Усё з-за баб!» — і ўсе будуць хваліць мачыху за тое, што гэтак смачна пахне рыба, а бацьку за тое, што ў яго такая добрая гаспадыня, і мяне (я сяджу на крэсле, ля этажэркі, з кніжкаю ў руках) за тое, што многа чытаю, вось толькі Галю няма за што пахваліць цяпер — яна ў суседнім пакойчыку ляжыць хворая, мяне ж нават завуць да стала, доктар налівае мне ў шклянку крышку гарэлкі. Падвальны палажыў мне на плячо прапахлую спіртам валасатую руку і кажа: «Выпі, Толя». Усе стукаюцца шклянкамі аб маю шклянку, і я разам з імі выпіваю, разам з імі крыўлюся, кашляю ў кулак, бяру хлеб, гурок, макаю яго ў соль, закусваю. Худзенькі фінагент паспеў ужо ап’янець, смаркаецца ўжо не ў насоўку, а ў пальцы, кідае соплі на падлогу, кажа мне: «Ты харошый мальчык... мой сын тожэ харошый мальчык... тожэ можэт выпіць... Мы вот кагда былі мальчыкамі... не маглі піць... а потом на фронце і ў парцізанах научылісь... Мы, Толя, пабядзілі і патаму п'ем... і вы с намі пейце... Будзь здароў, Толя!.. Усё з-за баб!..» Я ап’янеў, бацька паглядвае на мяне спадылба і ўсміхаецца, і сам ён ужо п’янаваты, як і ўсе за сталом. Мачыха, нарэшце, ставіць на стол патэльню з рыбай, зноў наліваецца ў шклянкі гарэлка, і мы ўсе выпіваем. Я раптам паднімаюся з-за стала і выбягаю ў сенцы і на двор, лажуся на траву пад плотам і гляджу ў неба, яно кружыцца нада мной, і аблокі кружацца, і галава мая кружыцца, кружыцца хата, а ў хаце кружацца галасы і сярод іх кружыцца голас бацькі: «Ну, я крэпка б’ю немца па руке, пісталет у ево падает, бегу ў кусты, а ззадзі ўжэ страляют па мне і слышу голас её: Фе-эдзя! Фе-эдзечка! — патом голаса большэ нет... я ўлесу... Ну, а Каця тагда яшчо дзевушкай была. Да, Каця?» — і кружыцца голас мачыхі: «Ага, Федзя, дзевушкай была...» І ўжо я кружуся, кружуся, мне стала моташна, цела мае на зямлі здрыганулася, і з яго праз горла паляцелі гурок, хлеб, горкая вада. Доктар бярэ мяне на рукі, нясе ў хату і кладзе на канапу, усе рагочуць, і нехта кажа: «Дэржысь, Толя! Зяцем маім будэш...»
Сёння субота, дома ў бацькі вечарам, пасля заводскай лазні, абавязкова збяруцца мужчыны з рыбай і гарэлкай. Але сёння я прыйду дахаты позна, калі ўсе ўжо разыдуцца, — прыйду, можа, пад ноч, бо калі гэта я вярнуся з таго берага, хаця Сцёпа сказаў, каб лодку я сёння прывёў да берага ля гародаў блізка да хатаў...
Сяджу ў лодцы, махаю вяслом, плыву.
Пра ўсё, што зробіцца на свеце, першым у Чорньіх Пясках ведаў Сцёпа. На пачатку мая ён сказаў нам у школе:
— Хлопцы! За гозэро прыгналі немцаў. Палонныя. Воны там будуць рэзаць ліс. Потым дэрэво воны по гозэры пэрэгоняць сюды. А ўжэ одсіль ліс машыны повэзуць на станцыю, на Бронну Гору.
Семнаццацігадовы Кудака, якога настаўніца Вольга Іванаўна вучыла і ў вайну пры немцах, палажыў цяжкі свой кулак на белавалосую Сцёпаву галаву, і тая галава ажно ў плечы ўвайшла:
— Скуль ты гэто... ўзяў?
— Фінагент матэры казаў.
— Дак от гэты фінагент... моей матэры казаў... шо ходыць до твоей матэры.
Сцёпа б е худым кулаком Кудаку ў грудзі. Кудака злавіў Сцёпаў кулачок у сваю шырокую далонь, сціснуў яе і крутануў Сцёпаву руку. Сцепа войкнуў і абмяк, Кудака пусціў яго руку, сказаў:
— Цыц!
Але на Кудаку палезлі з кулакамі хлопцы, хлопцаў з дзесятак, і я таксама. Кудака ўсіх нас параскідаў вакол сябе, а маю руку ўзяў у сваю і кажа мне:
— Твой удар быў найкрэпшы. Хвайно ўдарыў пад рэбрыну, у мяне аж дых зайняло. Будэмо разом быты фінагента за тэ, што до Сцёпавай матэры ходыць... і за тэ, што ў моей матэры посліднёго рубля ўзяў.
— Гаўнюк! — крычу я яму.
— Цыц! А то скажу дырэкторові, шо сын его нэцэнзурно выражаецца.
— Не скажаш!
Кудака мне на вуха шэпча:
— Нэ скажу, Толя.
На вуліцы сціхла, і мы, і Кудака з намі, ідзём праз браму ў парк...
...Лодка пагойдваецца на вадзе, я махаю вяслом, плыву...
Сцёпаў бацька не прыйшоў з вайны. Плечы ў Сцёпы худыя, але рукі цэпкія, цягавітыя, гэтыя рукі летась ужо касілі на балоце, цягалі па купінах на жэрдках сена — ён спераду, каб не спатыкнуцца, матка ззаду. Сцёпа з маткай адны не накасілі б карове, але памаглі мужчыны-суседзі. Скора зноў трэба будзе касіць, я буду памагаць варочаць і грэбці сена, бо Сцёпа кожнай раніцы прыносіць нам малака. Сцёпа нядаўна навучыў мяне веславаць, правіць лодкай. Праз Сцёпу я адразу, як толькі той восенню бацька перавёз нас з Вікоўкі ў Чорныя Пяскі, у Заходнюю, паразумеўся з тым, як тут людзі гавораць — і калі б хто чужы на нашай Юрздыцы спытаў у мяне, дзе жыве Падвальны, я б сказаў: «Гэнь дэ го!»