Ля царквы цвіў сіні і белы бэз, зелянела чысценькая трава, а ў царкве было цесна ад людзей. Дзед падвёў мяне да бацюшкі, які стаяў перад людзьмі ў сваім залацістым адзенні. Бацюшка пазнаў мяне, усміхнуўся, абняў мяне за плечы, потым даў мне выпіць з лыжачкі і перахрысціў мяне.
Калі мы ішлі з царквы, дзед паказаў кійком на балота за шашой: там з чорнай зямлі тырчаў шэрым крыллем хвост самалёта. Дзед сказаў што во нядаўна, сёння, калі мы былі ў царкве, у балота ўрэзаўся самалёт. На балоце рухаліся людзі. Дзед перахрысціўся ў той бок, і мы пайшлі.
На вікоўскім кладаўі ямнаўскія дзед, баба, дзядзькі і цётка Ганна, якая нас з Галяй у Ямнаўцы абшывала і абмывала, пабывалі толькі тады, калі немцаў прагналі на правы бераг Дняпра...
...Жанчыны памаглі бабе падняцца з ложка, выцерлі ёй твар мокрым ручніком і павялі пад рукі ў чыстую хату, падвялі да труны, баба пацалавала маму ў лоб, паплакала над ёй, бабу адвялі назад да ложка.
Да труны падышлі мужчыны, узялі яе на плечы і панеслі на двор, адтуль на вуліцу. Нас з Галяй прытулілі да сябе цёткі Маня і Зіна, і мы пайшлі побач з дзедам і дзядзькам Васілём за труной. За намі ішлі людзі.
На кладаўі труну паставілі на жоўты бугарок. Цётка Маня галасіла, кругом ціха плакалі, дзед выціраў вочы далонню, усхліпвала, уся дрыжучы, Галя. У мяне слёз не было, яны падымаліся недзе ўнутры мяне і ападалі зноў унутр. Нехта падвёў нас з Галяй да труны і сказаў ціха:
— Пацалуйце, дзеткі, маму.
Я пацалаваў маму, лоб яе быў халодны, бокам адышоў за людзей і пайшоў пайшоў між магілаў, крыжоў, дрэваў на край кладаўя. Потым пабег і пабег...
...Стаяла позняя восень. Аднае начы я прачнуўся на печы. Побач спала Галя, а ля сцяны падперла рукою галаву і глядзела з печы на хату цётка Зіна. Над сталом цьмяна гарэла лямпа, на куце за сталом сядзеў тата, ён сціснуў рукамі галаву, перад ім стаяла пустая шклянка, непачатая талерка халадцу. За сталом сядзелі дзед, дзядзька Ігнат, дзядзька Васіль, цёткі і незнаёмы мужчына ў куфайцы. Усе маўчалі. Тата раптам адняў ад галавы рукі, падняў вочы на мяне і так глядзеў, глядзеў на мяне, потым зноў сціснуў галаву рукамі. I мне так шкада стала яго, што ў мяне ажно слёзы пайшлі, і я скурчыўся ля трубы...
Калі я зноў прачнуўся, у хаце было цёмна і ціха, толькі на сваім ложку стагнала баба.
Раніцой я ўведаў што дзядзька Ігнат і мужчына прывозілі тату з лесу вярхом на кані. Яму доўга, пакуль не ачуняў ад ранаў ніхто не гаварыў пра маму.
Цёмным вечарам, праз два-тры дні пасля бацькі, людзі нашай вуліцы ўсе разам рушылі са сваіх хатаў у лес. Прыйшла чутка, што раніцай з Рагачова прыедуць немцы на аблаву. Людзі з клункамі сабраліся за Буднікавай аборай, ля самага лесу, падаў мокры снег, гэта быў тады першы снег, мужчыны стаялі купкай, раіліся, потым пайшлі ў лес, і ўсе — за імі. Цётка Маня несла на руках Галю. Бабу сярод клункаў везлі на санках, рыпела яшчэ некалькі санкаў. Кароў курэй, свіней не было — усё гэта нядаўна адабралі ў людзей немцы і паліцэйскія з Рагачова і ўзялі чужыя партызаны.
Снег падаў густы, адразу хаваў след. Усіх малых пасадзілі на санкі. Санкі за аглоблі цягнулі мужчыны і старэйшыя хлопцы.
Калі ў лесе пасвятлела, мы спыніліся на шырокай паляне. Мужчыны ўзялі з санкаў рыдлёўкі, сякеры, пілы, ламы. Валіліся дрэвы, на іх абсякалася сучча, бярвенне пілавалі, пасцягвалі па краі паляны. Потым сталі біць ламамі ў дол, капаць зямлю. Пад вечар сюды прыйшлі нашыя партызаны. Людзі запалілі кастры, грэліся, сушыліся, варылі, ціха гаманілі, спалі ля кастроў I на другі дзень капалі, цягалі бярвенне, мацавалі ім сцены вялізных ямаў Да новай ночы зямлянкі былі гатовыя. Нашую зямлянку дапамог зрабіць дзядзька Ігнат. Я чуў як ён ля агню казаў цётцы Мані: Вера вось-вось будзе раджаць. Баба сядзела блізка на кажусе і накрытая кажухом і скоса глядзела на дзядзьку Ігната...
На паляне мароз, у зямлянцы цёпла, натоплена. Галя сядзіць ля бабы, на яловых лапках. Ля ўваходу (а гэта проста шырокая, каб упаўзці Ў зямлянку і выпаўзці, дзірка, з бакоў яе асыпаецца жоўты пясок), дзе святлей, бо сена ў дзірцы крыху адвернута, цётка Маня латае мае штаны. Я ў старым падраным кажушку, у палатняных белых сподніках і ў валёнках сяджу ля цёткі.
Раптам уверсе, на паляне, сталі страляць, крычаць. Сена з уваходу рассунулася, і дзед сказаў нам уніз:
— Немцы!
Нехта вялікі, шырокі адштурхнуў дзеда ад дзіркі, ботам пхнуў сена ў зямлянку, наставіў аўтамат у зямлянку, крыкнуў:
— Выхадзі!