Навошта Радзіма паэту,
Адбітая ў кроплі расы?
Ён - вольны вандроўнік сусвету.
Ён - вечны шукальнік красы.
Яго неспатольная мара
Не знае ні меж, ні пуцця.
Ён - вольных парываў ахвяра,
Ён - вечных блуканняў дзіця.
Ён ласкай не толькі планету,
А й космас увесь апаўе.
Навошта ж Радзіма паэту?
Каб косці ў ёй скласці свае.
1997, лістапад
ЖЫЦЦЁ
Не стала маці, да якое нёс
Душу збалелую - паспавядацца.
Не стала бацькі, што прымаў да слёз
Прапашчы лёс зямлі і гаспадарства.
Не стала брата, што дарадцам быў,
Калі ўзнікала клопатнае штосьці.
Не стала і сястры, з якой любіў
Успомніць песні нашай маладосці.
Не стала ўжо і бальшыні сяброў, -
Каб пасядзець за чаркай і яшчэ раз
Адчуць, што хіжы век нас не развёў
I што нам шлях не засланіла шэрасць.
Не стала ўжо, прашу мне дараваць,
I закаханага ў жыццё паэта,
Што так любіў над вершам шчыраваць,
Як Усявышні над стварэннем света!
Таго паэта ўжо мяма. Няма!
А сноўдае сярод руін былога
Яго двайнік. Не сільцеся дарма
Пазнаць у ім свайго братка старога.
1997, снежань
У НОЧ ПАКУТ
Гасподзь! Чаму й завошта
Ты мне даеш «адстаўку»
I так караеш жорстка —
На дзён маіх астатку?
Чаму мне не даеш ты
Патрэбнай сілы-моцы,
Каб выбавіць дарэшты
Душу з грызот бясконцых?
Чаму дазволіў д'яблу,
Замест дабра з любоўю,
Нянавісць і няпраўду
Прыставіць к узгалоўю?
Чаму ў такім рэжыме
Ты гоніш дні і ночы?
Як жыць, як жыць, скажы мне,
Пад грузам гэткай ношы?
Як жыць, калі наўкола,
Куды ні кінь вачыма, -
Як наркаман на ўколах,
Трымаецца Айчына.
1997, снежань
БОЖА, ДАЙ ТЫ ІМ, АСЛЕПЛЫМ...
Як калісь руплівец-прадзед,
Для сябе і для сямейкі –
Па закону і па праўдзе
Я набыў шматок зямелькі.
Божа! Свой шматок зямелькі!
Свой! Дажыў-такі! Уласны!
I хоць ён зусім маленькі –
Я пачуўся проста шчасным,
I з натхненнем і з ахвотай
Я аддаўся працы шчырай,
Каб, паліўшы ніўку потам,
Ад нуды ўцячы нішчымнай.
Каб прыбытак мець за збожжа,
Што збяру, засыплю ў клеці,
Хоць нарэшце - каб заможна
Зажылі: і сам, і дзеці...
Ды ўскрыліў мой дух заўчасна:
Не даюць мне стаць на ногі –
Ні дзяржава, ні начальства,
Ні прапойны люд убогі.
Ні даверу. Ні падтрмкі.
Ні крэдыту. Ні спрыяння.
Толькі злосць. Ды Маркса прымхі –
Для той злосці апраўдання.
Божа, дай ты ім, аслеплым,
Вочы ў рукі!.. Бо Іначай –
Хто напоўніць духам хлебным
Хату Бацькаўшчыны нашай?
1997-1998
НАСАРОГІ
Сыйдзіце! Сыйдзіце
З дарогі! З дарогі!
Не бачыце хіба?
Ідуць насарогі!
Асобіны ў цвёрдых,
Як панцыры, скурах –
Атрада капытных,
Разрада панурых.
На выгляд - нязграбы,
У рухах - няўклюдасць.
А ў зрэнках імглістых –
Прадонная лютасць.
Нястрымнаю сілай —
Сляпою, тупою
Ідуць па саване
Цяжэзнай ступою.
Аж жутка - як грузна,
Як грозна прастуюць!
Наскрозь прадзіравяць!
Яшчэ і здратуюць!
Таму - сцеражыся,
Бяскрыўдны, рахманы,
Насельнік саваны,
Багамі хаваны.
Пакуль ты з іх ласкі
Жывы і здаровы –
Схініся з дарогі!
Схініся з дарогі!
1998, сакавік
ПІШЫЦЕ ДЗЁННІКІ, ПАЭТЫ!
Пішыце дзённікі, паэты!
З бясстрашнай фігай у кішэні,
Кляйміце ганьбай прайдзісветаў,
Што так нахабна расшышэлі!