Цябе, з Адамам і Марыляй,
Найпекны цуд з усіх азёр,
Сваёй зямлі перыферыяй
Назваў замежны гастралёр.
Ужо прысвоіў! Прыхаўрусіў!
I не падумаў, чорт крывы,
Што ты ёсць сэрца Беларусі,
Душы сяродачак жывы.
Ужо гатовы і ў арэнду
Выгодна здаць цябе. Цябе –
Найпаэтычную легенду
У вечным смутку і журбе.
1998-1999
СВЯТОЧНАЕ
Жаўталістым ранкам, на Пакровы,
У святы багаславёны дзень,
Ты сказала, што закон суровы
Не пакінуў месца для надзей.
I аднак жа, як начны марозік,
Што пад сонцам робіцца вадой,
Растапіўся твой няўмольны позірк
Перад больш высокай праватой.
Не, не д'яблік перамог спакусны,
А, хутчэй за ўсё, сам Дух святы
Моц явіў і так зрабіў, каб ты
Не схавала ў шаль пуховы вусны.
1999
ПАТОП
Вада, вада... Амаль да гарызонта
Ва ўсе бакі - куды ні глянь - вада.
Патоп дый годзе! Бедная старонка!
Зноў нас карае страшная бяда.
Паводка падступіла аж пад вокны.
Вясковай вуліцай нлыве рака.
Ля хаты ў чоўне дзед сядзіць падмоклы.
А сабачок - на стрэшцы хлеўчука.
Ён апантана з ланцужка ірвецца,
Скуголіць, скача, яўкае, — відаць,
Праймае страх душу, што застанецца
Адзін - ахвярай безгалоўя стаць.
Бяда, бяда!.. Калі б адно паводка!
Вада спадзе і сыдзе ў рэшце рэшт.
А як уняць разліў хлусні нязводнай!
Яе стрымаць - дзе сілы набярэш?
Яна ўжо топіць кут-закутак кожны,
Віруе ў вёсках, муціць гарады...
I ты, паэт, крычыш, бездапаможны,
Ад роспачы, ад страху, ад жуды.
Калі спадзе і сыдзе гэта ношасць –
Пры нашым п'янстве, нашай цсмнаце?..
Ну, супакойся! Можа, ж Бог паможа –
I згіне ўсё, што вольны дух гняце.
Яшчэ ж народ не поўны алкаголік,
Яшчэ не ў кожнага трымціць рука.
Чаго ж ты кідаешся і скуголіш,
Як сабачок на стрэшцы хлеўчука?
1999, сакавік
ПАМЯЦІ Г. Дз. КАРПЕНКІ
У дні, калі так шмат наўкол хлусні,
Пачварства, пошласці і мітусні, -
Ён жыў сумленна, годна і прыгожа.
За што ж ты гэтак пакараў нас, Божа?
У дні, калі жыццё трымціць ад страху,
Ён баязліва не звярнуў са шляху,
Ён мужнасці вялікі меў запас.
Чаму ж ты, Божа, ўзяў яго ад нас?
У дні, калі жыццё ў бядзе і скрусе,
Калі ён так патрэбен Беларусі,
Як хворай маці любы родны сын, -
За што ж нам, Божа, гэткі боль усім?
06.04.1999
УЖО САМ БОГ СКАЗАЎ
На стыку двух вякоў
I двух тысячагоддзяў
Гісторыяй самой
Наканавана нам –
Згадаць наказ дзядоў
I, з воляй іх у згодзе,
Адбудаваць свой дом
I асвяціць свой храм.
За тысячу гадоў
Мы столькі крыўдаў знеслі,
Спазналі столькі бед,
Паклалі столькі страт,
Што ўжо сам Бог сказаў:
«Народзе! Уваскрэсні!
I перайнач жыццё
На свой уласны лад!»
Калі ж і гэты шанц
Унусцім мы бяздарна
I ў новы ступім век
Бязмоўнымі, як скот, -
«Няўжо, - спытае Бог,
I я браў слова марна?
Дык што ж за людзі вы?
I што вы за народ?»
1999
СМЕРЦЬ НА НЯМІЗЕ
У краіне,
дзе волю дыктуюць
фантом і абсурд,
смерць людзей на Нямізе -
кашмар нечуваны і страшны:
ачмурэлы ад піва і спёкі
шматтысячны гурт
затаптаў на прыступках
паўсотні дзяўчатак няшчасных.
Так ад бомбаў,
ад куль і снарадаў
мужчыны не пруць,
як ад летняга ліўня з градзінкамі
«рыцары» пёрлі -
па касцях, па вачах,
і па сэрцы тваім, Беларусь,
і па крыку - жахлівым, апошнім,
застрэлым у горле...