Пішыце, мілыя! I ў скрынку,
У стол хавайце іх, каб потым
Чытач-нашчадак горда ўскрыкнуў:
«Вось быў змагар! Вось быў апостал!
Як не цярпеў ён служкаў здрады,
Што край прадаць былі гатовы!
Якія гнеўныя тырады
Абрынуў ён на іх галовы!..»
Пішыце! I, каб не спазніцца
I не ўпусціць бяздарна шанцу,
Хутчэй бяжыце пакланіцца
I ў ручку цмокнуць запраданцу.
Пасля кульніце дома чарку,
I нават дзве - як пад закуску.
I гэта будзе - ад пачатку
I да канца - па-беларуску.
1997-1998
Я ХАЦЕЎ БЫ АДНО...
Памяці Яўгеніі Янішчыц
Успаміны пра Жэню?
Даруйце, але...
Я не здолею іх напісаць.
Сэрца вугаль-графіт
даастатку скрышыўся,
ад жалю размяклы.
Я хацеў бы адно –
калі дойдзе мой голас –
ёй ціха сказаць:
«Кепска, Жэнечка...
Долю здабыць Беларусі
не можам ніяк мы...»
1998, лістапад
I СПЫТАЕ СУД ВЫСОКІ
I спытае неўзабаве
Суд высокі, грозны:
«Вы чаму другой дзяржаве
Край збывалі родны?
Хто падбіў вас, ніцых духам,
Так распараджацца
Лёсам Маці, што ў пакутах
Прагне долі-шчасця?
Хто даў права скамарохам
Руйнаваць свабоду,
Прывітаную народам
У малітвах Богу?..»
Так няўмольны суд спытае
З валанцёраў здрады.
I ніхто хай не чакае
Ад яго спагады.
1998, снежань
У ЧАКАННІ КРЫГАЛОМУ
Гата здарыцца, напэўна,
На світанні... На світанні
Трэсне радасна і гнеўна
Гром у пойме, за сялом.
Я павінен гэты момант
Не праспаць ні ў якім разе
I пачуць на слых уласны,
Што пачаўся крыгалом.
I пабачыць, I пабачыць,
Як вада напорна хлыне,
Разняволеная ўрэшце
Ад аковаў ледзяных.
Прыгажэйшага на свеце
Я відовішча не знаю,
Чым пачагак крыгалому,
Чым свабоды першы міг.
1970.1999.
НА ЧУЖЫНЕ
У падзямеллі векавых муроў,
Дзе ціш магільная ды морак рэдкі,
На саркафагі змёрлых каралёў
Наведнікі кладуць жывыя кветкі.
Гляджу з журбой на гэты клопат іх –
I зноў пяршыць у горле, як ад смагі.
А дзе ж магілы каралёў тваіх,
Мая краіна? Дзе іх саркафагі?
I каралёў, і мужных ваявод,
Што за тваю змагаліся свабоду?
Чаму іх памяць зведзена на звод,
А гонар кінуты пад ногі зброду?
Гляджу на храмы, плошчы і сады,
На помнікі падзеям і героям ...
Чаму ж чужой гісторыі сляды,
Запаўшы ў сэрца, аддаюцца болем?
Таму што ў іх - і гордасць, і краса,
I веліч славы, і аб шчасці крозы...
Твая ж гісторыя - наскрозь і ўся –
Адны пакуты, гора, кроў ды слёзы.
1982. 1999.
СВІЦЯЗЬ
I.
О Свіцязь, сон неразгаданы
Нябёс, апаўшых на зямлю.
У хвалях, сціху разгадайных,
Святыя воблікі лаўлю.
Мне старажыл сказаў: бывае,
Што ў яснасонечныя дні
Адбітак душ іх усплывае
З крыштальна чыстай глыбіні.
Яна і ён. Нібы на здымку,
Схіліўшы да чала чало,
Яны то ўзнікнуць на хвілінку,
То знікнуць - як і не было.
Штогод тут розны люд дарожны
Стаіць над люстрам хваль тваіх.
Але не кожны, не, не кожны
Меў шчасце-шанц убачыць іх.
А толькі той, хто моцна-моцна
Сам закаханы колісь быў
I, век зжываючы самотна,
Не разлюбіў і не забыў.
II.