...Сцёпа ці здагадаўся пра мой лёс, ці ўбачыў мяне ля акна — стаіць на сваім падворку, глядзіць на маё акно, потым выходзіць на вуліцу, ідзе крыху ўбок, пераходзіць вуліцу, хаваецца ў нашым вішанніку і раптам на кукішках з’яўляецца пад маім акном, ківае галавой, каб я, маўляў адчыніў акно. Сцёпа кладзе мне на падаконнік два дробненькія, зялёненькія, яшчэ калючыя гурочкі, шэпча:
— Немцы прыйшлі ў маёнтак. Будуць там жыць. Цяпер мыюцца. Каб ты бачыў якія ў іх трусікі. Аж яйцы тырчаць...
Сцёпа знікае ў вішанніку. Галя кашляе яму ўслед з-за вугла хаты, на двары кудахчуць куры, ціўкаюць кураняты. Галя нікому нічога не скажа.
Смачна трашчыць на зубах гурок, аднаго я пакідаю Галі. Бачу, ужо сышліся на вуліцы Сцёпа і Жора. Гэты Жора заўжды трымае рукі ў кішэнях штаноў — там у яго розныя жалезкі: ножыкі, запальнічкі, стужкі фолыі, адвёрткі... Да іх падыходзіць Валодзя, толькі ён адзін там у чаравічках. Нават вялікі хлопец Кудака стаіць па той бок брамы босы, чакае. Яму найбольш карціць дачакацца Валодзю, каб зноў паздзекавацца з яго: Валодзя з баптысцкай сям’і, ніколі слова брыдкага не скажа і слухаць брыдоцця не можа, вушы затыкае ці адыходзіць убок, калі Кудака, нават жартам, нарошкі для Валодзі, пачынае казаць тыя словы, кажа ды яшчэ цвыркае слінай праз зубы. Толькі ў Валодзевай хаце ды ў нашай няма іконаў. У Валодзевай на сценах прымацаваны кнопкамі аркушы з вучнёўскага сшытка, і на іх нешта напісана друкаванымі літарамі пра Бога. А ў нашай хаце на сцяне партрэты Сталіна і Варашылава.
Хлопцы ідуць паўз нашу хату, пазіраюць на мяне, знікаюць за шырокім ствалом таполі, выходзяць па той бок дрэва, пераходзяць масток, прападаюць за брамай. Дзверы ў браме з бразгатам расчыняюцца, выбягае Антэк, растапырыў пальцы рук, высалапіў язык, падняў галаву, панюхаў паветра, топнуў па зямлі доўгай худой нагою ў падранай штаніне і кінуўся за браму. Там, пад ліпай, усе яны спыняюцца ля Кудакі. Бачу, як Валодзя адразу адыходзіць убок. Кудака рагоча, і Антэк рагоча, ажно брыкае ў паветры нагамі. Хлопцы пайшлі пад ліпамі ў бок спіртзавода, у парк. У Сцёпы, Жоры, Валодзі, Кудакі чыстыя, белыя і блакітныя, кашулі — сёння ж свята. Толькі Антэк, як заўжды, ва ўсім брудным і падраным. Катажына нават ногі яму не памые, сам ён не ўмее.
Ля заводскіх баракаў да іх прыстануць яшчэ хлопцы, і тыя таксама будуць у святочных кашулях. Услед за хлопцамі ў парк пабягуць дзяўчаткі з баракаў у валасах іх сёння будуць сінія, белыя, жоўтыя, чырвоныя стужкі. Дзяўчаткі ў парку будуць перабягаць ад дрэва да дрэва, смяяцца з хлопцаў паказваць ім языкі, кідаць у іх чым папала: яловымі шышкамі, каменьчыкамі, сухімі галінкамі, грудкамі зямлі, — хлопцы доўга не будуць звяртаць на іх аніякай увагі, а потым не ўтрываюць і пагоняць дзяўчатак праз парк да чорных, топкіх канаваў дзяўчаткі будуць звонка смяяцца, шукаць кладкі, знарок падаць з іх у ваду, а ў той вадзе растуць белыя кветкі, дзяўчаткі стануць ірваць іх, хлопцы адстануць, сядуць пад дубам на пагорку і будуць гуляць у «ножыка». Але сёння, напэўна, яны дзяўчатак ганяць не стануць і пра «ножыка» забудуцца — будуць доўга глядзець немцаў...
З-за Сцёпавай хаты, з-за гародаў адтуль, дзе блізка алешнік, з двара Падвальнага чуецца песня. Нясуцца прарэзлівыя галасы мачыхі і Падвальнай: «Распрагайце, хлопцы, коней...» «Распрагайце» — так кажа-пяе мачыха, а «роспрягайтэ» — гэта Падвальная. Ім падцягваюць, гудзяць бацька, Падвальны, настаўнікі Шухалевіч і Мартусевіч. Доўга ўжо не будзе нашых дома, да позняга вечара.
65
Іду ў сенцы, там стаяць тры поўныя вядры —з паранай бульбай, мукой, перамешанымі з вадой. Па адным нашу вёдры пад дзверы хлява, парасяты пачулі вёдры і вішчаць, як іх там хто рэжа. У двары Падвальнага перастаюць пець — гэта бацька і мачыха хваляцца там, які я ў іх харошы, паслухмяны: во — чуеце? — панёс парасятам, паставіў вёдры, зараз адчыніць дзверы, во ўжо вылівае з вёдраў у карыта, у другое, ох, халера, лезуць проста ў вёдры, во аднаму даў палкай па баку, другому, трэцяму, во ўжо выліў, — чуеце? — хлебчуць...
— Га-аля! — гэта праз гароды нясецца на наш двор голас мачыхі. — Скажы То-олю, хай ужо бяжыць гуля-яе! Га-аля! I ты загані ў куратнік, то-ожа бяжы гуляй!
I зноў у двары Падвальнага пайшло пець, крычаць.
Я ўжо прабег за браму, ужо бягу пад ліпамі ля баракаў, а яшчэ чую далекаваты голас мачыхі: