Я глядзеў на неба зорны купал,
На зіхоткі пыл у сіняве,
I па зорках у бліскучых купах
Прачытаў я: Беларусь жыве!
I гукнуў ад радасці: браты!
Вось ён - сімвал нашай праваты!
Божы знак! I калі з вас каторы
Траціць веру стаў - чытайце зоры!
1997, верасень
КАЛІ Б НЕ ТЫ...
Даруй мне ўсё, што можаш дараваць,
А што не можаш - памалюся Богу,
Мо ён даруе, перш чым скіраваць
Маю душу ў апошнюю дарогу.
Мая душа... Якая толькі дрэнь
Не сілілася завалодаць ёю!
Каб у бязмоўны, безаблічны цень
Ператварыць. Каб не была маёю.
I, можа, так бы й сталася даўно,
Калі б не ты, мой ангел-выра тоўца.
Калі б не голас твой і не яно –
Табе адненькай ведамае слоўца.
1997, верасень
ПАСЛЯ СУХМЕНЮ
Вось яно, тое,
Чаго мне так моцна —
Я толькі цяпер зразумеў —
Нехапала:
Дотыку дробных,
Калюча-гаючых дажджынак
да сэрца...
У міг акрыяла!
1997, верасень
ЯК ЛІСЦЕ ЖОЎТАЕ...
Як лісце жоўтае, без подыху
Вятрынкі, капае дадолу, -
Так дні мае злятаюць поціху –
З гасцей вяртаюцца дадому.
Ах, да чаго ж, зямелька волглая,
Былі кароткія гасціны!
Як бы й зусім, як бы I ўвогуле
Не быў, не жыў, не меў Айчыны.
1997, верасень
ШТО, СЯБРЫ?
Што, сябры, ужо пра волю песні
Пець нялюба вам? Што - не чуваць?
Ах, да шкодных недзе іх аднеслі?
Ах, ужо няможна іх спяваць?
О, тады, канешна!.. Не спявайце.
Правільна! Тут ясна й прастаку.
Ну, а дзеля хлеба — падвывайце!
Падвывайце чорнаму ваўку!
1997, верасень
НЕ БЯДУЙЦЕ!..
Не бядуйце, настаўнікі мілыя,
Што з праграм і падручнікаў школьных
Песні-думы паэта праўдзівыя
Выдзяўбаюць, як шкоднікаў шкодных.
Выдзяўбаюць з той самай нянавісцю,
Як калісь, на крывавым прадвесні,
Каршуны, што віселі тут навіссю,
Выдзяўбалі Купалавы песні.
Выдзяўбаюць!.. А хто ж бо заступіцца?
Хто падымецца? Хто абароніць?
Белы зайчык пад кусцікам туліцца.
Звон на вежы знямелай не звоніць.
Звон не звоніць... Ды хоць і панылыя
Па калдобінах цягнуцца будні –
Не бядуйце, настаўнікі мілыя:
Шчырым песням не згінуць ад блудні.
З тых праграм, што ваююць, як ратнікі,
За свабоду — ніякім дэкрэтам
Іх не зняць! Калі нават сцярвятнікі
Заўтра выдзеўбуць сэрца паэта.
1997, кастрычнік
ЭЛЕГІЯ
Гэтай скрухі мне ўжо не пазбыцца.
I не трэба, міласна прашу,
На зыходзе дня, пад зараніцай,
Усыпляць мне чарамі душу.
Я да дна свой келіх выпіць мушу.
Мне не страшны ўжо ні яд, ні нож.
I калі, нібы кіта на сушу,
Лёс на волю выкіне, — ну што ж!
Адмаўчуся хоць... Бо ў паняверцы
Я не ўмеў разумна памаўчаць.
Разрываючы на часткі сэрца,
Одум горкі ходзіць па начах.
Для чаго, дзеля якой хімеры
Нёс я крыж усцяж фальшывых вех?
Ашуканы, здраджаны, схварэлы,
Як закладнік, дажываю век.
Гэтай скрухі мне ўжо не пазбыцца.
I не треба, міласна прашу,
На зыходзе дня, пад зараніцай,
Усыпляць мне чарамі душу.
1997, верасень
НАВОШТА РАДЗІМА ПАЭТУ?