Выбрать главу
Я не паспеў загаварыць і толькі Прысеў на ўскраек посцілкі насупраць, Як, не ўздымаючы вачэй, сястрыца Спытала роспачна: - Ты іх прадаў? Я памаўчаў і адказаў: - Прадаў... - Ты злодзей! Злодзей! - закрычала раптам Яна і ўся затрэслася ад плачу. - Ты ўкраў іх у мяне! Ты ўкраў! Ты злодзей! Сыдзі з вачэй маіх! Сыдзі з вачэй!.. Закрыўшы твар далонькамі худымі, Знясілена схіліла галаву I безуцешна ўсхліпвала глыбока, Усё радзей, што праўда, і цішэй. Так даўшы выплакацца ёй яшчэ раз, Я ўлучыў момант і спытаў знянацку: - А ведаеш, каму я іх прадаў? I дзіва дзіўнае: яна імгненна Адкрыла твар і ўскінула пагляд Крыху прыпухлых, мокрых воч: - Каму? - Каму?.. Спачатку пакляніся словам, Што ты нікому гэтага не скажаш. - Клянуся чэсным піянерскім словам! – Сур'ёзна, чынна выпаліла тут жа, Як перад строем, бедная сястрыца. - Прадаў адной дзяўчыне, ды такой... Такой прыгожай - проста як прынцэса! Каб толькі ты пабачыла яе! У белай-белай кофтачцы шаўковай, У цёмна-шэрай клёшавай спадніцы, А вочы - сінія, як васількі, А на спіне каса — як чысты кужаль, А як уздзела лодачкі на ногі, Як іх абула і прайшлася ў іх... - А колькі ёй гадоў? — ад нецярпення Аж перабіла мой расказ сястрыца. Дык як і мне, відаць. А можа, нават I менш на год. - А як яе завуць? - Не знаю. Матка з ёй была, дык дзе ж я Пытацца буду! - А адкуль яна?
- Не знаю. З Мінска, пэўна. Ну канешне!.. Хвіліну цэлую сястра маўчала, А потым: - А яны ёй падышлі? - У самы раз, сказала. Як уліта!
Сястра ізноў замоўкла. Нейкі час Сядзела ціха і без дай патрэбы Круціла пальцам «кольцы» па рызаўцы. Пасля ўсміхнулася нейк сарамліва I, як дарослая, мне заявіла: - Цяпер я знаю ўсё: ты закахаўся!.. - Не гавары пустое! - узлавана Зрэагаваў я на яе заяву. - Не бойся, я нікому не скажу, - Па-змоўшчыцку міргнула мне сястрыца. - Але, але... а як яе ты знойдзеш? Ні як завуць, ні дзе жыве, не знаеш... - Знайду! Не бойся! Мінск, хоць і вялікі, Але ж я буду там аж тры гады I хоць дзе-небудзь там яе спаткаю - А ты штаны сабе купіў? - спытала, Успомніўшы пра клопат мой, сястра. - Купіў! Хадзем, пабачыш. - Пачакай... А ростам ці высокая яна? - Высокая! Амаль як я. - Ого! Дык добра! Я нізюлек не люблю. А гэта - добра... А калі не знойдзеш? – Перапытала зноў яна з трывогай. - Знайду, сказаў жа! Ну хадзем, хадзем! - Чакай!.. А мне ты скажаш, калі знойдзеш? - Скажу. - І пазнаёміш нас? - А як жа! - Ой, як я рада! - Ну хадзем! Хадзем! - Чакай... Скажы, а я, - і ледзь не шэптам Спытала: - Я таксама калі небудзь?.. - Што - калі-небудзь? - не адразу ўцяміў, Аб чым яна. Пачырванеўшы страшна, Яшчэ цішэй сястрыца прашаптала: - Мяне таксама нехта... пакахае? - А як ты думала! Абавязкова! Дый не такі, як твой нягеглы брат, А самы лепшы, самы найпрыгожшы У цэлым краі хлопец!.. Дык хадзем! Яна мільгом саскочыла з рызаўкі I, паглядзеўшы ў вочы мне, сказала: - Я не злуюся ўжо, такой бяды! Адно каб толькі ты спаткаўся з ёю...
* * *
Паўста гадоў прайшло ад той пары. Сястрыцы мілай, у якой калісьці Я гэтак жорстка радасць адабраў, Ужо даўно няма: адгараваўшы, Адмучыўшыся, рана, страшна рана Пайшла ад нас... А я - яшчэ цягну Памалу-поціху свой воз нялёгкі, Нагружаны грахамі, мабыць, так жа, Як той магутны «студэбекер» сенам, Што ў сорак сёмым вёз у Мінск мяне – З маёю першай перад ёй віною... I чым бліжэй мне да спаткання з ёй, Тым балючэй, гарчэй я ўспамінаю Той летні дзень, не раз пракляты мной, Калі цішком, употай ад сястры, Прадаў я лодачкі - яе надзею, Яе, падораную лёсам, мару... I хоць яна яшчэ тады ж мой грэх Мне даравала, як у час расстання I ўсе астатнія мае правіны, - Усё ж няма, няма спакою мне, I я, не знаю сам чаму, але Хачу сказаць усім мужчынам краю, Якога б сёння ўзросту хто ні быў: Не прадавайце сестрыной надзеі, Ні даччыной, ні матчынай, браты! Не прадавайце! Як бы хітра д'ябал Ні падбіваў вас на ганебны торг. Не прадавайце! Каб пасля аднойчы Не давялося горка шкадаваць, Кусаць сябе за локаць і ў прыпадку Бяссілля - біцца галавой аб мур.