Выбрать главу

Гэта ля дзедавага млына — тыя найпершыя пахі майго маленства, якія чую і сёння.

I яшчэ пахне мёдам поле. Мы ідзём з дзедам, я ўперадзе, вузкай убітай сцежкай, вакол бела цвіце грэчка, у ёй гудуць пчолы, патыхае ціхім ветрыкам, ветрык нясе пах мёду. Мы ідзём у Хмелянец да дзедавага кума. У дзеда на плячы вісіць кайстра, а ў кайстру баба палажыла гасцінец — буханку жоўтага хлеба, каўбасу, кубак мёду і поўную бутэльку з драўляным коркам.

3 грэчкі мы ўвайшлі ў густы бярэзнік, збоч сцежкі было імшыстае балотца — у папаратніку і кусціках дурніцаў. Дзед паказваў кійком убок ад сцежкі і казаў, мусіць, так:

   —  Во пачынаюць сінець дурніцы, а во то ажына. А гэта — крушына. Ваўкі любяць ягады крушыны...

Я азіраюся назад. Бо адно — калі чуеш казку пра ваўкоў, і іншае — калі ваўкі ядуць крушыну ля сцежкі, па якой мы ідзём. А дзед кажа:

   —  Глянь, унучак, у траву. Бачыш рыжую шапку? Гэта падасінавік, краснюк. Будзем ісці назад — назбіраем грыбоў... Эх, унучак мой! Добра тут у нас, калі б не...

Што «калі б» — дзед не сказаў. Ён спыніўся, сеў на пянёк, даў мне патрымаць кіёк, ручка ў кійка была гладкая, вузлаватая і крута загнутая — як рог у нашага барана. Варушыцца дзедава барада — ён нешта кажа. Можа, дзед казаў тады, у бярэзніку, што во як хораша можна жыць на свеце: тут табе і хлеб, і мядок, і ягадка, і грыбок, і дрэўца, і кусцік, і трава, і ў полі грэчка, а ў двары пад курыцай яечка, і баба драніка спячэ, а дзед чарачку вып’е — гэх! Дзед крэкнуў ударыў крэсівам...

Зноў звон дзедавага крэсіва я пачуў вясной сорак чацвёртага. А тады, праз дні два-тры пасля нашага хаджэння да дзедавага кума, калёсамі ў Ямнаўку прыехаў дзядзька Васіль і забраў нас з мамай і Галяй у Вікоўку, там нас чакаў тата. Вечарам прыехалі ў Вікоўку. Ніхто з Ямнаўкі больш ніколі не бачыў мамы...

На дзядах трымалася ўсё. Дзед вікоўскі з трыццатага года араў, касіў, цяслярыў у калгасе. Дзед ямнаўскі да пяцьдзесят чацвёртага неяк умудрыўся ж быць аднаасобнікам, адзіным на ўвесь сельсавет — пакуль не прыціснулі: абрэзалі соткі, не далі пашы... Малоў людзям, пчалярыў меў сваю невялікую кузню ля канавы, а ў стопцы і пад павеццю ў двары круціліся, самакрутам, жорны, гудзелі нейкія станкі і станочкі — там таксама малолася, ціснулася льняное і канаплянае семя і ў гладышы цёк густы алей, а ў прасторнай пярэдняй хаце стаяў варштат, ля якога пахла сасновай стружкай — дзед рабіў сталярку для Крыўскай царквы (у хату прыходзіў бацюшка ў чорным, аднойчы ён паставіў мяне ў таз перад бажніцай і паліваў вадой з далоні), стаялі

ў той хаце і кроены — помню: за кроснамі сядзіць мама і кідае між стрункіх нітак чаўнок...

Вясной сорак чацвёртага, як толькі з вікоўскага поля стаў сыходзіць снег, мы з Кірэйшыным Жэнькам і Буднікавым Сашкам выкалупвалі капачкамі з халоднай зямлі мерзлую чорную бульбу. Я вярнуўся з кошыкам дамоў і на двары ўбачыў старыя ямнаўскія калёсы, на іх — сена, а на сене — пацёртую «хромку». Гэта Іван, мой браценік, старэйшы ад мяне на дзесяць гадоў, прыехаў за мной і Галяй. Зноў цэлы дзень мы трасліся па разбітай шашы, Іван граў на «хромцы» і пеў усю дарогу адну песню: «На зялёным каўрэ мы сядзелі, цалавала Наташа мяня» — і ўсё выбіваўся ў яго з-пад шапкі кучаравы русы чуб. Конь ішоў сам, нават ведаў, калі, з горкі, трэба і падбегчы. Я трымаў лейцы. Галя ціха сядзела ў сене, ногі яе цётка Маня ўхутала старым кажухом. За Гадзілавічамі Іван палажыў гармонік Галі на кажух, дастаў з торбы бутэльку, хлеб, цыбулю, выпіў шклянку гарэлкі, наліў мне крышачку, сказаў, каб я выпіў, мы закусілі. Галя сказала: «Сказу дзеду, ты малы, а піў галельку». Іван абняў Галю, пацалаваў у шчаку, узяў гармонік, цмокнуў на каня, ён пабег з горкі, Іван зноў запеў: «На зялёным каўрэ мы сядзелі...»

Іван граў на вяселлях, яго аблезлая «хромка» вішчэла і ў хаце Кузькінай Ніны, калі яна выходзіла замуж за майго тату. Пасля гэтага вяселля ў Вікоўку з Ямнаўкі вёз нас з Галяй таксама Іван, граў, піў з горла гарэлку і пеў «на зялёным каўрэ...» Неўзабаве яго забралі ў армію, і дамоў ён больш не вярнуўся, ніхто не ведае, што з ім сталася...

Апошні раз мы з дзедам ішлі ў царкву ў Стары Крыўск. Царква добра віднелася з Ямнаўкі: яна стаяла ля шашы на тары. I раніцай, і сонечным днём, і чыстым вечарам купал яе высока залаціўся і крыж яе стаяў у небе. Даўно хацелася пайсці з дзедам у царкву, але пайшлі толькі тады, калі бацька мой пасля вайны працаваў у школе далёкавата, у Свержані, і рэдка прыязджаў у Ямнаўку веласіпедам.