Выбрать главу
В о л ь к а Ну, а цяпер? Што будзе ў нас цяпер, Калі прыйшлі, як ты завеш іх, швабы? Мірон сказаў, што фашыстоўскі звер Страшней, чым воўк, нам пахрабошча скабы.
Я к у б Фашысты — гэта цёмны, дзікі зброд Падонкаў, нелюдзяў, забойцаў, злыдняў. Іх мэта — мірны, добры наш народ Зрабіць рабочаю скацінай, быдлам.
В о л ь к а Калі я ўбачыла іх першы раз, Так улякнулася - аж закрычала. Чужая страшна сіла іх для нас, Чужая сытамордая навала.
Я к у б Ну так, чужая... Іменна таму I трэба ўсім нам за сваё трымацца. Каб кожны з нас, наўперак усяму, Жыў на Радзіме, як дзіця пры матцы. Што будзе ў нас, пытаеш? Божы суд Нам невядомы. О, калі б мы зналі - У гэты век няшчасцяў і пакут - Што нас чакае і што будзе з намі!... Але нам спаць ужо даўно пара: Раздзейкаліся, як дзяды на прызбе. Вось-вось і морак паплыве з двара I ў вокны сонейка праменнем пырсне. Ідзі, кладзіся. Добрых сноў табе! А я падамся ў свой бярлог, на вышкі. Як марыў там я - выспацца ў капе! I вось — начуў мой голас Усявышні...

VІ.

Журботны верасень. Ужо другі
Пад акупацыяй разбойнай зграі. Усё шырэй крывавыя кругі I там і сям расходзяцца па краі.
Мірон у пушчы дзесь яшчэ з вясны. Бацькоў праведвае ўначы, патайна, Каб бачылі, знябыўшыся, яны, Што сын жывы, ліхой бяды не стала.
I з Волькай, баючыся злых вачэй, Ён сустракаецца ўначы і ўпотай. Пабачацца - і ёй крыху лягчэй Спраўляцца з думкамі, з тугой-самотай.
А думак шмат, а думкі ўсё растуць. I асабліва з тых начэй улетку, Калі Якуб стаў уставаць на стук I некуды хадзіць унепрыкметку.
Куды - ёй нават боязна спытаць. Бацькі таксама не крануць і словам, Адно з трывогай, з болесцю глядзяць, Як усё больш ён робіцца нервовым.
Быў не курыў ужо - цяпер ізноў Пачаў круціць цыгаркі з самасаду. А то - на шлях уставіцца ў акно I не адводзіць ад яго пагляду.
Зімой Якуб па прапанове ўлад Настаўнічаў у пачатковай школцы. За сімвалічны, але ўсё ж аклад. I«гарцамі» даплачвалі вяскоўцы.
Мірон на службу гэту не пайшоў I нейк спытаў з усмешкай нездаровай: «Чаму й па чым ты вучыш малышоў? Чытанкі ж нашы ўсе пад забаронай...»
«Мае чытанкі ўсе ў маёй душы: Купала, Колас, Багдановіч, Цётка, А першы - Багушэвіч... Дух чужы Не ўвойдзе ў дзетак. Толькі голас продкаў!..»
Калі апошні ўжо зары ласкут Пагас над лесам - стол накрыла маці. Пасля вячэры папрасіў Якуб Не разыходзіцца, пабыць у хаце.
Я к у б Я засмучу вас, любыя мае, — Вас, мама, тата, і цябе, сястрыца. Бог выйсця мне з нягодаў не дае - I я павінен лёсу пакарыцца. Пакінуць мушу я на нейкі час, Мо і надоўга, дом і кут свой родны. Калі не знікну, не сыду ад вас - Мне могуць вынесці прысуд смяротны.
М а р ы л я А Божа мой! Што кажаш ты, сынок! Ізноў прысуд? Якубачка! Дзіцятка!
С ц я п а н Спакойна, маці. Слёзы на замок Замкні. Наш род не з хліпкага дзесятка. Кажы, Якуб, усё начыстату: Што сталася? Адкуль такое раптам?
Я к у б Вы чулі, як я з дому ў цемнату Выходзіў і вяртаўся ледзь не ранкам. Па выкліку, для перамоў, хадзіў. Работу мне знайшоў Ванёк Загрэбін. А ўчора ультыматум аб'явіў: Або - або! Ці пойдзеш - ці застрэлім.
В о л ь к а У партызаны? Дык ідзі, Якуб!
С ц я п а н Не вытыркайся, Волька. Дай паслухаць.