Расхінаю рукамі чарот, цягнуся ў вадзе колькі крокаў і — зноў чорная вада. Ступаю ўперад раз, другі — цвёрдага дна ўжо няма, і я зноў патанаю ў халоднае і мяккае, купін&ў няма, адна чорная вада, чарот ужо ззаду, няма за што ўчапіцца. Тады я кладуся грудзямі на густую ваду, б’ю па ёй рукамі, ледзь выцягваю ногі з твані, варушу імі ў вадзе — і так паўзу ўперад. Сёння мне спаўняецца адзінаццаць гадоў. I мне трэба паўзці па гэтым балоце і вадзе ўперад — да Жыгулянкі, там будуць лодка і вясло, я сяду ў лодцы на дошку, распрануся, рассцялю мокрыя штаны і кашулю на дне лодкі ці павешу на борце, вазьму вясло ўрукі, адштурхнуся ім ад берага на возера — тады мне пойдзе дванаццаты год, я хвілінку патрымаю левай рукой апушчанае ў ваду вясло, прутка сцісну кулак правай рукі, сагну яе ў локці, напружу плячо, і тады між локцем і плячом у мяне вырасце цвёрды мускул — бо мне пайшоў дванаццаты год, — і гэтай правай рукой я, калі ступлю з лодкі на тым беразе возера і падыду да немцаў, з усяе сілы ўдару аднаго з іх — я адразу ўбачу таго, аднаго з іх, самага нямецкага немца, самага фашысцкага...
Грудзямі пачуў у вадзе купіну, затрымаўся на ёй, перадыхнуў, потым адштурхнуўся ад купіны, зноў папоўз па твані ўперад, у штанах, ля скуры, і ў кашулі, за пазухай, боўтаецца халодная гразёта, яна падае з далоняў, калі паднімаю рукі ўгору і апускаю іх у твань, ліпне на твар і ўжо нават засохла на лобе, а тут яшчэ тыя слепакі і авадні гудуць, круцяцца ля мокрых вачэй, але — давай, давай, яшчэ крыху, ну яшчэ кінь руку ўперад, штурхні нагамі твань, вунь зноў чарот, ён ужо блізка, там зноў будзе чыстая вада і плыткае дно...
Хапаюся знясіленымі рукамі за чараціны, падцягваюся, колькі хвілін ляжу грудзямі на вадзе і падмятым чароце, потым станаўлюся на дно, расхінаю чарот і бачу блізка лодку. Яна ўся чорная ад смалы, злёгку калышацца на вадзе, ціха бразгае ланцуг, на прыбярэжным грудку высокая трава, з яе ў ваду паскакалі жабы, нізка блішчаць і трашчаць стракозы, таўчэ ступу плойма машкары, б’ю даланёю па вадзе — і ад пырскаў стракозы з машкарой пырхнулі ў бакі.
Ступаю ад стоўбіка пяць крокаў і бачу ў траве канец вясла, цягну яго з травы. Знімаю з сябе мокрыя штаны і кашулю, паласкаю іх у чыстай вадзе і кідаю ў лодку, і сам увесь, з галавой, палашчуся ў возеры. Стаю на беразе і сціскаю кулакі, згінаю рукі ў локцях, напружваю плечы — між локцямі і плячыма на руках ускокваюць мускулы. Цяпер можна сесці ў лодку, узяць у рукі вясло. Развязваю на стоўбіку ланцуг і кідаю яго ў лодку, ён грыміць аб дно — з блізкага, па берагах Жыгулянкі, лазняку ўзлятаюць птушкі.
Вада між берагамі высокая, упоравень з берагамі, толькі па ціхай плыні відаць, што гэта — рэчка, што яна ў чаратах уплывае ў возера, а ў тым баку, адкуль яна цячэ, над ёй згусціўся лазняк, вецце яго тоне ў вадзе, а яшчэ далей, над рэчкай і лазняком, курчавіцца алешнік, яшчэ ж далей, над алешнікам, стаяць бярозы і сосны. Сцёпа казаў, што калі плысці лодкай па рэчцы, то праз гадзіны дзве даплывеш да шашы і тая шаша ідзе на Брэст і на Маскву, а калі праплысці пад мостам яшчэ з паўкіламетра, то будзе чыгунка, па ёй ідуць паязды таксама на Брэст і на Маскву. Сёння мне не патрэбныя ніякія там шаша і чыгунка, сёння мне трэба на той бераг возера, ён ледзь віднеецца ўдалечы няяснай, як у тумане, шэрай палоскай, вада там блішчыць пад сонцам, возера здаецца бяскрайнім і глыбокім, мне трэба пераплысці яго ў лодцы — на той, як у тумане, бераг. I нават то не бераг віднеецца, а лес ля нябачнага берага, то лес мроіцца як у тумане. Сёння мне трэба туды. Там немцы валяць лес і валакуць яго на бераг, потым яны зложаць бярвенне ў плыты і пагоняць плыты на гэты бераг. Але калі тое будзе — невядома, а мне ўжо карціць сустрэцца з немцамі. Гэты бераг — вунь ён управа, за балотам, па якім я ішоў, поўз і плыў, за чаратамі, што ля Панасюковага поплаву, ля агародаў, ля парку. Паміж паркам і нашай чорнапяскоўскай вуліцай — Юрздыкай — з шырокай, двухпавярховай камяніцы тырчыць у неба доўгая чорная труба, з яе валіць угору чорны дым, адтуль ажно сюды патыхае брагай, яе кіслы і рэзкі пах казыча ў ноздрах — брага з-пад дашчанай агароджы спіртзавода сцякае раўчуком у канаву і па ёй ідзе ў возера, таму паветра і вада пахнуць брагай. I ўсё — вада, чарот, паветра, лодка, вясло — пахне рыбай. Пад вечар на возера ў лодках выйдуць — брыгада з рыбгаса. Яны вывалакуць на бераг ля гародаў цяжкія сеткі, будуць насіць кашамі рыбу да палутаркі. Вечарам у наш дом да бацькі, дырэктара сямігодкі, прыйдуць мужчыны, прынясуць кош рыбы. Падвальны (так па-вулічнаму завуць загадчыка спіртзаводскага падвала) прынясе балён гарэлкі, мачыха на керагазе, на вялізнай патэльні будзе смажыць рыбу, мужчыны, не счакаўшы, пакуль яна насмажыць рыбы, нальюць па поўнай шклянцы, вып’юць, закусяць маладымі гуркамі з хлебам і соллю, рыпнуць дзверы, і ў хату ўсунецца тоўсты і высокі, на ўвесь праём у дзвярах, доктар, за ім убя жыць маленькі фінагент у сініх галіфэ, бліскучых ботах, з пашарпаным партфелем у руцэ, і гэтыя сядуць за стол, вып’юць, доктар крэкне, фінагент стане смаркацца ў насоўку і сіпла крычаць: «Усё з-за баб!