* * *
Дадому я вярнуўся адвячоркам.
Пашанцавала сесці на машыну,
Што ехала якраз ажно да Гайны.
Усю дарогу на грузавічку
Я думаў толькі пра адно - пра тое,
Што здарылася на базары ў Мінску, -
Пра неспадзеўнае маё спатканне
З чароўна гожай, казачнай «прынцэсай».
Заплюшчыўшы павекі, зноў і зноў
Перабіраў я ў памяці гарачай
Амаль што кожны момант, кожны міг
Яе прысутнасці на гэным торгу,
На той прымерцы, асабліва ж часта
Успамінаў, як глянула яна
Мне ў вочы, кажучы «да пабачэння».
Да пабачэння - значыць: да сустрэчы.
Дык мо і праўда пашчаслівіць мне
Спаткацца з ёй? Я ж буду жыць у Мінску,
Хадзіць па вуліцах, трамваем ездзіць,
Ды і ў тэатр зрэд часу заглядаць...
Калі сустрэнемся дзе-небудзь раптам,
Абавязкова ёй скажу: «А помпіш,
Як лодачкі купляла на базары?
Не пазнаеш? То ж я іх вам прадаў!..»
Я быў амаль упэўнены: спаткаю!
Не можа быць, каб не спаткаў аднойчы!
Хоць і вялікі горад Мінск, а ўсё-ткі
Надзеі ёсць - я ж буду там штодня!
Гара з гарой не сходзяцца, а людзі
Абавязкова сходзяцца!.. Я веру,
Я веру, веру - сыдземся і мы!..
З такімі думкамі, з такім настроем —
Узнёсла радасным і акрылёным —
Зайшоў я ў хату. I адчуў адразу,
Па тым, як стрымана мяне сустрэлі,
Што тым часове здарылася штось.
Я расказаў і маме і малым,
Як па базары лодачкі насіў я,
Як не хацеў ніхто мне больш, чым трыста,
Даваць за іх, і як таму, нарэшце,
За гэту суму я іх і прадаў.
I паказаў штаны - сваю пакупку,
Надзеў іх нават тут жа, каб запэўніць,
Што я і ў гэтым не зрабіў праліку.
I выбар ухвалілі мой... Але,
Але ажно мне пачало рабіцца
Трывожна ўжо, - так, гледзячы на маму
I на малых, адчуў, што нешта стала,
Што нешта тояць ад мяне, і зараз
Пачую штось. I я не памыліўся.
Нарэшце мама, уздыхнуўшы цяжка,
Сказала: - Што ж, прадаў дык і прадаў,
А каб прывёз назад, каб не купілі,
Дык мо і лепей бы яшчэ было.
А то вунь цэлы дзень у пуні плача
I ўсё крычыць: нашто ён іх павёз?..
Не знаю ўжо, якой ёй рады даць.
Схадзі, мо ты як-небудзь угаворыш...
Тут і малыя ўзрушана, з трывогай
I спачуваннем да сваёй сястрыцы,
Загаманілі ўсе наперабой.
- Яна нічога цэлы дзень не ела!
- Ні снедаць не пайшла і ні абедаць...
А мама так сварылася, хацела
Яе набіць... I плакала таксама. –
І ўсе мы плакалі, і ўсё казалі:
От каб даў Бог ён там іх не прадаў!
I каб назад прывёз! А ты прадаў...
- Ну досыць, досыць! Сціхніце вы ўжо! –
Прыкрыкнула на іх нязлосна мама.
Я глянуў на яе - і занямеў:
Яна далоншо вочы выцірае!..
I так шкада мне стала ўсіх адразу:
I маму, і сястрыцу, і малечу,
А можа, нават і сябе самога,
Што радасць мне мая - ужо не ў радасць,
Як бы я страціў права на яе...
Пайшоў у пуню. Меншыя, канешне ж,
Хацелі сведкамі пры гэтым быць,
Але пачулі мой сярдзіты голас:
А вы чаго? Абыдзецца без вас! –
I зачыніў вароты за сабою.
У пуні, у кутку, на свежым сене,
Засланым шэрай посцілкай-рызаўкай,
Сядзела сплаканая ўшчэнт сястрыца.
Адкінуўшыся да сцяны спіною,
Глядзела ў шчыліну ў шчыце, адкуль
Лілося звечарэлае ўжо сонца.
Убачыўшы, што гэта я зайшоў,
Не ў твар мне, а на рукі паглядзела,
Як быццам спадзявалася, што ў іх
Я паратунак ёй прынёс ад смерці...
Але былі пустымі рукі брата!..