Выбрать главу
* * *
Праз год, налета... Бедная сястрыца! I ў страшным сне ёй не магло прысніцца, Што тая сонечная думка-мара Пра лодачкі, што дастануцца ёй, Ураз, імгненна лясне і пагасне. I праз каго! Праз брата. Праз мяне. Хоць быў я толькі ўскосна вінаваты, Бо не выходзіў з ініцыятывай I лёсу лодачак не вырашаў, - А ўсё ж, а ўсё ж! Калі б не я, калі б Не ўзнікла вострым-вострае пытанне, У чым паеду ў Мінск я на вучобу, - Пра лодачкі не ўспомнілі б, бадай. Яны ляжалі б там, дзе і ляжалі, У запаветным для сястрыцы схове, Пакуль не стануць ёй зусім якраз... Але сказала нейк увечар мама, Галодны гурт уцешыўшы заціркай, Хутчэй прысіўленаю, чым бялёнай, - Сказала мне і для мяне, сам-насам, Ніхто з дзяцей не чуў яе разваг: - Не знаю, сын, за што табе купіць Хоць трохі людскія штаны якія, Каб не смяяліся з цябе студэнты. Нічога болей не магу прыдумаць, Як з тымі лодачкамі развітацца. Вязі, прадай у Мінску на базары I там за выручку купі штаны...
Бязбожны, чэрствы, подлы эгаіст! Свой пераследуючы інтарэс, Я з пагатоўнай радасцю згадзіўся Уранку ж заўтра ехаць на базар, I не падумаў, і не ўспомніў нават, Што павязу не лодачкі на продаж, А мару, мару - ды якую мару! – Маёй сястрыцы!.. Божа літасцівы!
Паўвека ўжо, як я цябе прашу: Даруй мне грэх мой і ўратуй душу! І да апошніх дзён свайго жыцця, Успомніўшы сястрыцу, што даўно ўжо На родных могліцах слабодскіх спіць, Я кожны раз аб гэтым жа прасіць, Маліць Цябе не перастану, Божа.
Назаўтра раненька, з усходам сонца, У чыстую анучку загарнуўшы, Паклала мама лодачкі ў стары Абшэрпаны партфель, з якім калісьці Па службе ездзіў у райцэнтр бацька. Дала з сабой мне праснака акраец, Два яйкі, звараныя укрутую, Два агуркі з грады і шчопаць солі. Тады ад нас дабрацца ў стольны Мінск Адзін быў спосаб: пешшу да Лагойска, А там, каля піўной сярод мястэчка, Прасіся ў шофера грузавіка, Каб ён узяў цябе... А ён і возьме. Але спытае перш: «А грошы маеш?» «Ага», - адкажаш ты. «Гані трыццатку – I марш у кузаў!» — кіне той з пагардай. Вось тут ты маху не павінен даць. Вядома, такса - трыццаць, і для ўсіх, Але ты будзеш ёлупень апошні, Калі не зможаш збіць хоць на пяцёрку, А той й на дзве... Па-першае, ты ўсё ж Яшчэ, лічы, падлетак, па-другое, Без багажу, без кошыкаў і вёдзер, Паўнюткіх ягадамі ці грыбамі, А раз улегцы - мусіць скідка быць.
Па халадку па ранішнім, бязважкім Вясёлым крокам, з радасным настроем, За дзве гадзіны я ў Лагойск прыджгаў. Каля піўной стаяў адным-адзіны, Нагружаны амаль да неба сенам, Магутны тупаморды «студэбекер». Наўзбоч, ля вёдзер і кашоў з дабром, Жанчыны тоўпіліся ладным гуртам I з зайздрасцю глядзелі на кабіну, Дзе ўжо сядзела, з хлапчуком пры боку, Шчасліўка - з іх жа, мабыць, грамады. «Калі вось гэтак - па адной, па дзве, Дык да мяне чарга няскора дойдзе, - Прыкінуў я, засмучаны знянацку. – Так і паўдня тут можна пратырчаць... А што, калі... - Я зноў і зноў агледзеў Бухматы воз, як сцірта, здаравенны, - А што, калі наверх я папрашуся? Там - парубень і ўпоперак вяроўкі, Трымацца ёсць за што. Па цэнтру лягу, Дзе ўціснута, дык і не бачны буду...»
Тым часам з забягайлаўкі-піўнушкі Вярнуўся шофер - малады мужчына З вясёлымі, смяшлівымі вачмі. I гэта падняло мае надзеі. - Мне надта ў горад трэба тэрмінова, Дазвольце мне туды, наверх, залезці, Я заплачу... - Наверх? - здзівіўся той. – А не зляціш, як страсяне дзе-небудзь? - Не, не зляту. Я за вяроўку буду У дзве рукі трымацца... Падвязіце! - Арол! Ну што ж, залазь. Адсюль, з кабіны. Але запомні: я цябе не бачыў. Ты ўпотай сам забраўся. Зразумеў? - Ага, - кіўнуў. I выняў два чырвонцы. - Вось грошы... - Грошы мне твае не трэба. Пакінь сабе іх — як узнагароду За смеласць і адвагу... Эйш, арол!