Выбрать главу
М і р о н Палягуць тут яны, а не асядуць. Жывым асесці мы ім не дадзім. Заўчасная звярыная іх радасць. Свой план крывавы тут не здзейсніць ім. Заваяваць Расію немагчыма. Напалеон быў пасярод Масквы - I што? Назад з сагнутымі плячыма Праз Беларусь цягнуўся ледзь жывы.
В о л ь ка Якуб казаў, што Гітлера адолець Нялёгка: надта мае сілы шмат.
М і р о н Так, шмат. I ўсё ж народ наш заняволіць Павек не зможа гэты чорны гад! Дзеля таго й пайду ізноў я з дому.
В о л ь к а А я? Мірон! А я?
М і р о н А ты - чакай. І знаеш, што? Пра Паланэз нікому Ты не кажы. Забудзь і не спявай. Чым непрыгодзен ён - сказаў ужо я. Не з той ідэі ён прарос. З чужой.
В о л ь к а Хіба любоў, што ў ім гучыць, - чужое?
М і р о н Не, не любоў, а «будзь сама сабой». Ты зразумела? І скажы Якубу, Што ён паверыў у фальшывы звон. Ён памыляецца - сабе ж на згубу.
В о л ь к а Я зразумела... Я скажу, Мірон...

III.

На трэцім тыдні па вяртанні ў вёску Мірон адчуў, што гоіцца рука. А ў Слабадзе пусцілі пагалоску: У Дзікай пушчы бачылі Ванька.
З лазовым кошыкам — грыбнік, нібыта, Зарослы барадой, як дзед стары.
Дагэтуль тайнаю было пакрыта, Куды ён знік з прыходам немчуры.
Мірона чутка ўразіла: дык значыць, Загрэбін недзе тут, паблізу дзесь? А як звязацца? Як яго пабачыць? Ад думкі гэтай аж напругся ўвесь.
Апоўначы, калі бацькі ўжо спалі, Мірон пачуў: з двара яму ў акно Пастукалі; хвіліну памаўчалі – I зноў. А ён - як бы й чакаў даўно. Убачыўшы за шыбай здань мужчыны, Імгненна падхапіўся з тапчана, Усунуў спрытна ногі ў калашыны — I ў двор. Ён знаў: пастукала вайна.
В а н ё к Здароў, Мірон! Прабач за пазнаваты Візіт. Не па маёй, браток, віне.
М і р о н Здароў, Іван. Хто ў гэтым вінаваты — Вядома добра і табе, і мне.
В а н ё к Куды схінемся, каб людцы благія Не ўчулі? Ёсць пагаварыць аб чым.
М і р о н Хадзем у восець. Там - як у магіле. I чорт не ўчуе пасярод начы. У восеці
В а н ё к Настане час - пабачымся й прылюдна. Як рана? Чуешся ўжо весялей?
М і р о н Патроху гоіцца. Але марудна.
В а н ё к Ну, а загоіцца - і што далей?
М і р о н Пайду на ўсход.
В а н ё к Нашто табе на ўсход?
М і р о н Нашто? Каб ваяваць! За край наш вольны.
В а н ё к За наш савецкі край, за наш народ I тут змагацца можна. Калі здольны. Не скеміў? Бач, някемлівы які! Пра немца чуў, што кокнулі ў Альхоўцы?
М і р о н Чуў... Гаварылі, што прыпіснікі...
В а н ё к Прапіснікі... З маёй каманды хлопцы!
М і р о н Але за гэта немцы дзесяць хат Спалілі ў вёсцы. Пацярпелі людзі.
В а н ё к А як ты думаў? Каб вайна — без страт? Так не бывае. Страт нямала будзе. Твой план пра ўсход я не магу вітаць. Не дойдзеш. Фронт, што быў ля Магілёва, Ужо каля Смаленска. I, відаць, Яшчэ далей адкоціцца часова. Лічу, што ты са мной павінен быць. Работкі хопіць нам і тут гарачай. Падняць народ, каб немца з тылу біць – Ёсць стратэгічна важнаю задачай. Так у прамове Сталін сам сказаў, Яшчэ ў пачатку ліпеня. Не слухаў?
М і р о н Дзе? Я на пяты дзень палонным стаў. Ажно чатыры дні вайны адбухаў! На абароне Мінска — бачыў Бог, Як я ірваўся ў бой, — скарэй, скарэй бы! А ў батальёне ў нас — на кожных трох Дзве, ды і тыя бсз патронаў, стрэльбы...
В а н ё к Што мала так адбухаў - не тужы, Яшчэ паслужыш краю абаронцам, Усё ж наперадзе яшчэ... Скажы, Ты бачыўея з Якубам Занямонцам? Размовы з ім былі? Мне трэба знаць: Ён іншы стаў ці як і быў - той самы? Дакладней: ці магу я давяраць Яму - пасля ім перажытай драмы?