Вольта Іванаўна сурова паглядзела на ўсіх нас, пакруціла пальцамі волас на бародаўцы, села на крэсла, палажыла пад сталом нагу на нагу. Я сядзеў за пярэдняй партай збоку ад стала і бачыў, што на адным калене ў Волыі Іванаўны панчоха парвалася і з дзіркі ў панчосе бялее скура.
I вось тады падняўся з-за сваёй парты Кудака — самы здаровы, самы старэйшы ў класе пераростак, яму сямнаццаць гадоў, з цяжкімі кулакамі, сядзеў па два гады ў класе, вучыўся ў Волыі Іванаўны яшчэ пры немцах, — падняўся і, спатыкаючыся на словах, басам сказаў:
— Вольга... Іва...наўна.. тэ самэ... вітэ...тады... тэ самэ... казалі... жывэмо... пад сонцам тэ самэ... Гітлера.
Кудака шмыгнуў носам, сеў за парту. Вольга Іванаўна маўчала. Мы, усе дваццаць пяць хлопчыкаў і дзяўчынак, аслупянела паніклі галовамі над партамі і спадылба лыпалі вачыма на настаўніцу. Яна сядзела і маўчала, нават не зняла пад сталом нагу з нагі. Потым вочы яе закаціліся пад лоб на хвілін пяць, потым выкаціліся назад, яна ўбачыла нас і пачула, і мы ўсе пачулі, што ў калідоры нехта адышоў ад дзвярэй нашага класа. Мы ведалі: гэта завуч на сваім рыпучым пратэзе і з кійком адышоў ад дзвярэй. Такім спосабам ён правяраў работу настаўнікаў.
I здарылася неверагоднае: замест таго, каб, як звычайна, грозна крычаць, біць кулачкамі па стале, пырскаць слінай на Ларысу і Іру за першай партай, потым выскачыць у калідор і прывесці ў клас дырэктара, майго бацьку, — Вольга Іванаўна спакойна паднялася з-за стала, ласкава ўсміхнулася нам і ціха сказала:
— Пішыце.
Два ўрокі ў класе было ціха як ніколі. Толькі на перапынку пасля першага ўрока задзіра, хаця і не надта дужы, Дзіма, сын дырэктара спіртзавода, пстрыкаў дзяўчатак і слабейшых хлопцаў па ілбе і казаў:
— Ага! Я велікій русскій народ! Пстрык цябе! Ага!
I ніхто яму нават не агрызнуўся, дзяўчаткі сарамліва чырванелі, а хлопцы толькі адмахваліся рукамі.
Кудака ўвесь першы ўрок прасядзеў за партай моўчкі, але ён нічога не пісаў А пасля ўрока выйшаў з класа і ў школу больш ніколі не прыйшоў Нават пакінуў у парце сваю старую торбу з кніжкамі і сшыткамі.
3 горада ў школу прыязджала начальства, і Волыу Іванаўну неўзабаве знялі з работы. Кудака пяць гадоў адслужыў мараком на Поўначы, вярнуўся ў Чорныя Пяскі, а праз месяц пайшоў у турму, кудысьці ў Сібір — да мужыка Волыі Іванаўны. Былая настаўніца пасадзіла свайго былога вучня — заявіла, што той яе згвалтаваў...
...Я сядзеў на канапе ў цёмнай каморы, успамінаў гаварыў сам з сабою, смяяўся і нудзіўся — так бывае падчас нервовага ўзрушання, а потым, калі зноў схіліўся над сшыткам і нічога ў ім не ўбачыў у цемры, пачуў, што па шчацэ коціцца слязіна, коціцца і падае на разгорнуты сшытак, нават чую, як яна ўпала, глуха стукнула ў паперу. I ведаю, што са столі звісае лямпа. Запальваю яе.
Сяджу на канапе, чытаю сваё даўняе, дзіцячае, шапчу:
«20 верасня 1948 года.
Гэта было ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Сачыненне.
Мы жылі ў вёсцы Вікоўка. Тата, мама, маленькая сястра і я. Блізка ад нас жылі дзед, баба, дзядзькі, цёткі. Мама была з вёскі Ямнаўка, за трыццаць кіламетраў ад Вікоўкі.
Тата служыў у Чырвонай Арміі. Калі пачалася вайна, тата выйшаў з акружэння дахаты. У час вайны ён быў настаўнікам у Вікоўцы.
Аднойчы ў пачатку восені 1943 года ў нашу хату прыйшлі немцы і павялі тату да машыны. Машына стаяла на вуліцы за сажалкай. I мама пайшла туды. Яна плакала. Мы з сястрой пабеглі за ёй. Алюдзі злавілі нас і завялі ў сваю хату. Мне тады было шэсць гадоў а сястры Галі тры.
Тату немцы пасадзілі ў машыну і зайшлі ў дом. Ля машыны стаяў немец з наганам у руцэ.
Мама падыходзіла да машыны. Тата паказаў ёй рукой, каб не ішла, каб уцякала. Але мама стаяла на месцы.
Тата моцна ўдарыў немца па руцэ. Наган упаў на зямлю. Тата выскачыў з машыны і пабег у кусты. За кустамі было поле, а за полем блізка лес. Калі ён бег па полі, па ім стралялі. Ён быў паранены чатыры разы, але ўбег у лес і папоўз. Немцы пабаяліся бегчы глыбока ў лес, бо там былі партызаны. Партызаны знайшлі тату на другі дзень. Муж бацькавай сястры дзядзька Ігнат залячыў яму раны. Тата стаў партызанам.
Немцы павялі тату да машыны, каб завесці яго ў Рагачоў, таму што тата быў партызанскім сувязным. Сказаў немцам пра гэта стараста. Стараста быў нашым суседам.
Калі немцы сталі страляць па тату, мама пабегла за ім і крычала, звала тату. Фашысты выстралілі ў яе і паранілі нагу. Мама ўпала. Да яе падбеглі паліцэйскія, укінулі ў балотную яму і засыпалі зямлёй.