Выбрать главу
«Арол» між тым зусім арлом не чуўся, Бо ўся была ў выбоінах дарога, І так раз-пораз гоцала машына, Што падкідала і мяне наверсе, I я мацней сціскаў вяроўку ў пальцах, Не выпускаючы й партфель бясцэнны, Каб ад мяне не ўцёк неспадзявана. Бо выпушчу - і ўсё! Пішы прапала: Адгэтуль крыку шофер не пачуе, I не пастукаеш яму ў кабіну, Каб запыніўся... Аблізнешся толькі – I без партфеля, значыць, без штаноў, Як пёс пабіты, прыпаўзеш дамоў. Таму — аж гучна выдыхнуў нарэшце, I сэрца зноў вярнулася на месца, Калі пры ўездзе ў горад «студэбекер» Зацішыў ход і стаў. Ну, вось цяпер Магу сказаць, што мне пашанцавала: Я ў Мінск прыехаў задарма! Ура! А за «дарожныя», што не растраціў, Куплю ў кнігарні кнігу, а то й дзве. У бедны той пасляваенны час, Галодна-прагны на харчы для духу, Без кніг дамоў я з Мінска не вяртаўся.
* * *
У сорак сёмым летам стольны Мінск, Датла спажараны і зруйнаваны, Яшчэ жахаў пустэчай папялішчаў I зданямі сляпых муроў разбітых. Пад Ляхаўкай, дзе Свіслач робіць выгіб, У той луцэ на поплаве прырэчным, Дзе да вайны быў слынны іпадром, У сорак сёмым быў базар-таўкучка, - Універсальны, пра які казалі, Што толькі бацьку з маткай там не купіш. Туды я і прыйшоў - прадаць-купіць. Прадаўшы лодачкі, купіць штаны. Народу - процьма, хоць і будні дзень. Чаго, і праўда, тут не прадаецца - На тлумным скопішчы людскіх турбот! Я ў думках паўтарыў наказ-параду,
Што на дарогу мне сказала мама: «Спярша нрайдзіся, пацікаўся, колькі За туфлі-лодачкі другія просяць, Прыгледзься, ці такія, як і нашы, Ці лепшыя, ці горшыя, а потым - Вымай, паказвай і кажы цану. На менш, чым трыста, не згаджайся, сынку. Ну і пільнуйся ж, каб не ашукалі, Там, знаеш, колькі ўсякага жулля...»
I вось хаджу. Нібы - як пакупнік Гляджу і служаю. Цікава - страшна! Ай, як умеюць свой тавар хваліць! Якою складнай, вострай мовай сыплюць! А як таргуюцца! Як не ўступаюць Ані пяцёркі! Сварацца ажно! Тэатр, дый годзе! Цэлы б дзень, здаецца, Глядзеў і слухаў паядынкі-сцэнкі!..
«Генеральская папаха! Генеральская папаха! Налятай, каму нядорага! Ды і ўступім для каторага!»
«Чаравікі! Чаравікі!» «Колькі?» - «Трыста просім! Забіраеш?» - «Кошт вялікі!» «Што ты круціш носам? Ты бяры й не сумішвайся! Дома дзякуй скажаш. Будзеш біць - адно трымайся! I ў труну ў іх ляжаш!»
«Бурнос па дзяшоўцы! Бурнос па дзяшоўцы! Купляй,чалавеча! Бурнос — заглядзенне! I сам будзеш цёгаць, І баба адзене!..»
«Дзядзька, скінь хаця б пяцёрку!» «Мо табе аддаць дарма?» «Ён жа, глянь, зусім пацёрты!» «Ты пацёртая сама!»
«Колькі просіш, мадам?» «За «бумагу» аддам». «Хіба разам з табой – Тады, можа, й куплю!» «Калі разам са мной – Палавіну ўступлю!..»
«Што, падабаецца табе Тальяначка? Бяры! З ёй і ў асінавай журбе Не будзеш знаць бяды!» «Узяў бы, братачка, яе, Узяў і не гадаў, Калі б і рукі ты свае Мне заадно аддаў».
«Ну харасо! Ну харасо! Сто дваццаць концаных - і фсо! I то, мадам, сугуба вам! Бо візу, ві із тых, мадам, Хто панімае, сто к цаму. Дык вам - і лыотную цану!..»
Прайшоўшы наўкруга і перасекшы Базарны пляц упоперак крыж-накрыж, Спыніўся я і выдыхнуў: «Ну, фсо! Пара і мне свой торг распачынаць». I я дастаў з партфеля цуд заморскі - Карцінкі-лодачкі: мадэлі строгай, Без засцежак, без банцікаў, без строчак, З абцасікамі, выгнутымі пекна, З падэшаўкамі, гладкімі, як шкло... Ні ў кога тут падобных я не бачыў I блізка нават! А таму цану Я адпаведна вартасці назначыў: Паўтысячы - і ні рубля ніжэй! Мой «цуд» заўважылі, жанкі, вядома, I пачалі спыняцца, браць у рукі, Круціць, глядзець дасведчана і ўважна, Але, пачуўшы, колькі я прашу - «Ого! - ускрыквалі. - Ну й заламаў!» I, таргавацца нават не пачаўшы, Прэч адыходзілі або казалі: «За трыста - хочаш, дык давай вазьму». I я, напэўна, з пачуцця пратэсту Супроць такой насмешкі і абразы, Успыхваў раптам, траціў сарамлівасць І ўсё смялей ім сыпаў у адказ: «Вы паглядзіце толькі! Гэта ж цуд! Такіх не знойдзеце ва ўсёй краіне! Абуеш - і саперніцы капут! Як тому гаду Гітлеру ў Берліне!»