Выбрать главу
Хоць ты выгукні: «Дзядзечка, мілы, пара! Колькі ж можна капціць? Ты заседзеўся, родненькі! I не ў думках табе, Што паэты з пяра Не жывуць. Кашчанеюць, гаротнікі!..»
Ды гукаць я не стану. Хай дзядзька капціць - Хоць да ста. На панэль, як нябога-банкрутачка, Мая муза Не пойдзе вачыма свяціць. Нізавошта! Яна ж у мяне - беларусачка!..
2000, снежань

МОЖА СТАЦЦА

Можа стацца - і я адыду У сутонь курапацкую I на сыпісты жвір упаду Не ўасобку, а ў брацкую.
Дык калі вы мой прах там знайсці – Прыйдзе час - зажадаеце, - Па шырокай крывіцкай касці Вы мяне распазнаеце.
2000

ВЫ, ПЭЎНА, ЛІЧЫЦЕ...

Вы, пэўна лічыце, што ў гэты свет Я і прыйшоў для баявога чыну. О не, сябры! Мне Божы запавет Быў іншы - славіць сонца і жанчыну.
Але Радзімы ўкрыжаванай лёс, І для самога Бога неўспадзеўку, Маю душу на барыкады ўзнёс, Дзе і трапечацца яна на дрэўку.
2000

ЗУСІМ ПРЫВАТНАЕ

О, друг мой, Як гэта нямала — На захадзе дня Сядзець каля грубкі I слухаць, Як трэскаюць дроўцы, Як льецца мелодыя жарсці З-пад пальцаў агня, I ў тон ёй Шукаць у душы Запаветныя слоўцы.
2000

ЗАПОЗНЕНАЕ

У сэрцы і дагэтуль пе пагухлі Заранкавыя водсветы вясны. Я нават помню, як скрыпелі туфлі, Калі праходзілі Вы ўздоўж сцяны.
У зале той, бітком набітай, цеснай, Іх тонкі, мяккі, мілагучны скрып Здаваўся музыкай мне паднябеснай, I я ўзлятала з ёй увысь без крыл,
I тут жа падала дадолу ніцма, Спалохаўшыся мрояння свайго: «Дурніца я, нікчэмная дурніца, Не вартая і позірку яго!..»
I больш не мроіла... Хоць вочы пухлі Ад слёз - ад першых слёз маёй вясны.
Я нават помню, як скрыпелі туфлі, Калі праходзілі Вы ўздоўж сцяны.
2001

МАСТАК

Аляксею Марачкіну

Спаткаў мастака я, кашмарнымі змучаны снамі, I стаў яму плакацца: «Што ж гэта сталася з намі? Нядобрае нешта! Не так мы жывем, беларусы!..» А ён мне і кажа, усмешкай рассунуўшы вусы: «Пагляньце, як хораша сонца ўзыходзіць над паркам! Як хмаркі палашць! Як неба залоціцца ярка! А тыя, што нашай свабодзе магілу капаюць, - Нізрынуцца ў яміну самі і ў ганьбе сканаюць!..» Праз месяцаў колькі мы стрэліся зноў на праспекце, I зноў я гатоў быў упасці ў няпрошаны скепсіс. А ён мне і кажа, спыніўшы мяне на паўслове: «Пагляньце на гэныя клёны ў агністай абнове! Пагляньце, які туманок устае над ракою! А тыя!.. - махнуў ён з відочнай пагардай рукою, - Папомніце: схлынуць і згінуць брыда і звырода, Што прагнуць забрудзіць святьші і гонар народа!..»
А сёння... I сёння настрой у мяне быў сірочы, I я, не хаваючы смутку, зірнуў яму ў вочы, А ён усміхнуўся і жальбы не даў мне разводзіць. «Вы гляньце, вы гляньце, якія жанчыны парходзяць! Якія красуні! З такімі мы права не маем Ні хныкаць, ні хліпаць - адно мілавацца наўзаем! А ўсе запраданцы і юды, прапахлыя псінай, Павесяцца ўсе на балоце - на ўсохлых асінах!..» Руку мне націснуў на ростань і знік у натоўпе. I дзіўнае дзіва - я іншым пачуўся настолькі, Што ўжо і не скрушна, і ўжо я рэальнасці рады, Стаю і любуюся, нібы з ягонай парады, Як сонца садзіцца за дахі, - няспешна, бы ў стоме, Як казачна ў парку зліваюцца цені ў сутонне, Як бела-ружовыя хмаркі ў рацэ карагодзяць, Як вабна, як гожа і годна жанчыны праходзяць!.. Ну хай сабе міма, ну хай на спатканне з другімі — Малюся, каб Божая воля трывала над імі, I веру, што годнасці іх сатане не адолець, Што ласку яны запраданцам і юдам не дораць.