБЕ Я, АЙЧЫНА

Івану Дзінкаву

«Любіў бы цябе я, Айчына, Калі б не было суайчыннікаў». Так страшна, так горка, так шчыра – У выніку роспачных вынікаў, - Дапіўшы напітак паганскі, Сказаў пабрацім мой балгарскі.
I вось жа каторы ўжо месяц Мяне яго боль пераследуе, Зайшоў у душу — і ні з месца: Ні ўступак, ні спуску не ведае. I ранняй парой, і вячэрняй – Усюды са мной неадчэпна.
Душою, крывёю, вачыма Гляджу на ахвяру ашыйніка. «Любіў бы цябе я, Айчына, Калі б не было суайчыннікаў». Бо толькі праз іхнюю згоду Ашыйнік вянчае свабоду.
«Любіў бы цябе я...» О, Божа, Як сцюжна дыхнула бяздоннасцю! Не можа, не можа, не можа Маёй гэта стацца свядомасцю! Ах, любасны брат мой балгарскі! Ах, чортаў напітак паганскі!..
2002, красавік

БАЛАДА ПРА ГОРКАСЦЬ

Пасадзіўшы голенькага ў ночвы, Мама мые сына. Любата! Але вось панала мыла ў вочы – Давяла да плачу гарката.
Мусібыць, зайшло занадта шчодра. Мама нагінаецца хутчэй I губамі цёплымі, пяшчотна, Горкасць выцалоўвае з вачэй. «Вось і ўсё, не плач, ужо не есца», - Сплюнуўшы салёны выцмак з губ, Кажа мама. Памяць малалецтва! Памяць першых горкіх страт і згуб!
На сцяжынках, роўных і крывенькіх, На шляхах з імглы і з цемнаты – Колькі мне заходзіла пад вейкі Да нясцерпу едкай гаркаты!
Колькі блудных крокаў незваротных Зроблена ў жыццёвай мішуры! Колькі любых, дарагіх і родных Адышло ў магілу без пары!..
Думаў: з часам прыцярпеўся, звыкся. Не. Пад вейкамі ўсё больш гарчэй. Неба роднае! Пара! Схіліся I мне горкасць выцалуй з вачэй!
2002, красавік

ВЕР I ПОМНІ

Паэмы

ЛОДАЧКІ

Жылі, жылі, жылі - і дажыліся... Ішлі, ішлі, ішлі - і вось прыйшлі... Так колісь казачнікі пачыналі, I добра ім, не горка ім было, Бо зналі: казка ёсць не больш чым казка, Знарок прыдуманая небыліца, Каб супакоіць і суцешыць тых, Каму гаротна і няўтульна ў свеце, Каб усяліць у душы іх надзею, Што можна ўсё-такі і дачакацца Шчаслівай, радаснай развязкі лёсу, Як дзед і баба ці мужык і жонка: Жылі, жылі, чакалі й прычакалі, Або як тыя тры браты-малойцы: Ішлі, ішлі й нрыйшлі да хаткі ў лесе... Так, добра баяць бахарам было У той далёкі час міфалагічны. А як сягоння ў наш вучоны век Сказаць: жылі, жылі - і дажыліся? Сказаць: ішлі, ішлі — і вось прыйшлі? Куды і з чым прыйшлі? Дзеля чаго Жылі, жылі? I што ж на дажыванні?.. У незалежнай, суверэннай, вольнай, У нашай роднай, любай Беларусі, Што разам з іншымі тры чвэрці веку Раўняла крок на сонечнае заўтра, - Пасля вялікіх перамог працоўных І гістарычных заваёў народа, - Настаў вялікага жабрацтва час. I як калісь пасля вайны апошняй, Ізноў на гора наша і нястачу Спагадным сэрцам адгукнуўся Захад I, нібы пагарэльцам, нам, ахвярам Чарнобыльскай аварыі жахлівай, Пачаў дарункі ўсякія дарыць – Адзетак, вобуй, лекі, харч дзіцячы... Нярэдка - друк не раз пісаў пра гэта – І рызманы, і транты-неданоскі З нявыветраным духам нафталіну. (А што ж вы, братцы-жабракі, хацелі? Каб шубы новыя з пясца ці з норкі Мы вам прывозілі? Ага, чакайце!)
Ізноў, мінулае было забыўшы, На схіле веку і тысячагоддзя Абрабаваныя нядоляй людзі, Сваёй краіны негаспадары, На падарункі квапяцца чужыя I да начальства з крыўдаю прыходзяць, Чаму нячэсна дзеляцца дары. «Чаму маім не дасталіся дзецям Прывезеныя з-за граніцы транты, I той абутак, і прысмакі тыя? Ці радыяцыя маіх не труціць? Ці мо яны зусім жыцця не варты?..» I плача маці, а пры ёй дзяўчына Гадоў трынаццаці, таксама, бачу, Не сутрымаецца, вось-вось заплача, Худзенькая, з сінечай пад вачыма, Нездаравячая па ўсіх прыкметах. На ёй сукенка з міткалю ў гарошак, А на нагах - стаптаныя танкеткі, I тыя завялікія ёй трошкі, Хутчэй за ўсё, як гэта ў нас адвеку Было зазвычай, - матчыны даноскі...