Катажына не бачыць Антэка, які радасна бяжыць да яе, а калі азірнулася там, на ганку, і ўбачыла яго, ужо зусім блізка, схавалася, — бразнула дзвярыма перад Антэкам, ён ужо ступіў на ганак. Антэк тузаў за ручку дзверы, мычаў але дзверы не паддаваліся. Канваір падняўся з зямлі і, босы, падышоў да ганка, памахаў на Антэка кулаком, і той сышоў з ганка, выціраў рукой слёзы і ціха мычаў. Эрых паказваў на Антэка і канваіра рукой і нешта казаў немцам. Мне зноў сёння стала шкада Антэка, а цяпер стала чамусьці шкада яшчэ і канваіра. У Эрыха былі тлустыя рыжыя шчокі, і гэтыя шчокі смяяліся, і мне было крыўдна за босыя ногі канваіра, за падраныя анучы, якія ён сушыў на беразе возера, за яго змарнелы твар. Антэк ціха ішоў да нас, рэдка было такое, каб ён ціха йшоў, і ўсхліпваў, задыхаючыся, плакаў. Валодзя, а за ім Сцёпа і Жора, дасталі з кішэняў цукеркі ў бліскучых абгортках і працягнулі рукі з цукеркамі Антэку, ён перастаў усхліпваць, глядзеў на ружовы бляск у руках хлопцаў, потым склаў свае далоні ў прыгаршчы, хлопцы паклалі туды цукеркі, Антэк сабраў іх у адзін кулак, задраў галаву ўверх, нешта прамычаў, занёс доўгую і пруткую руку за спіну, размахнуўся і шпурнуў цукеркі высока і далёка ў бок маёнтка. Цукеркі доўга ляцелі, блішчэлі на сонцы, мы ўсе, і сам Антэк, нават перасталі дыхаць, нарэшце цукеркі ўпалі паміж белай сцяной і лаўкамі, на якіх сядзелі немцы, тыя здзіўлена азірнуліся, убачылі Антэка і нас пад дубам, сціхлі, потым Эрых нешта сказаў Ёгану. А тут раптам прарэзліва, на ўсё неба, на ўсё наваколле загудзела высокая заводская труба — гэта было шэсць гадзін. Катажына расчыніла акно, нешта сказала канваіру, той махнуў немцам рукой, яны падняліся з лавак і пайшлі ў дом. Комін ужо не дыміўся.
Я падняўся з зямлі, падышоў да Антэка, палажыў яму на плячо руку, хацеў нешта сказаць яму, але сказаў толькі адно:
— Антэк... Антэчак...
Мы пайшлі далей ад маёнтка, на край парку, да капліцы. Ніякай капліцы там не было, проста так звалі пагорачак, на якім з густой травы вытыркаліся рэшткі падмурка з чырвонай цэглы і камянёў — рэшткі капліцы, пасярод старых кустоў шыпшыны. Ад капліцы блізка да варотаў. Адсюль нават відны ржавыя жалезныя крукі ў мурах, што стаяць па абодва бакі дарогі. Ля капліцы мы сядаем на мураву і гуляем у «ножыка». 3 Жоравых ножыкаў выбіраем з самым важкім чаранком — такі ножык лёгка гуляе ў паветры. Кідаць ножыка я пачынаў яшчэ ў Ямнаўцы, пачынаў але не налаўчыўся, бо пасля гібелі ў ямнаўскіх гульнях двух нашых сябрукоў — аднаго на шашы пад машынай, другога ад міны ў кустах за вёскай — каму бацька, каму маці, а мне дзед забаранілі збірацца разам і гуляць...
Мая чарга. Антэк на каленях і руках стаіць ля мяне. Я адсоўваюся ад яго ўбок і тройчы кідаю-ўсаджваю ножык дзюбкаю ў зямлю, потым — правай рукой з кончыка кожнага пальца левай рукі, потым — з локця, з пляча, потым — назад, за спіну, тут у мяне не атрымалася: бяру дзюбку ножыка ў два пальцы, перакручваю яго над галавой, але ножык падае за спіной на траву плазам. Тады гуляе Сцёпа, ён сарваўся на плячы. За ім — Жора, ён сарваўся на першым пальцы. Валодзя ў «ножыка» не гуляе — нельга яму, баптысту, гуляць з нажом, бо нож таксама зброя, а ўсякая зброя пускае кроў. Ён сядзіць у баку ад нас і ўглядаецца ў птушку на шыпшыне. Тая птушка верціцца на галінцы і трывожна, адчайна верашчыць на нас. Валодзя кажа нам:
— У кусце гняздзечка. Пярэйдзема адсюль.
Мы паслухаліся Валодзю, бо ўсе на нашай Юрздыцы паважаюць яго бацьку, вельмі спакойнага, добрага і дужага чалавека, і пераходзім на той бок капліцы, сядаем на мураву, ля самай дарогі, насупраць варотаў. Я тут зноў адсоўваюся ад Антэка, рашуча кідаю ножык за спіну, азіраюся: ножык тырчыць у зямлі. Я кончыў гуляць. Але я бяру ножык зноў у руку і б’ю ім дзюбкай у зямлю, б’ю рашуча, хутка і не тры разы, а разоў дваццаць. Хлопцы здзіўлена маўчаць. Антэк перакуліўся з каленяў і рук на спіну і яшчэ перакуліўся, усхапіўся з зямлі, пабег і схаваўся за дрэвам. Чую Сцёпаў голас:
— Толя, а нашто гэтак?
Аддаю яму ножык і адварочваю галаву ўбок, бо чую, што па шчацэ ў мяне ідзе сляза...
Прайграў Жора. Антэк становіцца на калені і рукі ля Жоры і чакае — ведае, што цяпер будзе самае цікавае. Жора заплюшчвае вочы, але гэтага мала, і Сцёпа рукамі паварочвае Жораву галаву назад. Я падразаю кавалачак зямлі з травой, разраўноўваю ля яго, прыгладжваю траву, каб не было як убачыць той кавалачак. Жора паварочвае галаву, расплюшчвае вочы, Сцёпа паказвае яму ножыкам круг, у якім трэба шукаць. Жора шчыпае траву — раз, два, тры. Жора таго кавалачка ЗЯМЛІ не знайшоў. Сцёпа за пучок травы, як за валасы, дастае ў крузе грудку зямлі. Жора разяўляе рот, Сцёпа кажа яму: «Шырэй!» — Жора разяўляе рот шырэй і хуценька махае ножыкам перад ротам, а Сцёпа цэліцца зямлёй, робіць падманныя рухі, быццам ужо кідае, і раптам — гоп зямлю ў Жораў рот. Антэк ажно ўпаў на бок — так мычаў ад задавальнення. Жора доўга сплёўвае зямлю. Валодзя нахіляецца над травой, расхінае яе рукой, углядаецца і кажа — быццам нам, быццам сам сабе: