Выбрать главу
А сёння раніцаю, толькі ўстаўшы, Якуб угледзіў, як яна ўзяла Вяроўчыну і, пад каптан схаваўшы, Як непрытомная, у клець пайшла.
Нутром нядобрае пачуўшы штосьці, Ён падхапіўся - і кулём у клець. А ўжо вяроўка на круку... Ад злосці Якуб няшчасную не ўдарыў ледзь.
Я к у б Ты што?! Ты што?! Як ты магла такое Уздумаць? Ты наважыла мяне Пакінуць аднаго на полі бою? I памагчы тым самым Сатане?..
В о л ь к а Даруй, Якуб! Даруй! Я не хацела Цябе пакрыўдзіць... Проста ўся душа Даўно сатлела ўжо і ператлела. I не ўваскрэсла, і не адышла... Дзеля чаго мне жыць, браток? Навошта? Ты ж бачыш сам, Якуб! Ты ж бачыш сам!
Я к у б Няпраўда! Нельга думаць так бязбожна! Бог чуе нас — і Ён паможа нам! Хадзем адгэтуль!
Вядзе яе за руку ў хату.
Стань перад іконай I папрасі, каб дараваў Гасподзь, I пакляніся ўголас, што ніколі Не зробіш волі Божай насупроць. Бог даў жыццё табе, як і любому, Каб апраўдала ты ягоны дар, А не рассталася з ім па-дурному, Як нейкая няздара між няздар. Так, нам не цешыцца жыццём-забавай. А для чаго тады, пытаеш, жыць? Для нашай Бацькаўшчыны занядбанай! Каб ёй, забытай Богам, паслужыць! Мы больш сядзець не будзем, рукі склаўшы.
Пачнём выводзіць душы на прастор. I для пачатку ў сельскім клубе нашым Арганізуем беларускі хор. Мы ж пець умеем! Ды і песень родных Багата знаем. Вось і развіём Работу. Знойдзем падтрымаць нас згодных - Дзяўчат, жанок, бабуль... I запяём! Сваёй жа песняй беларускай будзем Да Беларусі зваць. Будзіць і зваць! У барацьбе з атрутным словаблуддзем Шмат душ так зможам мы адваяваць. Я ўжо абдумаў гэта ўсё належна. Пара! Пара ўжо штосьці нам рабіць! I пачынаць з найпростага, канешна. Дык як? Бярэмся сцежку церабіць?
В о л ь к а Не ведаю, браток... Яшчэ мне цяжка Неспадзяваны план твой успрыняць.
Я к у б Ах! Прынясі сюды маю біклажку - Там кропля горкай... Колькі ёй стаяць! Ляпейшай, можа, і не быць нагоды, Чым гэта: значыць, чыста і да дна! За наш пачатак шляху да свабоды! За веру нашу! Каб жыла яна! Каб не ўмірала ў беларускіх сэрцах! Каб у вяках ёй не запалынець!... Ну, а цяпер - у знак яе бяссмерця - Спяём наш беларускі Паланэз.
Я к у б і В о л ь к а (пяюць) Край ты наш крывіцкі, родны край! Зямля дзядоў спаконная! Не трэба нам ніякі іншы рай, Апроч цябе, зямля, - зялёная, Блакітная, спакойная.
Толькі будзь сама сабой, Заўсёды будзь сабой, Павек вякоў - сабой, Павек вякоў свабоднай будзь, Свабоднай будзь! З няволяю ліхой, Няволяю праклятаю не знайся!
Ведай, што Касцьмі паляжам мы, Касцьмі паляжам мы, Касцьмі паляжам мы, - А вера матчына Не будзе страчана, Не будзе страчана, Не будзе страчана, Не будзе!
Край ты наш ліцвінскі, родны край! Навек нам Богам дадзены! Ты толькі вер і помні, вер і знай: Што завяшчалі нам дзяды і прадзеды – Таму не здрадзім мы!
В о л ь к а Чакай! Чакай, Якуб! Машына стала Наўпроць. Ваенныя да нас ідуць.
Я к у б Да нас? Якая трасца іх прыгнала? От гады! Песню скончыць не дадуць!
В о л ь к а Якуб! Мне страшна. Што ад нас ім трэба?
Я к у б Не бойся! Хай сабе ідуць. А мы – Пяём далей! Пяём! Ды так, каб рэха У шыбы дзынкала, як у званы!
Пяюць больш голасна і ярасна. Толькі будзь самім сабой, Заўсёды будзь сабой, Павек вякоў сабой, Павек вякоў свабодным будзь, Свабодным будзь! З няволяю ліхой, Няволяю праклятаю не знайся!
Энкавэдзісты тым часам зайшлі ў хату. Стаяць і глядзяць недаўменна: маўляў, што яны - звар'яцелі?