Фашысты дазволілі дзеду ноччу адкапаць маму. Яе прывезлі на калёсах на дзедаў двор, памылі і днём пахавалі на кладаўі.
Дзед, баба, дзядзькі і цётка ў Ямнаўцы не ведалі пра гэта.
Дзядзька Ігнат адпомсціў старасту за смерць мамы.
Савецкі народ перамог пад кіраўніцтвам вялікага, мудрага, роднага Сталіна. Наша зямля была вызвалена з дапамогай вялікага рускага народа. Мы жывём пад сонцам Сталіна».
У сачыненні было падкрэслена чырвонай хвалістай рыскай слова «кладаўі», а пад сачыненнем пастаўлена адзнака «5».
Там, у каморы, мне падумалася: ці ведае бацька пра гэты сшытак? Мы ж пасля Чорных Пяскоў двойчы пераязджалі. Як бы ён аднёсся да сшытка?..
Тады, у Чорных Пясках, Вольга Іванаўна пахваліла мяне бацьку, дырэктару школы, паказала сачыненне. Дома вечарам, пасля чаркі ў Падвальнага (так па-вулічнаму звалі загадчыка падвала спіртзавода), ён паківаў пальцам перад маім носам і сказаў:
— Ты, Толя, больш ніколі не пішы пра дзядзьку Ігната, ясна?
Я кіўнуў галавой. Хаця нічога мне тут не было яснага. Я толькі ведаў, што да дзядзькі Ігната, калі ён у сорак другім годзе жыў з цёткай Верай у дзедавай хаце, ішлі ўсе людзі. Помню яго гарбаты нос над сталом, а на тым стале — розныя інструменты: малаткі, напільнікі, рашпілі, нажы і ножыкі, долатцы, шыльцы, абцугі, кусачыкі, адвёрткі, паяльнік, волава, да краю стала прымацаваныя ціскі. Дзядзька Ігнат рамантаваў гадзіннікі, лудзіў вёдры і тазы*, каструлі, шыў чаравікі, шмат чаго яшчэ рабіў. А вечарам да самай маладой цёткі Зіны прыходзілі дзяўчаты і хлопцы, дзядзька Ігнат іграў ім на гармоніку, яны скакалі і спявалі, дзядзька шырокай далоняй пляскаў па дзявочых попках, мацаў у дзяўчат грудзі, цётка Вера злавалася і разам з усімі рагатала. Не смяялася, маўчала ў куце на ложку, толькі зрэдку і слаба ўсміхалася мая мама.
Я помню яе ў чорным палітончыку і квятастай гарусцы. Мы з Галяй стаялі ля яе каленяў і яна ціха гладзіла нас па галоўках. Помню яе вялікія самотныя вочы, і мне здаецца, што ў іх заўсёды блішчэла сляза. У тым чорным палітончыку яна бачыцца мне на ганку той раніцай, калі тата адыходзіў паперадзе немцаў ад яе...
Дзедава хата трэслася ад граю, скокаў, рогату. Калі было ўжо задужа позна, павольна адчыняліся дзверы з пярэдняй хаты: адтуль глядзеў дзед. Невялікага росту, з худым, маршчакаватым і строгім тварам і заўсёды акуратна прычасанымі валасамі, ён стаяў перад расчыненымі дзвярыма і глядзеў. Глядзеў ён нядоўга, зачыняў дзверы, і моладзь адразу дружна рушыла да тых дзвярэй, казала «дабранач» і выходзіла ў сенцы, на двор, на вуліцу. Дзед замыкаў вароты. У доме праз тры двары чулася п’яная песня: «По диким степям Забайкалья...» Стаяла цёплая летняя ноч, вокны ў тым доме былі расчыненыя. Спявалі стараста Махлюдаў, яго старэйшы сын і паліцай Лізакоў.
Дзед бразгаў клямкай у сенцах, тушыў у хаце лямпу, шаптаў перад бажніцаю малітву, падыходзіў да нашага ложка за грубкай. Мы з сястрой былі накрытыя коўдрай і ціха ляжалі. Накрыла нас мама, сама ж пайшла дамоў да таты. Дзед нахіляўся над намі, мацаў коўдру — правяраў ці добра мы ўкрытыя, і ступаў у тую хату. Там паціху стагнала ад сваіх хваробаў баба, клікала дзень і ноч дачок Маньку, Верку, Зінку, меншага сына Ваську, нашу маму або мяне. Дзеда не клікала, — бо то быў дзед і вечны рабацяга ўсюды па-за хатай і па-за дваром. Не клікала да сябе, калі ён сюды прыходзіў, і нашага тату, — бо той быў, як яна казала, «цілігент». Ніколі не клікала і дзядзьку Ігната, — бо не любіла яго, а не любіла за тое, што ён усё ўмее, хітра жартуе і абдурыў кажа яна, яе дачку Верку, якая маладзей ад яго на дванаццаць гадоў. Не клікала і сына Пецьку, — бо таго ніколі не было дома і дзе ён ужо з паўгода — ніхто не ведае.
Галя ўжо заснула, набегалася за дзень. Дзядзька Ігнат з цёткай Верай пайшлі спаць у камору, цётка Маня кладзецца на лаўцы ля печы, бліжэй да бабы. Маладыя дзядзька Васіль і цётка Зіна прыйдуць з начное гулянкі і ўлезуць у хату праз акно, яно не зашчэплена. Я слухаю ноч у хаце, за вокнамі, і апошняе, што чую, — «судьбу проклиная...»
Прачынаюся ад бразгату вёдраў — цётка Маня на каромысле носіць ваду. Потым грымяць даёнкі. У шырокім хляве тры каровы. Рыжая і самая старая і з цяжкім, аж да зямлі, вымем — гэта карова дзедава і бабіна. Таксама рыжая, але маладая — гэта карова нашая, маміна і татава. I зусім маладзенькая, чорна-белая — гэта ўжо карова дзядзькі Ігната і цёткі Веры. Дояць кароў цётка Маня, мама і дзядзька Ігнат.
Мама ставіць нам з Галяй на лаўку гладыш сырадою, ціха гладзіць нам валасы, нешта шэпча, цалуе Галю, бо яна зусім маленькая, і выходзіць з хаты — пайшла дамоў.