Выбрать главу

I во тут мне ўспомнілася іншая мурашыная сцежка, і таксама блізка ад могілак — кладаўя, як кажуць на маёй, далёкай адсюль радзіме, — блізка ад кладаўя, але кладаўя роднага, на тым узлеску, у рагачоўскім Падняпроўі, якое ў позняй сваёй маладосці з радасцю і болем пазнаваў у рамане Уладзіміра Караткевіча «Леаніды не вернуцца да зямлі», а яшчэ раней у апавяданні «Паром на бурнай рацэ» і легендзе «Ладдзя роспачы».

I ўжо ведаю: з той мурашынай сцежкі пачну нанова аповесць-успамін...

Частка першая

...Калі мужчыны ўзялі ў рукі рыдлёўкі і сталі засыпаць маму зямлёй, я пабег між магілаў між крыжоў на край кладаўя, у лес. Бег бы і бег бы, можа, далёка ўглыб лесу, не чуючы босымі нагамі шыгалля, сухіх шышак і галінак, але спатыкнуўся — пальцамі нагі зачапіўся за нешта вострае ў папаратніку і ўпаў на зямлю, толькі паспеў працягнуць уперад рукі, і ляжаў так, тварам уніз, доўга пякло ў збітых пальцах, а калі боль у іх крыху ачах — узняў галаву, азірнуўся: між пальцаў ужо спяклася кроў, а ззаду ў папаратніку тырчаў з імху маленькі востры пянёк. Сеў сашчапіў рукамі, паклаў галаву на рукі і сядзеў так. Чуў, як на кладаўі, далекавата ўжо, галасіла цётка Маня. Потым яна сціхла, і ўсё там і вакол мяне сціхла. I толькі тады я пачуў, як гудзе, звініць у мяне ў галаве. Я павярнуўся на бок і палажыў галаву шчакой на мох, ён быў ужо свежы, у лесе пачынала вечарэць. Але вочы я заплюшчыў не адразу, слухаў шчакой прахалоду і ўбачыў ля самых вачэй мурашак, яны сцішана завіхаліся перад вечарам на сваёй сцежцы ў імху, рухі іхнія былі стомленыя, яны, мусіць апошнія, вярталіся ў свой мурашнік. Але адна мурашачка заўзята цягалася з нейкай мушкай. Яны раптам зніклі, а разбудзіў мяне голас дзядзькі Васіля. Дзядзька быў зусім блізка і крычаў: «То-оля! То-оля!» Я ціха, праз сон азваўся. Дзядзька падышоў да мяне, нічога не сказаў узяў на рукі і панёс. У лесе было ўжо цёмна…

Праз шмат гадоў, калі я быў студэнтам і прыехаў да бацькі на летнія вакацыі, адчыніў я адно надвячоркам каморку ў сенцах, каб крыху спачыць там на канапе, у прахалодзе — пасля гарачага дня ў лузе. У кутку стаяла старая, ужо даўно хісткая этажэрка. На яе палічках стаялі запыленыя кніжкі — мае даўнія школьныя падручнікі, часопісы «Бярозка» і «Пионер», а на ніжняй паліцы ляжалі пажоўклыя сшыткі. Разам з сырасцю і цішынёй у твар мне дыхнула нечым далёкім і мілым, ажно нешта лёгка і светла закружылася ў галаве, і рукі мае самі пацягнуліся да тых сшыткаў. Я ўжо ведаў, што шукаў, і вось знайшоў той сшытак. Вокладка яго калісьці была сіняя, цяпер яна — жоўта-шэрая? Звычайны тоненькі сшытак з табліцай множання на апошняй старонцы вокладкі. А на першай старонцы яе — малюнак Крамля, а над ім дугою словы: «800-летие Москвы». Пад Крамлём па лінейках дзіцячай рукою было напісана, што сшытак па беларускай мове належыць вучню пятага класа Чорнапяскоўскай няпоўнай сярэдняй школы Кухараву Анатолю.

Няспешна гартаю сшытак. I вось тая старонка... Сядаю на канапу, і на мяне зноў наплывае здалёку той вераснёўскі дзень...

У клас уваходзіць Вольга Іванаўна — высокая, худая настаўніца, рыжавалосая, з бародаўкай ля носа, і з той бародаўкі расце адзін доўгі рыжы волас. Вучні шмат ведаюць пра сваіх настаўнікаў. I мы ведаем, што Вольга Іванаўна сюды, у Заходнюю, прыехала ў саракавым годзе з Усходняй. А такіх, і нас з бацькам, тут завуць «васточнікамі». Вольга Іванаўна выйшла замуж за чорнапяскоўскага ўчастковага міліцыянера, а той міліцыянер, як прыйшлі немцы, стаў паліцэйскім. Вольга Іванаўна, як і да вайны, пры немцах вучыла ў пачатковай школе, а калі зноў прыйшлі Саветы, мужыка яе пагналі ў Сібір, ёй жа дазволілі зноў вучыць, бо настаўнікаў не хапала і «ўчытэлямі», «учытэлькамі» працавалі нават тыя, хто кончыў чатыры польскія класы. Вольга Іванаўна з усіх настаўніц апраналася сама багата — бо сабе на спадніцы і сукенкі перашывала міліцэйскія і паліцэйскія штаны і кіцелі.

Палажыла на стол класны журнал, уперлася худымі вострымі кулачкамі ў свае худыя бакі і грозна сказала:

   —  А сёння вы будзеце два ўрокі пісаць сачыненне. Запішыце загаловак...

I сама напісала крэйдай на дошцы: «Гэта было ў гады Вялікай Айчыннай вайны».

   —  Напішыце пра тое, што вы самі зведалі, што перажылі або пачулі ад бацькоў ці ў вёсцы. Пішыце коратка і ясна. У канцы напішыце, што наш савецкі народ перамог пад кіраўніцтвам вялікага, мудрага, роднага Сталіна. Напішыце, што свабоду нашай беларускай зямлі прынёс вялікі рускі народ. I ў самым, у самым канцы напішыце, што жывём мы пад сонцам Сталіна. Усё. Пішыце!