Выбрать главу
Заўважыў: ацанілі мой нязвыклы Прэтэнцыёзны хваласнеў тавару. «Ты бач яго! Як складна прымаўляе! I ведае, чым падкупіць жанчын...» Нагхнёны, пэўна, я і сапраўды Зрабіў бы лодачкам сваім рэкламу, Каб быў і змест у ёй, і склад, і лад. Але патрэба ў тым адпала раптам. Перада мной спынілася дзяўчына, Мая равесніца, а можа, нават I маладзейшая крыху, - дзяўчына Такой чароўнай, дзіўнай прыгажосці, Што я на момант там аслупянеў. «Прьшцэса! Тая, што ў кіно замежным Нядаўна бачыў. Чыстая прынцэса!..» З адкрытым, па-дзіцячы мілым тварам, З блакітна-васільковымі вачыма, З прыпухлымі пунцовымі губамі, З даўгой і тоўстай ільняной касой, У белай кофтачцы з бурштыннай брошкай, У цёмна-шэрай клёшавай спадпічцы, Як заварожаная, нейкі міг Яна на лодачкі мае глядзела, Затым, назад галоўку павярнуўшы, Гукнула: - Мама! Мама, йдзі сюды!..
На кліч «прынцэсы» падышла жанчына – Мажная целам, у квяцістым плацці, Са скураною сумкай у руках. – Глянь, мама, лодачкі, якраз такія, Як я хачу, - і колер, і фасон... – Сказала, гледзячы жанчыне ў твар, Чароўнае, нябеснае стварэнне. А я... а я з яе не зводзіў воч, Забыўшыся, чаго я тут і хто я, I адчуваў, як чырванею ўвесь, Як залівае твар гарачай хваляй. - Ну пакажы, - спакойна, не адразу, Нейк па-начальніцку сказала маці. I я падаў ёй лодачкі - абедзве. Адну, з вялікім нецярпеннем, тут жа Дачка схапіла - разглядае, ставіць На даланю, і пальчыкамі гладзіць, I зіркае на маці раз за разам
Такім шчаслівым позіркам, што я Адчуў у сэрцы дзіўнае жаданне, Каб іменна яна, яна, яна Купіла лодачкі мае! I нават Імгненна вырашыў: дзеля яе – Цану спушчу, не буду таргавацца... - Падыдуць, бачу зразу, што падыдуць, - Пераканаўча, горача, напорна Яна гаворыць імпазантнай маці, Каб тая не ўсумнілася, крый бог!.. - Ды пачакай ты! Мы яшчэ не знаем, За колькі хоча ён прадаць іх, можа, У нас і грошай гэтакіх няма...
Я не адразу зразумеў, што просяць, Каб я назваў цану, - мая ўся ўвага, I думкі ўсе, і чуйнасць, і свядомасць Былі забраны казачнай «прынцэсай»: Як сам не свой я чуўся перад ёй. - Дык колькі ж, хлопец, хочаш ты за іх? – Перапытала голасна жанчына. I я - куды дзяваўся мой імпэт – Адкашляўся і, каўтануўшы сліну: Чатырыста, - ледзь выдавіў з сябе. Што-што? Напэўна, ты жартуеш, хлопец! Зрэагавала насмехам жанчына. - Табе ніхто за іх не дасць і трыста. Але пра гэта рана гаварыць, Спярша прымерыць трэба, ці надыдуць. Хадзем на ўзбочча, дзе няма народу, - I, згоды не чакаючы маёй, Пайшла паперадзе, за ёй - «прынцэса», А за «прынцэсай» - я, усхваляваны, Разгублены - да роспачы амаль. «Дык як жа гэта? Не дадуць і трыста? Мне ж прапаноўвалі... Але такой бяды! - I тут жа ўслед пераляцела думка На іншае: «Каб толькі падышлі! Каб толькі ёй у самы раз былі!..» Ей, што ішла перада мной спаважна, У белай кофтачцы, у клёш-спадніцы, Такая зграбненькая ўся ў пастаці, Такая тоненькая ў паясніцы, З такой прыгожай русаю галоўкай На роўнай тонкай шыйцы пад касой!.. «Адкуль яна? Хутчэй за ўсё, мінчанка. І не з галетных. Не з такіх, як я. Цікава, як яе завуць? Напэўна, Не па-вясковаму, не Верка, Волька, А нейк, а нейк... Каб толькі падышлі! Каб толькі ёй у самы раз былі!..»
- Вось тут і будзем прымяраць, - сказала, Спыніўшыся на гладка ўбітай сцежцы, Жанчына. - Дай-ка ж, хлопец, іх сюды! I я падаў іх - лодачкі з-за мора, З люстрана чорнай натуральнай скуры, Без засцежак, без банцікаў, без сгрочак, З абцасікамі, выгнутымі пекна, З падэшаўкамі, слізкімі, як шкло... - Скідай сандалікі, дачка, і мерай! Я падтрымаю пад руку цябе... Амаль не дыхаючы, я сачыў, Як узбувае лодачкі «прынцэса» - Без прыкладання сілы, асцярожна Уздзела правую спярша і цупка Ступіла ножкай на зямлю - і вось – Ушчэнт шчаслівая глядзіць на маці. Ну што? Нідзе не цісне? - Як уліта! Бяры другую... Левая таксама Без намагання ўздзелася. «Прынцэса» Ізноў шчасліва глянула на маці I паўтарыла ўзнёсла: - Як уліта! - Прайдзіся трохі! I яна зрабіла Тры крокі ўперад і назад... I тут... I тут, адно цяпер заўважыў я, Адно цяпер, калі яна прайшлася, - Якія стройныя ў дзяўчыны ногі! I не таму, што ў лодачках былі, А ўвогуле... Ад Бога... Ад прыроды... Якой прыгожай, дасканалай формы! У светла-бронзавым загары летнім, Чысцюткія, без драпінак, яны Не проста так убачыліся мне, А ўсхвалявалі нейкай таямніцай, Што для мяне дасюль не існавала.