I яны прымалі божы дар –
Iзлучалі вусны пацалунку,
Так адчайна - нібы ў паратунку,
Нібы мог чарговай хвалі ўдар
Скінуць, змыць іх і панесці ўдаль.
I тады яна на момант-міг
Аб усім на свеце забывала
I ў шчаслівым забыцці шаптала:
«Хай змывае! Толькі б абаіх!
У абдымку! У руках тваіх!.. «
Ды чамусьці не азваўся гром,
I не ўпала ў мора бліскавіца,
Не ўзмахнула крыллем навальніца, -
Пэўна, дзесь раней, ля чорных стром
Неба выплеснулася дажджом.
Хмары зрэдзіліся і сплылі,
Зноў заззялі зоры, выйшла поўня,
I прыбой сцішэў, ашлях раптоўна,
А яны... адчулі стынь скалы
I да болю пальцы рук сплялі.
I глядзелі моўчкі ў выш нябёс
З несуцешнай крыўдай і дакорам.
Што ж не грымнула ты, ноч, над морам?
Душы грому прагнулі, а лёс
Іх не ўчуў - і стараной пранёс.
1999, травень
АДКЛЮЧАНЫ
Ён сышоў з электрычкі,
Спусціўся па сцежцы ў лагчыну
I спыніўся чагось.
Нібы ўкопаны, стаў і стаіць.
Штось забыў? Перадумаў?
Ці стала нядобра мужчыну?
Задуменна схіліў галаву
I пад ногі глядзіць.
На зямлі сакавік.
Сонца снег ручайкамі свідруе.
Вунь як сочацца скрозь,
Як імпэтна бягуць і журчаць!
Чалавек жа нічога не бачыць,
Нічога не чуе.
Як сляпы і глухі.
На абліччы - няшчасця пячаць.
«Як жа ўсё гэта стацца магло?
Хто жыццё спанявечыў?
Хто й чаму насадзіў -
Гэты глум, гэты гвалт, гэты здзек?
Хто мне свет збаламуціў -
Тады, як расправіўшы плечы,
Я ўжо быў уздыхнуў,
Што нарэшце і я чалавек?..»
Прыдарожныя вербы
Кранаюць заспаныя гуслі.
Льецца сонца
I соснам на ўзлеску душу маладзіць.
А на сцежцы стаіць чалавек
I, як курыца ў гузік,
Атупела глядзіць у нішто,
У нікуды глядзіць.
1999, чэрвень
НА МОГЛІЦАХ
Старыя вясковыя могліцы,
Дзе ўранку, і днём, і ўначы
Сосны з бярозамі моляцца,
Вартуючы вечны спачын.
Тут, тут, у надзеях на лепшае,
I моладзь, і людзі ў гадах,
«Дзядам» аддаюць належнае, -
На ціха-журботных кладах.
Што праўда, журбы тут паменела,
Як горад амбітны прыйшоў:
На мармур з гранітам заменена
Драўляная скруха крыжоў.
I як у сталіцы рэч марная –
На шыльдах Радзіму шукаць,
Так тут на граніце і мармуры
Таксама яе не відаць.
Ніводнага тэксту, ніводнага –
На мове дзядоў, што ў зямлі!
У памяць аб родных — не з роднага
Пісьмоўніка словы ўзялі.
Не родныя словы і мовяцца
У дні памінальныя тут...
А сосны з бярозамі моляцца
За тых, хто ўжо збыўся пакут.
1999, чэрвень
БРАТУ БЕЛАРУСУ
Не драмі, беларус, не драмі, -
Схамяніся, агледзься відушча.
Што табе ўгатавана, зірні,
Каб зайсціся ты мог ад удушша.
Мала цынкавых трун-дамавін
Атрымаў ты з чужацкіх фарпостаў?
Зноў гатовы хадзіць да магіл,
Што пачнуць курганець на пагостах?
Знецярпеўшы глядзець у журбе
На знябытасць тваю і гібенне,
Бог наважыў даць волю табе,
Даць адхланне, ад гнёту збавенне.
Не праспі ж, беларус, не праспі
Гэты лёс, гэты дар легендарны.
Разламі, разварочай, разбі
Векавую шкарлупіну ганьбы!
Глянь, як вольны шыкуецца свет,
Як жывуць пабрацімцы-славяне,
Супакойныя тым, што павек
Квет свабоды у сэрцах не звяне.
Не дазволь жа і ты, не дазволь
Над свабодай занесці сякеру!
Акрывавіць адвечны твой боль.
Апаганіць твой гонар і веру.
1999, кастрычнік
ДЗВЕ СТРАФЫ ПРА ЖАНЧЫН БЕЛАРУСІ
Нідзе на нланеце,
Дзе выпала мне пабываць,
Не бачыў я столькі
Чароўных і вабных жанчын.
Чароўных красою,
Якую ад воч не хаваць
I дзённым дазволена богам
і богам начным.