Я к у б
Не бойся, Волечка... А дзе я быў?
Аселіцай рашыў прайсціся крыху.
Калісь я вельмі слухаць ноч любіў
I, ходзячы, лавіць у змроку рыфму.
Нішто мяне не чаравала так,
Як жнівеньскія ночы ў нашым краі...
В о л ь к а
Якуб, ты закаханы ў свет мастак, -
За што ж цябе так злыдні пакаралі?
Ты ж у жыццё прыйшоў дзеля красы,
I дзеля радасці, і дзеля шчасця..
Я к у б
Не. Лёс паэтаў — крыж. Ва ўсе часы.
Да шчасця Бог ім не дае прычасця.
А найцяжэй і найгарчэй, чым дзе,
Паэтам жыць пад небам Беларусі,
Дзе ўвесь народ, у горы і бядзе,
Цярпець знявагу і глумленне мусіць.
В о л ь к а
Якуб, калі б цябе пачуў Мірон -
Ой узлаваўся б! Ён зусім іначай
Трактуе і падзеі нашых дзён,
І гістарычны лёс краіны нашай.
Я к у б
Мірон... Прабач, але спярша скажы:
У вас - сур'ёзна ўсё? Ці так, між іншым?
Калі сур'ёзна - то сябруй, дружы,
Адно ў размовах не дзяліся лішнім.
Бо хоць і шчыры хлопец, твой Буёк,
Але наіўны вельмі; і фанатык.
Усіх нас прывучылі за паёк
Не там, дзе трэба, бачыць вінаватых.
У Мінску ў нас адзін прафесар быў,
Мы сябравалі з ім - па самы арышт,
Дык ён усё мне паўтараць любіў:
«Таварыш воўк авечцы не таварыш».
Ён столькі мне паспеў праліць святла
На нашы беды, крыўды, мукі, страты -
Ад тых часоў, як звалі нас Літва,
I аж па Рыжскі мір, навек пракляты!..
В о л ь к а
Яго святло і на мяне ты льеш,
Ды так, што мне яго ажно замнога.
Мне аж баліць ад слоў тваіх... Але ж -
Ты адзінокі, за табой - нікога.
Народ аб іншым думае, браток,
I клопат твой наўрад ці зразумее.
Усе адным трымцяць - каб наш куток
Не зруйнавала гэта віхравея.
Дарэчы, ты ж ужо, напэўна, чуў,
Што Цвэк вярнуўся з высылкі дадому?
Я к у б
Так, чуў.
В о л ь к а
Дык вось сказаць табе хачу,
Што ён не дасць жыцця Буйку старому.
Падходзіць да таго і проста ў твар
Асклабіўся - нібы пялёхнуў варам:
«Ну што, пакамісарыў, камісар?
Дык ведай: мы цяпер пакамісарым!
Усё мне, кажа, вернеш, што забраў:
I дом, і клець, і ток, і хлеў, і восець,
Каня, карову, сем вазоў дабра,
I тры свінні, і курыц дваццаць восем!..
Усё з цябе я, кажа, спаганю!
За усё спытаю - і па поўнай мерцы!
За вывезеную ў Сібір сям'ю,
За смерць дзяцей, за вечны боль у сэрцы!..»
Я к у б
А што Адам?
В о л ь к а
А той яму: «Змітрок!
За што ты хочаш мець са мной разборку?
Я не ссылаў цябе адсюль, браток,
I ні драбка не ўзяў з твайго падворку.
Хіба не памятаеш, як было?
Прычым жа я? Ну быў я старшынёю.
Але - пасведчыць можа ўсё сяло:
Перад табой віны няма за мною!..»
Я к у б
Ну, што ж... Вайна пачнецца ў Слабадзе.
Не з немцамі, а між сабой... Баюся,
Што Цвэк рахункі даўнія звядзе.
Ён повен ярасці. Яму балюча.
Яму занадта шмат зрабілі зла.
Калі не толькі дом і гаспадарка,
А ўсё жыццё здрапежана датла –
Чакаць ад Цвэка іншага не варта.
На гэту драму ты шырэй зірні.
Дзе разбураюцца асновы ладу,
Усталяванага паміж людзьмі, -
Там немінуча ўсё ідзе к распаду.
Усё: сям'я і быт, мараль і дух,
Давер і шчырасць, годнасць і сумленне.
Найстрашная ў жыцці з усіх разрух –
Вось гэта: душ і сэрцаў разбурэнне.
Распад і крах... Я добра помню дзень,
Калі забралі дзядзьку Міканора –
Ад хворай жонкі і малых дзяцей.
Ну а за што? I хто прынёс ім гора?
В о л ь к а
Тады казалі, што за шпіянаж:
Нібы насіў у лес шпіёнам весткі...
Я к у б
Ах, Волечка! Калі ўжо дзядзька наш,
Які тут сам наводзіў лад савецкі...
В о л ь к а
Дык а за што яго? Калі ўзялі -
То, пэўна ж, нейкая была прычына!
Я к у б
Была. Ён чуўся на сваёй зямлі
Гаспадаром. I быў арол-мужчына.
Лічыў абразай і цярпець не мог,
Калі яго прыезджы смэркуль браўся
Вучыць, што віка - гэта не гарох.
Ну і аднойчы, выпіўшы, сарваўся.
Абрэзаў смэркуля. «Адкуль, спытаў,
Ты гэтакі разумны прывалокся?»
I ўсё! I «ворагам народа» стаў.
Праз тыдні тры-чатыры дзядзька спёкся...
Жыццё ў грамадстве - як сярод ваўкоў:
Ні праўды, ні свабоды, ні маралі...
А ўсё таму, што колькі ўжо вякоў,
Як нашу Бацькаўшчыну ў нас забралі.