— Хлопцы, хадзіце сюды! — сказаў Сашка.
Соня расплюшчыла вочы і глядзела на нас, у іх было поўна слёз, але яны не цяклі з вачэй, стаялі ў вачах, і Соня быццам скамянела. Сашка спалохана паглядзеў на нас, на Соню, зноў на нас, азірнуўся вакол, сагнуўся перад Соняй, сашчапіў яе каленцы, выпрастаў на траве яе ножкі, вырваў з Соніных рук сукенку, нацягнуў яе на каленцы, дакрануўся рукой да яе белых зблытаных косак, ціха сказаў:
— Сонечка... ужо ўсё, усё... Сонечка, падніміся.
Соня была такая слабенькая заўсёды, а цяпер дык і зусім стала слабенькая — не магла падняцца, яна хацела падняцца, нават ручкай была ўперлася ў зямлю, каб было лягчэй падняцца, і не змагла, упала на бок, на сагнутую руку. Я не ведаў, што мне тут рабіць, хацеў памагчы Соні падняцца і не ведаў, як гэта зрабіць. Не ведалі і Жэнька з Мішкам. Але во Сашка рашуча ўзяў Соню пад рукі і паставіў яе. Соня стаяла, і вочы яе ўсё яшчэ былі поўныя слёз, але слёзы не цяклі з вачэй. I во яна пайшла, ціха-ціха пайшла ад нас, пайшла і пайшла, ні разу не азірнулася, па выгане, міма ліпы, аборы, да ручая, праз мосцік, берагам, адыходзіла і адыходзіла...
Ужо ніколі Соня не пайшла з намі ў шчаўе і не прыйшла да нас на выган. А перад вераснем да лазні пад'ехалі калёсы, на іх Сонін бацька злажыў лёгкі свой пажытак, торбу са струмантам, пасадзіў Соню, яна была ўсё ў той жа белай сукенцы, павесіў на дзвярах лазні замок, занёс ключ Барысу, сеў сам на калёсы. Уперадзе на сене сядзела і трымала лейцы нейкая тоўстая цётка ў чырвонай хустцы, яна тузанула за лейцы, сказала каню: «Но-о!»— аддала лейцы Сонінаму бацьку, і яны паехалі над ручаём, за алешнікам звярнулі на дарогу ў Збароў. Мы — Жэнька, Мішка, Сашка, я — стаялі на вуліцы ля плота, глядзелі, як аддаляюцца па дарозе калёсы, як уехалі яны ў лес, зніклі. Стаялі мы доўга і маўчалі.
Мне стала так жаласліва, так шкада чагосьці, што хацелася пакінуць хлопцаў тут, ля плота, і пайсці да ручая і ісці берагам — да лазні, сесці там на ганачку ля чорных дзвярэй, пад замком, і сядзець там усю ноч. Няма Соні. Скора прыедзе з Заходняй мой бацька і забярэ адсюль, з Вікоўкі, мяне, Галю, мачыху і мы паедзем кудысьці далёка. Жэнька, Мішка, Сашка будуць стаяць ля плота і глядзець мне ўслед, глядзець, як я знікну ў лесе...
Частка другая
Новае лета, першае лета далёка ад Ямнаўкі і Вікоўкі...
Штаны закасаныя вышэй каленяў сонца пячэ, мне так цяжка стала, што па спіне пот пайшоў, дастаю нагу з чорнай халоднай вады, стаўлю яе на купіну, купіна хістаецца і правальваецца пада мной у ваду, другую нагу кідаю на другую, побач, купіну, і яна хістаецца, і яна глыбока правальваецца, і я сам па пояс таплюся ў чорнай, густой, халоднай твані, хапаюся рукамі за купіны, удаецца падцягнуцца на руках з твані ўверх, паспяваю ўхапіцца за траву на шырокай і высокай купіне, яна не хістаецца, не тоне, сядаю на яе край, я ўвесь па шыю ў чорнай гразі, вада і пот сцякаюць па шчоках. Сяджу на цёплай купіне, ногі па калені ў твані, б’ю сябе рукой па шыі, па грудзях, плячах — б’ю на сабе куслівых слепакоў і аваднёў яны гудуць, таўкуцца перад вачыма, чапляюцца за вейкі. Раптам з возера, з-за блізкага чароту падзьмуў ветрык, ён пахне чаротам, цёплай вадой і рыбай, і я здагадаўся: мне трэба ў чарот. Паўзу па купінах, па гразі. Тут ужо слепакоў і аваднёў няма, бо чарот высокі, густы ды яшчэ й калышацца. Але сесці тут няма як — няма купінаў, чарот расце проста з вады. Але вада ўжо чыстая і цёплая, ногі чуюць цвёрдае дно, бачу белы пясок на дне, бліскучыя каменьчыкі ў ім, пальцамі ног чую ў пяску ракавіны — яны то гладкія, то вострыя. Нахіляюся, шукаю рукамі ў вадзе пад нагамі і дастаю ракавіны — цэлыя і цяжкія, чорна-шэрыя, і палавінкі ракавін — яны знутры сінявата-белыя, бліскучыя. I яшчэ многа на дне маленькіх, закручаных ракавінак, іх я бачыў і ў балоце на купінах. Цэлыя ракавіны кідаю па-над чаротам у возера, там недзе яны глуха плюхаюць у ваду. Стаю ў чароце, ужо аддыхаўся, мне ўжо лёгка і свежа, бачу над сабой, над чаротам трапятанне белых матылькоў, залаціста-сініх стракоз і лёгкі лёт белага пуху. Высока ў чыстым небе плавае, кружыць бусел. Нешта мякка ўдарыла мне па назе ў вадзе. Гляджу: з травы на дне тырчыць галава рыбіны, вочы з жоўтым абадочкам сочаць за маімі нагамі. Я варухнуў нагой — рыбіна знікла ў траве.
Я зразумеў: мусіць, стаю на падводнай выспе між балотам і возерам. Калі выспа цягнецца і цягнецца ўздоўж азёрнай глыбіні, то ёю, па мелкай вадзе, дайду да Жыгулянкі, туды, дзе рэчка, казалі, упадае ў возера. Атам на беразе ўкапаны драўляны стоўбік, а да яго ланцугом прывязана Сцёпава лодка. Мы са Сцёпам нядаўна скончылі чацвёрты клас, яго хата ад нашай цераз вуліцу. Ён сказаў мне, каб сам я, адзін, не йшоў на Жыгулянку, заўтра пойдзем разам з хлопцамі, але я заўпарціўся, тады Сцёпа сказаў, дзе ляжыць там, у чаратах, вясло.