Выбрать главу
Я к у б Наадварот: на працу да прыблуд. Фармальна - быць у швабаў на паслугах. На справе - патайным агентам стаць, Каб здабываць для партызан сакрэты. I я сказаў — усё, што мог сказаць: Што не па мне высокі гонар гэты. Ні выкрадаць, ні віжаваць-сачыць, Ні падслухоўваць - не магу, няздатны. Апроч таго, каб немцы залічыць Маглі мяне ў свой персанал у штатны, - Яны спярша правераць на давер. Правераць смерцю. I не раз, а дзесяць. Завесці скажуць вось таго ў кар'ер I расстраляць, а гэтага — павесіць.
М а р ы л я Каб ты страляў і вешаў? А сынок! А плюнь ты ў вочы ірадам праклятым!
С ц я п а н Спакойна, маці. Нервы на замок Замкні. Не будзе Занямонец катам.
Я к у б Яны рашылі ўзяць мяне ў гужы: Паколькі ты судом не апраўданы, Дык вось ідзі і справай дакажы, Што ты народу й партыі адданы. Ванёк адкрыта даў мне зразумець: Маўляў, упарцься, ды не забывайся, I калі хочаш будучыню мець — За прапанову нашую хапайся.
С ц я п а н А ў лес, да іх, Ванёк цябе не зваў?
Я к у б Не, ім агент патрэбен для выведкі.
В о л ь к а Дык хай бы іншага каго заслаў! Ці мала здатных на занятак гэткі!
Я к у б Мяне лягчэй на службу ўладкаваць: Рэпрэсаваны быў, даверу болей.
І мову швабаў знаю — не на пяць, Аднак жа лепш, чым нас наўчылі ў школе.
С ц я п а н Не бачу выйсця іншага, апроч Як ты рашыў. Жыццё дало асечку. Змазгуем так усё, каб заўтра ўноч Ты знік. Каб ранкам быў ужо ў мястэчку. У дзядзькі Тодара. Пабудзеш там, Пакуль мы тут ачомаемся крыху...
Я к у б Дакладна гэтак думаў я і сам: Спярша ў мястэчка, а адтуль - у Рыгу.
М а р ы л я У Рыгу?.. Божа! Аж за белы свет!
С ц я п а н Спакойна, маці. Дай паслухаць сына.
Я к у б Там сябар мой адзін жыве, паэт, Нас нарадніла горкая часіна. Сядзелі з ім у камеры адной. Цяпер працуе ў Рызе ў выдавецтве. Ён абяцаў апеку нада мной - Там, калі тут не будзе дзе мне дзецца.
В о л ь к а Якуб! А як - далей? А што пасля Цябе чакае? Немцаў жа прагоняць!
Я к у б Не ведаю. Хутчэй за ўсё - пятля, Калі сабе не здрадзіць Занямонец. Калі не стане брат твой халуём, А будзе ўсімі сламі змагацца, Каб наш крывіцкі, наш ліцвінскі дом Не запрапаў ад нечысці і гадства...
В о л ь к а Прабач, я плачу... Хто мне дасць адказ: За што нам выпала такая доля?
Я к у б Не трэба слёз. Бог не пакрыўдзіць нас. Давай мы лепш спяём з табою, Воля. Наш Паланэз Агінскага. Давай! Для мамы з татам. I для Беларусі. Авось пачуе і - ад краю ў край – Падхопіць? Га? Каб не гібець у скрусе.
С ц я п а н А гэта добра ты надумаў, сын. На развітанне песня лепш, чым слёзы. Спявайце, можа, вашы галасы I Госпад Бог пачуе праз нябёсы.
М а р ы л я Адно нягромка, дзеткі, каб людзей Не насцярожылі сваім пяяннем.
Я к у б За гэту песню веры і надзей Я ўжо адбыў, матулька, пакаранне...
Я к у б і В о л ь к а (пяюць) Край ты наш крывіцкі, родны край! Зямля дзядоў спаконная! Не трэба нам ніякі іншы рай, Апроч цябе, зямля, - зялёная, Блакітная, спакойная.
Толькі будзь сама сабой, Заўсёды будзь сабой, Павек вякоў - сабой, Павек вякоў свабоднай будзь, Свабоднай будзь! З няволяю ліхой, Няволяю праклятаю не знайся!
Ведай, што Касцьмі паляжам мы, Касцьмі паляжам мы, Касцьмі паляжам мы, - А вера матчына Не будзе страчана, Не будзе страчана, Не будзе страчана, Не будзе!
Край ты наш ліцвінскі, родны край! Навек нам Богам дадзены! Ты толькі вер і помні, вер і знай: Што завяшчалі нам дзяды і прадзеды – Таму не здрадзім мы!