Выбрать главу

Мы з Кірэйшыным насыпалі, падымалі вышэй, абкладвалі зялёным дзірваном родныя магілы. У мяне тут ляжалі ў зямлі мама, дзед, баба, цётка Маня, дзядзька Васіль. Ладымірысе мы паставілі новы крыж — са смалістай сасны.

На другі дзень мы з дзядзькам Васілём пайшлі на Гусоўку — так завецца вуліца за алешнікам, за сажалкай. Там школа, ля яе, у садзе, чырвоны мураваны дом, у якім мы з мамай і татам жылі ў вайну. Гэта быў Бэркаў дом, да немцаў у ім жылі Шлёмка з Сарай і сынам Зямам, яны ўцяклі, як ішлі немцы. Калі ў Вікоўцы зноў адкрылася школа, а бацька прыйшоў з акружэння, мы сталі ў тым доме жыць, у адным пакойчыку. А ў трох пакоях стаялі немцы. У першы дзень, як яны прыйшлі ў дом, рыжы высокі немец даў мне і Галі цукерак у бліскучай паперцы і па кавалку пахкага хлеба. Гэты рыжы і яшчэ адзін потым павялі тату да машыны.

Мы з дзядзькам Васілём увайшлі ў дом. На падлозе валяліся пачкі з-пад цыгарэтаў, папера і было нас...на, смярдзела. Дзядзька Васіль плюнуў і сказаў:

— Паскуды! — Ён паадчыняў вокны, дзверы, у дом хлынуў свежы марозны вецер. — Паскуды! —паўтарыў дзядзька, і мы выйшлі на вуліцу.

Поле пачынала адтайваць, і ўжо можна было капаніцай калупацца ў зямлі. У кошыку гнілая бульба хутка зусім чарнела, мякчэла, і ад яе пахла сырой зямлёй. Цётка Маня мыла гнілушкі, выбірала з іх шэры крухмал і пякла на комінку чорныя аладкі.

Тым вечарам якраз і прыйшлі з лесу з-за Друці бацька, дзядзька Ігнат і цётка Вера, яна ўнеслі ў хату загорнутае ў анучы і коўдру дзіця. А ноччу прыйшоў, нарэшце, і дзядзька Пятро, аднекуль з далёкіх-далёкіх лясоў, ён не быў дома ад першай ваеннай восені, белавалосы, як і цётка Маня — з рабаціннем на твары. У яго на грудзях блішчэлі два медалі. Ён трымаў на каленях Галю, гладзіў мне даланёй па галаве, я сядзеў за сталом між ім і татам, усе сядзелі за сталом, над намі са столі гарэла лямпа, дзед у чыстай кашулі сядзеў на покуці пад іконамі, баба радаснымі і сумнымі слёзамі глядзела з ложка, дзед наліваў у шклянкі рыжую гарэлку, наліў і мне крышку. Самагонку дзед выкапаў з зямлі пад мостам. Дзядзькі і бацька добра выпілі. Дзядзька Пятро ўдарыў кулаком па стале, міскі і шклянкі зазвінелі, ён крыкнуў:

— Дзе вы Агапу дзелі! — I заплакаў, яшчэ ўдарыў кулаком па стале. — Дзе Агапу дзелі!

Дзядзька Ігнат быў нешта крыкнуў яму, але потым адразу махнуў рукой, яны з дзядзькам Васілём узялі яго пад рукі і павялі ў чыстую хату на ложак. Баба стагнала ў сваім кутку: «А дзетачкі мае...», дзед маўчаў, бацька схіліў галаву над сталом...

Раніцай у хаце было ціха. Усе дзядзькі і бацька пайшлі ў горад. К вечару яны вярнуліся дамоў, але не ўсе — дзядзьку Ігната ў горадзе арыштавалі. А яшчэ праз дні два-тры было так: дзядзькоў Пятра і Васіля забралі ў армію, бацьку пакінулі дома — рамантаваць школу...

Дзядзька Васіль вярнуўся вясной дамоў, калі нас з Галяй ужо завезлі ў Ямнаўку. У яго адкрылася рана на назе, нага стала гнісці, і ён памёр. Бацьку з Вікоўскай школы перавялі ў Свержанскую. Дзядзька Пятро пасля вайны стаў міліцыянерам у Мінску.

...У гняздо на старую бярозу — ля дзедавай хаты ў Ямнаўцы —і тою вясной не прыляцелі буслы. Можа, таму што, як і ў тыя ваенныя вёсны, унізе пад гняздом грымела і грымела шаша — машыны, танкі, калёсы, а над гняздом гудзелі і гудзелі жалезныя птушкі. Але аднойчы летнім вечарам, уж сонца чырвона спускалася далёка за Дняпро, з захаду, адтуль — з-за Дняпра, нізка над полем ляцеў бусел, стомлена ўзмахнуў крыламі на месцы і стаў на гняздо, паклаў дзюбу на спіну, заклекатаў.

Хлопцы збегліся пад бярозу. Грышка кінуў у бусла камень, але сілы ў Грышкі было мала, камень не дапяў нават да сярэдзіны бярозы. Хлопцы кінуліся да Грышкі, закрычалі на яго, нехта штурхнуў яго ў грудзі, і Грышка ўпаў у пясок.

Мы й не бачылі, што ля варотаў стаяў мой дзед, абапіраўся на кіёк і курыў Калі Грышка ўстаў з зямлі, дзед сказаў нам:

— I ў птушку, дзеткі, камень не кідайце, і на Грышку руку не падымайце. Чуеце?

Дзеда ўсе ў Ямнаўцы слухаліся. Ён усім малоў хлеб, хворым даваў на зелле мёду і казаў добрае слова, рабіў людзям аконныя рамы і рамы для абразоў.

Хлопцы сціхлі, глядзелі на бусла, толькі Грышка, апусціўшы галаву і шморгаючы носам пацёгся дамоў

Праз колькі дзён мы йшлі за Грышкавай труной на кладаўе. На шашы галасілі яго матка, сёстры, я бачыў, як каціліся слёзы па шчацэ Юрчанкі Мішы, гэта ён тады штурхнуў Грышку ў пясок. Мы гулялі ў вайну, я і Грышка былі «рускімі» і выскачылі на шашу ад кузні. Я перабег шашу. Калі я азірнуўся, Грышкі нідзе не было. Яго ўдарыла ваенная машына, адкінула назад на абочыну. Хлопцы беглі за намі, бачылі і казалі потым, што Грышка яшчэ быў прыўзняў галаву ад зямлі і махнуў рукой, тады ўвесь апаў, яшчэ торгнуўся нагамі і сціхнуў.