Выбрать главу

Мікола КУПРЭЕЎ

Палеская элегія

Аповесці

Мінск , Литература и Искусство» 2007

Серыя заснавана ў 2007 годзе Укладальнік Л. М. Галубовіч

КупрэеўМ. С.

К 92 Палеская элегія: аповесці / Мікола Купрэеў, укладальнік

Л. М. Галубовіч.— Мінск : Литература и Искусство, 2007.—

312 с.: іл— (Лімаўскі фальварак).

15ВИ 978-985-6720-21-8

Мікола Купрэеў (1937—2004) — вандроўны паэт з Айчынай у «жураўліным сэрцы». «Палеская элегія» — пасмяротная кніга пісьменніка. Аповесці, сабра- ныя пад адной вокладкай, — гэта яго мастацкая аўтабіяграфія. Пісьменнік, які во- ляй лёсу амаль усё жыццё адпрацаваў настаўнікам літаратуры ў школах Палесся, які ўздоўж і ўпоперак зведаў гэтыя мясціны як краязнаўца, вельмі тонка вывучыў своеасаблівую натуру палешукоў з іх непаўторным укладам жыцця, звычкамі, све- тапоглядам. Таму вобразы купрэеўскіх герояў надзвычай каларытныя, як і асоба самога аўтара, які пакінуў пасля сябе на нашай зямлі не толькі «светлае імгненне», але і бяспрыкладную любоў да роднага краю. А кніга ў цэлым — гэта светлая спо- ведзь сірочай душы пасярод агульнай адзіноты, скоранасці і сумненняў.

I8ВN 978-985-6720-21-8

УДК 821.161.31 ББК 84(4Бей)-44

© Купрэеў М. С., 2007 © Афармленне

РВУ «Литература и Искусство», 2007

АБРЫСЫ ТВОРЧАЙ ПОСТАЦІ ПІСЬМЕННІКА

ГУТАРКА ЛЕАНІДА ГААУБОВІЧА 3 МІКОЛАМ КУПРЭЕВЫМ, ЯКАЯ АДБЫЛАСЯ НА ПАЧАТКУ 1994 г.

Г.: Мікола, даволі пагаманілі мы з табою сам-насам, а вось зараз давай рызыкнём вынесці нашу размову на публіку. Усё вельмі проста, прынамсі, як для мяне, журналіста, які звык варушыць чалавечыя душы. Вось цыгарэты, вось кава... Кавы не п'еш?.. Пачакай, гляну ў буфет... Павінна недзе гарбата быць...

Ну што, цяпер можна пачынаць? А з чаго ж нам пачаць? Давай з каламбура: з чаго і з каго пачаўся паэт Мікола Купрэеў?

К.: Упэўнены, ніхто з Паэтаў (сябе я, канечне, не адношу да гэтай шаноўнай касты з вялікай літары) не помніць, з чаго і з каго пачаўся. Як ніхто з людзей не помніць сваіх першых крокаў па зямлі, сваіх першых вымаўленых словаў. Толькі версіфікатар, графаман можа сказаць: з таго і таго, тады і там. А юны чалавек са шчымлівай, трапяткой душою не скажа, нават не шапне, а проста няўцямна падумае: можа — у лесе, можа — ля ракі, можа — ля вакна, расчыненага насцеж у сонечна- зялёны ранішні свет роднага падворка, а можа, і хутчэй за ўсё, крыху пазней — ля слядоў дзяўчынкі, калі цікаваў за ёю з-за дрэва, з-за куста, ЦІ ля яе блізкага дыхання за пярэдняй партай; а можа — калі вучыў і ніяк не мог вывучыць на памяць «Мой родны кут! Як ты мне мілы!..» Не мог вывучыць на памяць таму, што побач з коласаўскім словам раптам страпянулася апантанымі крылцамі і сваё слова... Але ён нічога гэтага ўжо не помніць — бо то быў проста працяг жыцця, але жыцця Ужо нейкага нетутэйшага...

Настаўнік прыходзіць да творцы-пачаткоўца сам. Дакладней: патэнцыяльны настаўнік-паэт і патэнцыяльны вучань-паэт ідуць, імкнуцца адзін да аднаго на сустрэчу і, сустрэўшыся, злучаюцца ў адну душу. Той настаўнік можа быць жывым сучаснікам, а можа быць ужо даўно па-за сваёй фізіялагічнай існасцю, але — не па-за паэзіяй. I неабходна, каб вучань хоць зрэдку паказваў-чытаў яму свае творы — яны ж злучыліся ў адну душу, і таму таленавітаму пачаткоўцу неабходна гэта — павяраць свой радок (!) духоўнай і эстэтычнай сутнасцю паэзіі куміра. Паўтаруся: павяраць сутнасцю, а не радком яго, не слоўнікам яго...

Такое адбываецца, калі пачатковец жадае мець настаўніка-паэта (дарэчы, настаўнікамі-натхняльнікамі могуць аказацца і празаікі, напрыклад: I. Бунін, М. Гарэцкі, Я. Брыль).

Але ж былі, і ёсць, і будуць пачаткоўцы-адзіночкі, пры тым — зацятыя, якія ад усіх адмахваюцца рукамі, упарта ўцякаюць ад усякіх уплываў, хоць нехта ж некалі і даў ім паэтычны штуршок, узрушыў чуйнае сэрца.

Але мы тут гаворым пра тое, як бывае — пра настаўніцтва і вучнёўства.

У маім сціплым выпадку ўсё, здаецца, пачалося з «Кургана» Янкі Купалы. «Курган» я ўпершыню прачытаў (ці пачуў — не помню) у другім ці трэцім класе, і паэма мяне так уразіла, што я доўга маўчаў у сваім кутку ў хаце, — уразіла нейкай дзівоснай, незразумелай тады, і прыгожай, і страшнай музыкай, сваімі не ўсюды зразумелымі і, зноў жа, страшнымі словамі. Гэта было насланнё, начараванне, штуршок на задуменнасць у сваім самотніцкім кутку...

Настаўнікам маім Янка Купала не стаў. У юнацтве растрывожылі мяне, падштурхнулі сесці перад чыстым аркушам паперы і нешта (нешта!) напісаць на ім Максім Багдановіч і Аляксандр Блок. Доўга пакутаваў музыкай і раскаванасцю іх паэтычнага радка (у «Страцім-лебедзі», у «Вольных мыслях» ). А крыху пазней, але ўсё яшчэ ў юнацтве добра-такі патрывожылі палякі Галчынскі і Тувім, іспанец Лорка, француз Прэвер, летувіс Марцінкявічус. Але і яны настаўнікамі, у вузкім значэнні гэтага слова, не сталі, як не маглі імі стаць ні для кога. Ага!.. Усе згаданыя мною паэты, пачынаючы ад Купалы, зліліся з часам у адну Асобу, асобу Паэта, да якое хацела далучыцца і мая перыферыйная душа.