Выбрать главу
М і р о н Не здрадніцкай, таварыш камандзір! Не здрадніцкай! У чым і дзе іх здрада?..
К а м а н д з і р Баец Буёк! Кру-гом! І шагам-арш! Ты што - аглух? Ці захацеў пад арышт?
Мірон збялеў і задыхнуўся аж: Мацней, чым гэты ўдар пад дых, не ўдарыш.
Ён выскачыў са штаба і бягом – Да канавязі, да свайго Гнядога. «Хутчэй, хутчэй, мой конік наўздагон! Каб апярэдзіць! Да бяды нядоўга!
Не дам расправу учыніць, не дам! А там - хай будзе ўжо сабе, што будзе! Як што - дык з Волечкаю напалам Падзелім лёс у смерцявой астудзе!..»
Без сцежак, нацянькі, праз лес густы, Праз баравіны, выспы і паляны, Ён рваўся, абмінаючы пасты, На Слабаду - злабой і страхам гнаны.
I вось ужо абрыс знаёмых стрэх, Знаёмы двор, свіцяцца цьмяна вокны. Мірон кулём з каня, і раптам - стрэл, Услед - другі, і страшны лямант Волькі.
Ён на бягу, чаргой кароткай даў Па верхняй шыбіне, вышэй фіранак. Святло пагасла ўміг. З дзвярэй, як здань, Жанчына ў белым выбегла на ганак.
М і р о н Ты, Волечка? Хутчэй бяжы! Ўцякай!
В о л ь к а Мірон! Мірон!.. Ён іх забіў! Міронка!
М і р о н Бяжы, зараначка, бяжы! Бывай! Я затрымаю гэтага падонка!
Волька кінулася на загуменне.
Гэй, ты, што ў хаце! Я — Мірон Буёк! Ты чуеш там? Выходзь! Страляць не буду! Ты - не патрэбен мне. Выходзь!
Праз хвіліну з дзвярэй выходзіць з аўтаматам напагатове Загрэбін.
Ванёк! Дык гэта ты іх.... без суда-прысуду?
В а н ё к А ты - чаго тут?
М і р о н Бог мяне паслаў - Нявінных ратаваць ад рук ад братніх. За што ты іх, Ванёк? Ты ж добра знаў, Што іх віны няма...
В а н ё к Ёсць! Сын іх - здраднік!..
* * *
Паўзводна, рад у рад, стаіць атрад. Мірон, у споднім, - ад усіх на ўзбоччы.
К а м а н д з і р Увага! Смірна! Слухайце загад! «За дызертырства, зробленае ўночы, За прымяненне зброі, каб сарваць Аператыўна важнае заданне, - Байца Буйка Мірона - расстраляць!» Прывесці прыгавор у выкананне!

X.

У родны двор пагодным летнім ранкам Якуб зайшоў з салдацкім рэч-мяшком, У бляклай гімнасцёрцы з акуратна Пад рэмень падаткнутым рукавом.
Перахрысціўся перад ганкам, вочы Далонню выцер, уздыхнуў глыбей, I ў гэты міг пявучы голас Вольчын З разнасцежаных вылецеў дзвярэй.
В о л ь к а Якубачка! Браток! Герой наш мужны! А родненькі! А дзе ж твая рука? А мамачка! А татачка! Чаму ж вы Не сустракаеце свайго сынка?!..
Я к у б Здарова, мілая сястра, здарова! А слёз не трэба. Слёзы ты замкні, - Як тата раіў... Хай яе з дарогай! - Змарыўся страшна за чатыры дні. Амаль не спаў: ні ў цягніках набітых, Ні на вакзалах... Нават не прылёг.
В о л ь к а Хадзем жа ў хату! Божачка, які ты Увесь змарнелы!..
Я к у б Ну, здароў, парог! Здаровы, сенцы! I здарова, хата! А гаспадыня дзе? Дзе гаспадар? Даруй мне, мамачка! Даруй мне, тата! Павек мне карай гэты страшны ўдар. Даруй і ты мне, мілая сястрьша, Што сіратою стала праз мяне. Ні прымірыцца з гэтым, ні забыцца На гэты боль я не магу і ў сне.
В о л ь к а Якуб! Не трэба так. Відаць, над намі Такі ўжо лёс. Не мучайся дарма. Я тут усё - і днямі, і начамі – Абдумала... Тваёй віны няма. Што пазвярэлі многія і кроўю Упіцца праглі - ты тут ні прычым. Ты да людзей быў з Богам і з любоўю. I бедаваў, і думаў аб адным – Што з нашым краем будзе? З Беларуссю? Я помню ўсё, што ты мне гаварыў...