Выбрать главу

   —  Адзінаццаць!

Дзядзька Сцяпан адгукаецца з лодкі:

   —  То і добра! Але паглядзі, Восіп, ці расце што на палянцы. Дзядзька Восіп, мусіць, ведае, дзе тая палянка, бо крочыць ад берага крыху правей. Каза ў ахвоту скубе траву, але я нацягваю вяроўчыну, вяду яе следам за дзядзькам, а каза ўсё парываецца скубянуць травы. Мы ж таму і ўзялі яе з сабой у лодку, што яна, можа, лепей за той дазіметр адчувае нутром, дзе трава здаровая, дзе — не. Калі што, дык пажуе, пажуе ды і выплюне. Адно што не скажа нам, колькі там, у траве, гэтых мікрарэнтген. Да таго ж, не ўсякую і здаровую траву козы любяць. Во я магу выцягнуць з чорнай мулі пры беразе аерыну, расхінуць ад кораня яе сцябліну і са смакам з’есці белую сакаўную нутранасць. Але я не вазьму ў рот ніякага лісця з дрэва ці з куста, а каза мая ўжо напінае вяроўчыну, каб дастаць галінку крушыны. А пра лазовае лісце і не кажу. Ад альховага ж пысу адварочвае...

Ідзём праз гушчар. Ідзём нізінкай — тут мяккі жаўтаваты мох, купкі ядлоўцу, пахкага багуну, высокі дурнічнік з буйнымі зялёнымі ягадамі. Недзе на памежжы лета і восені прыйсці б сюды і пасмакаваць блакітных кісла-салодкіх ягад — гэтых дурніц. Хлопцы з інтэрната завуць іх яшчэ хто — лахачамі, хто — галубікай... Каза мая, як галодная, рве зубамі дурнічнік. Нацягваю вяроўчыну і амаль валаку яе ўслед, подбегам, за дзядзькам. Зноў і гушчар, і во — ступаем на палянку. I стаім як утрапёныя, здзіўленыя: проста перад намі — людзі. Хлопцы і дзяўчаткі. Яны стаяць ля зялёнай палаткі і слухаюць, што ім кажа стараваты і сівавалосы мужчына. Адной рукой ён абапіраецца на кіёк, другой паказвае кудысьці ў бок вялікай ракі. На ім белая кашуля і сінія порткі — трыко з белай палосачкай. Хлопцы і дзяўчаткі перад ім — у стракатым, рознакаляровым, лёгкім, па-спартыўнаму, па-паходнаму — адзенні. Чамусьці ўсе яны панурылі свае галовы, і ім, здаецца, не хочацца глядзець туды, куды паказвае рукой гэты чалавек, але слухаюць яго ўважліва. I раптам яны ўбачылі нас.

Дзяўчаткі нават войкнулі ад нечаканасці. Чалавек глядзіць на дзядзьку Восіпа, потым прыветна ўсміхаецца і кажа:

   —  Здаровы былі, людцы добрыя! — і ступае колькі крокаў па траве ў наш бок, стаў, узіраецца ў майго дзядзьку і так здзіўлена, ціха кажа, — Іосіф Канстанцінавіч?..

Гляджу на дзядзьку. Каза тузае мяне за руку — усё памыкаецца ўбок, у траву, а трава тут, і на ўсёй гэтай прасторнай палянцы, густая, ядроная. Дзядзька глядзіць на чалавека спадылба і неяк насцярожліва, ціха адказвае:

   —  Так, Анатоль Хведаравіч... Добры дзень.

Чалавек абапіраецца на кіёк, пакулывае, падыходзіць да нас, працягвае дзядзьку руку. Дзядзька совае дазіметр у кішэню, працягвае руку. Яны моўчкі стаяць — рука ў руцэ. Хлопцы і дзяўчаткі ля палаткі маўчаць, глядзяць сюды. I тут іхні Анатоль Хведаравіч кажа майму дзядзьку:

   —  Я ўжо два гады як на пеней. Але ж нудна аднаму ў хаце, дык узяў урокі ў восьмым класе. — Ён, бачу, моцна сціскае дзядзькаву далонь. — Даруйце, Іосіф Канстанцінавіч, што я тады ў горадзе абазваў Вас манкуртам... З-за той гісторыі з таварыствам... — Яны разнялі рукі. — Мы ўсе ўжо становімся манкуртамі. Што зробіш, такі паганы час. Быў нядаўна ў Мінску, загаварыў у тралейбусе па-беларуску, дык збоку зашыпеў адзін: бэнээфавец. Я, кажу, не бэнээфавец, а беларус. А той зноў шыпіць. Дзякуй Богу, што ў гэтым лесе з дзецьмі можна і нагаварыцца, і нарадавацца адно аднаму... Во хацеў завесці свой клас у Чудзін, у Пярэвалкі, Рожан, паказаць ім сцежкі Сержпутоўскага, дзе збіраў ён казкі... А можа, і новае што запісаць... Як вы думаеце, Іосіф Канстанцінавіч, новыя казкі павінны быць?

Азваўся, нарэшце, і дзядзька Восіп:

   —  Павінны быць, Анатоль Хведаравіч.

   —  А як няма, то — будуць. Абавязкова будуць. I новыя песні людзі прыдумаюць. Адно што, можа, у новых песнях не ўспомняць пра Дунай-раку... Але і Прыпяць не памянуць.

   —  Народныя песні, — кажа дзядзька, — заўсёды самотныя.

   —  Бо — народныя.

Анатоль Хведаравіч уздыхнуў, азірнуўся назад:

   —  Ну, што вы там, дзеці, галовы павесілі? — Гэта ён сказаў нечакана бадзёра і засмяяўся.

I там, ля палаткі, дзеці ажывіліся, засмяяліся, дзяўчаткі, штурхаючыся, палезлі ў палатку, а хлопцы сталі барукацца, падаць у траву. Толькі адзін з іх, высокі, белавалосы, стаіць на месцы і глядзіць, глядзіць на мяне, на казу, потым ідзе сюды. I толькі тады, калі хлопец ішоў сюды, я апомніўся — гляджу: у руцэ маёй няма вяроўчыны, і каза ў баку спакойна скубе траву. Дзядзька Восіп у гумовых ботах і Анатоль Хведаравіч у тапцях пайшлі праз лес да рэчкі. Хлопец падыходзіць да мяне і кажа: