Выбрать главу
Ну так, дагэтуль я сваіх равесніц Цаніў адно па тварыках, - глядзеў На вочкі - каб свяціліся, як зоркі, На шчочкі - каб успыхвалі ружова, На носік - каб не вытыркаўся лішне, На зубкі, каб - як белыя каралькі, А перш за ўсё, бадай, на іх усмешкі... Але на ногі?! Не! I не таму, Што не было на што глядзець, што ў кожнай Яны былі да сінізны худыя, Парэпаныя ад вады і ветру, Абшэрпаныя, сколатыя ржоннем, Сухім бадыллем і калючым хмызам, Скусаныя сляннямі... А таму, Што не прыйшла яшчэ мая пара Глядзець на ногі... Ну і вось, нарэшце, Яна прыйшла. Упершыню ў жыцці Я ўбачыў прыгажосць не зрокам воч, А зрокам сэрца, што, па маладосці, Яшчэ зусім сляпенькае было I не паспела хоць бы раз затахкаць Тым неўтаймоўным тахканнем, якое Спыняецца адно ад замірання, - Вось як цяпер, у гэтую хвіліну, У гэты міг... О, што ж гэта яна? Нібы на сцэне, на якім аглядзе, Яна стаяла момант перад намі - Перада мной і маці, хоць глядзела Адно на маці, на мяне ні разу Не павяла і вокам, - быццам я Тут ні пры чым быў, выпадковы сведка, Ці ўвогуле тут не было мяне. «Ну бачыш? Бачыш?» - аж крычала ўся Яе шчаслівая наскрозь істота. I раптам... Каб упэўніцца самой, Як адмыслова лодачкі глядзяцца, Яна крыху схілілася наперад I падцягнула - хай не замінае Шырокім клёшам - шэрую спаднічку Угору, - не нашмат вышэй каленак, А ўсё ж вышэй... I мне перахапіла Дыханне... Ад неснадзяванкі я
Дадолу вочы апусціў, няйначай Рашыў зірнуць на шкрэбалы свае, У латках спрэс, папрышываных дратвай... Жанчына ўсё заўважыла, напэўна, I зразумела ўсё - дый хіба цяжка Было заўважыць ёй і зразумець, Што робіцца з няшчасным небаракам, Якое хмелле на яго найшло?
- Здымай! - сказала, як прысуд, жанчына, Так, нібы ўсё ўжо вырашана ёю, I ўсё ўжо зразумела: будзем браць. Чуць павярнуўшыся ка мне, спытала: - Ну што? Ты хочаш, каб яна ў тэатр У гэтых лодачках хадзіла, га? I я, наіўны, смешны, як хлапчук, Кіўнуў на згоду і сказаў: - Хачу... Як быццам з гэтай казачнай «прынцэсай» Пад ручку буду я ў тэатр хадзіць... Жанчына не стрымалася, відаць, I спасміхнулася сабе паблажна З дзіцячай прастадушнасці маёй. I, не марудзячы, палезла ў сумку. «Па грошы... Ну вядома!.. Будзе браць. А колькі? Колькі?» - роспачна ў грудзях Закалацілася імгненна сэрца. «А колькі дасць?.. Яно сабе!.. Абы... Абы ўзяла! Абы вось ёй... вось ёй!..» Я палымнею ўвесь і адчуваю, Што калі зараз мне жанчына скажа Аддаць дарма іх - і дарма аддам! Таму гляджу, няшчасны, не туды, Куды павінен - не на тыя пальцы, Што дастаюць чырвонцы, а на тыя, Што далікатна лодачкі здымаюць I ўжо трымаюць іх, нібы свае, I ўжо назад мне іх не аддаюць...
- Дык вось, - пачуў я голас, як прысуд, Якім страшэнна буду пакараны, Які мае шчаслівыя пакуты Імгненна ператворыць у нішто, - Канешне ж, гэтулькі яны не варты I гэтулькі табе ніхто не дасць, Хоць цэлы дзень тут стой. А я - даю. Тры сотні роўна. Чуеш? А чаму? Адно таму, што ты сумленны хлопец. Ты зразумеў? - зірнула ў вочы мне. I я ізноў наіўна, па-дзіцячы, Ёй у адказ ківаю: - Зразумеў!.. - Трымай! Яшчэ раз пералічым разам!.. I ў рукі мне, купюра за купюрай, Адлічаная сума перайшла... Я не паклаў іх зразу ж у кішэнь, Я іх трымаў у пальцах і, напэўна, Меў выгляд, быццам усумніўся раптам I зараз закрычу, што перадумаў, I гэтых грошай не вазьму... Але – Раззяпілася на ўсю зяпу сумка I праглынула лодачкі мае, - Карцінкі-лодачкі, заморскі цуд, Без засцежак, без банцікаў, без строчак, З люстрана-чорнай натуральнай скуры, З абцасікамі, выгнутымі пекна, З падэшаўкамі, слізкімі, як шкло... - Бывай здароў! - сказала мне жанчына, Нібы даўно знаёмаму — звычайна I як зусім даросламу - сур'ёзна. Да пабачэння! - хораша і шчыра Сказала ўслед шчаслівая «прынцэса» I паглядзела ў твар мне - першы раз За ўвесь наш торг без торгу... У адказ: Да пабачэння! - я кіўнуў чупрынай І паўтарыў мацней: - Да пабачэння!.. I аж пакуль яны ў гурме людзей З вачэй не зніклі, я стаяў на месцы І сам сабе шаптаў: «Да пабачэння!.. Да пабачэння!..» Вось і ўсё, бадай. Праз паўгадзіны, там жа, на базары, Купіў за выручку сабе штаны I там жа ў нейкага дзядка сівога Даволі танна - «Кннгу песен» Гейнэ, Цудоўны, рэдкі антыкварыят!..