Выбрать главу
I сёння вось такі канцэрт ідзе, На адвячорку, у Пушчанскай Ліпе. Дзяцюк з гармонікам і рэй вядзе, I сам іскрыстыя куплеты сыпе.
А р т ы с т Сербіяначка-цыгынычка, Не стой на вуліцы: Наша вуліца - паляначка, Што ў лесе туліцца.
Ах, сербіянка-партызанка, Ты сваім не здрадзіла. Ах, раскажы нам, сербіянка, Дзе мілога страціла?
У натоўп слухачоў урываецца, з перакошаным ад гневу тварам, Ванёк.
В а н ёк Спыніць! Спыніць і разыйсціся ўсім! Замры, музыка! Скончаны забавы!
Г а л а с ы Ён што - напіўся? Што такое з ім?
В а н ё к Мірон! Сюды бягом, ваяка бравы!
Да Ванька з натоўпу прабіваецца Мірон.
Што - весялішся тут, такую маць?! А бацька з маткай дзе твае? Не знаеш? Там, дзе й мае! На ямішчы ляжаць! Забітыя ляжаць! Вось - сведку маеш!
М і р о н Дзед Юлісь? Што... ты гэта бачыў сам?
Ю л і с ь Так, дзеткі, бачыў... Сёння раніцою... Іх завялі на ямішча і там — Усіх... Яго й тваіх... Адной чаргою... А нас сагналі каля школы ў гурт, I старшы, рамянямі ўперазаны, Сказаў, што будзе кожнаму капут, Калі з сям'і хто пойдзе ў партызаны... А мне ён загадаў, той старшы, каб Я закапаў іх... У кар'еры гэным...
В а н ё к Мірон! Па конях — і хутчэй у штаб! Да камандзіра! Хай дазвол дае пам! Ідуць да прывязаных коней.
М і р о н Так, трэба ўзяць на Слабаду дазвол, Каб пахаваць па-людску, развітацца. Дык вось чаму я быў як сам не свой, - Душою чуў, што нешта мусіць стацца...
В а н ё к Ну беражыцеся! Пачнём грымець I мы ў адказ! I ў вас ёсць таты-мамы! Раз і этак - кроў за кроў і смерць за смерць! I вашых кінем у кар'ер той самы! Не, гадаўё! За смерць бацькоў маіх - Я буду помсціць так, каб волас дыбам! Да трэцяга калена выб'ю ўсіх! I котлішчы пушчу з агнём і дымам!..

IX.

Праз колькі дзён па тым, як на кладах Ванёк з Міронам пахавалі родных, Іх грозны камандзір аддаў загад Аб партызанскіх акцыях смяротных.
Каб трохі боль уняць, расслабіць злосць, Ды і каб страхі на людзей аселі – Па вёсках зоны ўсёй, дзе толькі ёсць, - Ліквідаваць калабарантаў сем'і!
А каб ахвяры не змаглі ўцячы, Даведаўшыся, што ідзе расправа, - Усіх іх працягом адной начы Схапіць і расстраляць на месцы прама.
Мірон, ад шоку адышоўшы ледзь, Увесь яшчэ ва ўладзе смутку й болю, Адчуў, што за бацькоў нявінных смерць I ён гатоў даць гневу сэрца волю.
Той дзень чамусьці боль калоў вастрэй. А ўвечары, ужо як згасла сонца, Мірон пачуў, што ў спіску на «расстрэл» Ёсць і сям'я Сцяпана Занямонца.
У першы момант ён аслупянеў. «Не можа быць!..» Адчуў, як за грудзінай У страх і жах перарастае гнеў, I кінуўся бягом да камандзіра.
Той быў ужо прыклаўшыся крыху – Як і штовечар, ды і ўдзень таксама, I хоць зусім не рады быў Буйку – Прыняў узрушанага партызана.
М і р о н Таварыш камандзір, клянуся вам: Яны не вінаватыя! Паверце!
К а м а н д з і р Хто?
М і р о н Занямонцы! Я іх знаю сам! Няма за што іх прысуджаць да смерці.
К а м а н д з і р Ого, як пафасна! Баец Буёк — Адставіць пафас! I прашу запомніць: Мы ўлада тут і знаем кожны крок Любога. Мы не чынім беззаконніц. Ты Занямонцаў ратаваць прыбег. А дзе іх сын? Дзе іх нацдэм зацяты? У партызанах, можа? Немцаў б'е? Ці ўцёк, збаяўшыся суда й расплаты?
М і р о н Таварыш камандзір! Іх сын Якуб Не стане немцам слугаваць ніколі! Ён ненавідзіць іх! I быў бы тут, Калі б не тыя тры гады няволі...
К а м а н д з і р Адставіць глупства! Вось табе мой сказ: Ты - дрэнны сын: замест таго, каб смерцю За смерць бацькоў спагнаць, ты ў гэты час Спагады просіш здрадніцкай сямейцы! Якая ганьба! Проста стыд адзін! I гэта - лепшы партызан атрада!