Выбрать главу
В а н ё к Ну, ясна... Значыць, у дарозе ўцёк. Так і сказаў бы, а не плёў мне казкі. I чым заняцца думаеш цяпер? Як жыць і быць і паслужыць Айчыне?
Я к у б Пасля ўсяго, што я перацярпеў, Мне рана думаць аб службовым чыне. Мне хоць бы трохі страўнік падлячыць - Каб не загнуцца. Язвай абзавёўся. Ды і душы даць трохі адпачыць - Сярод сваіх людзей, у роднай вёсцы...
В а н ё к Ну што ж, лячыся. I адпачывай. Здароўе-сіла - трэба. Набірайся! Але й аб іншым думаць пачынай. У выпадку чаго - са мною райся.
Я к у б Аб чым - аб іншым? Не зусім, прабач, Кумекаю. Глузды адбілі, мабыць.
В а н ё к Аб тым, як можа нават і ўцякач Радзіме памагчы адолець набрыдзь.
Я к у б Я ўжо сказаў табе, што я не ўцёк, А быў адпушчаны. Ну і запомні: Калі за Беларусь аддаць жыццё Святыя клікнуць - буду не апошні.
В а н ё к Святых пакінем для сівых бабуль - Няхай яны іх моляць аб ратунку. А мы - дакуль стаіць Масква - датуль З ёй будзем дзеяць у адным кірунку. Ты па-нямецку «шпрэхаеш» - ці не?
Я к у б Вучыў, але... Багаж даволі слабы. Чамусьці «дойч» у нас быў не ў цане. Не думалі, што ў госці прыйдуць швабы.
В а н ё к Знайдзі падручнік і далей вучы. Паставіш мэту - знойдзецца і цяга. Мо прыйдзецца мне «дойчам» памагчы.
М і р о н Які з мяне памочнік!.. Дахадзяга.
В а н ё к Нічога, адпасешся - аджывеш. Ну што, на першы раз, бадай, і досыць. Праз тыдні тры прыблізна, можа й менш, Я зноў цябе паклічу ў гэту восець. Вайна, як бачна, будзе зацяжной, Часовы выйгрыш на баку Адольфа. Але мы выстаім... Ну а зімой - Яму капцы: скапыціцца і здохне. Бывай! Ды на замку язык трымай. Калі, крый бог, у вёсцы загамоняць, Што мы з табою бачыліся - знай: Я расцашо як здраду, Занямонец.

V.

Не ўцешаны сустрэчаю з Ваньком, Якуб вяртаўся з восеці паніклы. «Не верыць... I чуць што - гой самы кон, На тыя ж самыя патраплю іклы.
Што трэба ад мяне - яму і ім? Нашто пакліча зноў? З якое мэты Ён «шпрэханнем» цікавіцца маім? Сказаў: вучы! На што намёк быў гэты?
На нейкую падмогу ад мяне? Ды быў бы рад! І сам бы далучыўся. Але... А потым што? А па вайне? На перасуд - на той, што не адбыўся?
Бач: не паверыў выдумцы маёй Пра афіцэра з добраю душою. Калі ад бомб разбегся сам канвой – Як не ўцячы было нам без канвою?
Разбегліся і зэкі - хто куды, На волю лёсу кінутыя вартай. Да родных хат, у родныя куты Панеслі боль віны невінаватай...
Не верыць... Буду, значыць, для Ванька Закладнікам сваёй «віны» да скону. Да самага апошняга званка – Што я не чорт - не дакажу нікому,
Павек не скіну, як праказы знак, Кляймо «нацдэма», «ворага народа», I будуць кожны раз глуміцца ўсмак – Маўляў, нам ведама твая парода!
Мая парода?.. Ад дзядоў яна. Ад бацькі й маці. Ад зямлі вось гэтай. Чаму ж не ведама! Здавён-даўна Мой род памечаны яе паметай.
Нічога ў ёй нялюдскага няма, За што судзіць, караць і ганьбіць можна. А вось... ледзь выбавіўся дух з ярма, I зноў — няпэўна, страшна і трывожна.
Зноў у вачах - крывавая імжа. Які ж ты зробіш на развілку выбар? Налева пойдзеш - куля ці кінжал. Направа пойдзеш - ці пятля, ці дыба...»
У гэткім скрушным роздуме Якуб Зайшоў у двор -- зірнуў і ледзь не войкнуў: Ля студні, абапёршыся на зруб, Жаночы цень!.. Праз міг пазнаў ён Вольку.
Я к у б Што гэта значыць, Волечка? Чаго Ты тут стаіш? Што сталася, сястрыца?
В о л ь ка Я... я цябе чакаю... З-за твайго Здароўя болесна мне і не спіцца. Не здаравееш ты. Ні тых харчоў, Ні лекаў тых... На Бога ўся надзея... А дзе ты быў? Я чула, як пайшоў, Чакала і... Баюся за цябе я...